Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упраўленьне ААН па правах чалавека гатова аказаць дапамогу ўладам Беларусі ў справе забесьпячэньня правоў чалавека.

Вітаючы вызваленьне з турэмнага зьняволеньня на мінулым тыдні двух лідэраў апазыцыі ў Беларусі, упраўленьне ААН па правах чалавека заклікала ўлады краіны прыступіць да працэсу дыялёгу з апазыцыяй і без усялякіх умоваў вызваліць усіх астатніх зьняволеных, якія адбываюць пакараньне за рэалізацыю сваіх асноўных правоў чалавека.

Многія з гэтых асобаў былі асуджаныя за тое, што былі ўцягнутыя ў падзеі 19 сьнежня 2010 года, калі, у асноўным мірныя, акцыі апазыцыі ў цэнтры Менску ўвечары ў дзень выбараў былі разагнаныя міліцыяй і сіламі бясьпекі.

Упраўленьне адзначае, што было арыштавана каля 600 прыхільнікаў апазыцыі, супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі і праваабаронцаў, у іх ліку — Андрэй Саньнікаў, адзін з кандыдатаў у прэзыдэнты і яго памочнік Зьміцер Бандарэнка. Больш за 40 з гэтых апазыцыйных лідэраў і актывістаў пасьля прысудзілі да турэмнага зьняволеньня. Самога Саньнікава суд прысудзіў да пяці гадоў турэмнага зьняволеньня, а Бандарэнку — да двух гадоў. На мінулым тыдні гэтыя двое асуджаных былі вызваленыя.

«Мы заклікаем урад Беларусі без усялякіх умоваў вызваліць усіх тых, хто застаецца ў турме за мірны ўдзел у падзеях 19 сьнежня, а таксама іншых праваабаронцаў, такіх як Алесь Бяляцкі, і актывістаў апазыцыі, такіх як Сяргей Каваленка», — заявіў прэс-сакратар Упраўленьня Рупэрт Колвіл на брыфінгу ў Жэнэве.

Ён дадаў, што ААН заклікае ўлады Беларусі прыняць захады дзеля таго, каб праваабаронцы і журналісты маглі свабодна выконваць сваю працу, не асьцерагаючыся запалохваньня і ціску. Прэс-сакратар сказаў, што Упраўленьне ААН па правах чалавека гатова аказаць дапамогу уладам у справе забесьпячэньня грамадзянскіх і палітычных правоў народа Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG