Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На паседжаньні Рады ЭЗ адбыўся «кароткі абмен меркаваньнямі» па Беларусі

абноўлена

23 красавіка ў Люксэмбургу праходзіць чарговае паседжаньне Рады міністраў замежных спраў Эўразьвязу. На ім адбыўся «кароткі абмен меркаваньнямі» па сытуацыі ў Беларусі.

Мая Кацыянчыч, прэсавы сакратар эўракамісара па міжнароднай палітыцы Кэтрын Эштан, сказала нашаму карэспандэнту ў Брусэлі: «Міністры коратка абмяняліся меркаваньнямі наконт апошніх падзеяў - у прыватнасьці, наконт вызваленьня двух палітвязьняў, спадара Саньнікава і спадара Бандарэнкі. Вы ведаеце, што [спадарыня Эштан] вітала гэтае вызваленьне, як першы крок. Але, вядома ж, Эўразьвяз заклікае да безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных».

Карэспандэнт: «Вы кажаце пра вызваленьне, але што наконт іх рэабілітацыі?»

Кацыянчыч: «Гэта таксама ўключае ў сябе аднаўленьне іх у правах».

Напярэдадні Кэтрын Эштан заявіла: «Перш за ўсё, я рада, што спадары Саньнікаў і Бандарэнка выйшлі на волю з турмы. Мы падтрымліваем зь імі сувязь. Я спадзяюся, гэта адкрые новыя магчымасьці для Беларусі. І гэта паказвае сілу Эўразьвязу і тое, што вельмі важна працягваць праяўляць цьвёрдасьць і захоўваць адзінства».

Швэдзкі міністар замежных справаў Карл Більдт заявіў напярэдадні паседжаньня Рады міністраў замежных спраў Эўразьвязу ў Люксэмбургу: «Той факт, што яны [беларускія ўлады – РС] вызвалілі двух палітычных вязьняў, можна толькі павітаць, але я думаю, што мы будзем умацоўваць нашае пасланьне, што ўсе палітвязьні павінны быць вызваленыя перш чым мы зможам зрабіць любыя далейшыя крокі. Аднак я спадзяюся, што гэта адбудзецца».

16 красавіка літоўскі міністар замежных спраў Аўдронюс Ажубаліс выказаў пажаданьне абмеркаваць у Радзе ЭЗ сытуацыю зь беларускімі палітзьняволенымі, якіх, як ён лічыць, улады павінны ня толькі памілаваць, але і рэабілітаваць, «а ня проста памілаваць і не рэабілітаваць, утрымліваючы чалавека на кручку».

Паводле беларускіх праваабаронцаў, у вязьніцах застаюцца яшчэ 13 палітзьняволеных.

Лукашэнка: «мы ціску ніякага не пацерпім»

21 красавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што лічыць магчымым вызваленьне палітвязьняў толькі калі яны напішуць прашэньне пра памілаваньне.

«І тыя, хто там застаўся і не напісаў гэты зварот на імя прэзыдэнта, яны будуць сядзець. Вось і ўвесь ціск. Ніхто на мяне тут не націсьне», — заявіў Лукашэнка журналістам 21 красавіка.

«Яшчэ адзін ціск, і тыя балбатуны, якія выйшлі, — павінны сказаць дзякуй, што зь імі так абышліся, — яны могуць зноў вярнуцца ў калёнію. Яны, напэўна, проста прагнуць гэтага. Больш сумленна было б ім прыйсьці да некага і намякнуць, і сказаць, што ўжо надакучыла на волі: «Мы палітвязьні, вярніце нас назад. Дзьве гадзіны — і яны ў калёніі».

Таму, заявіў Лукашэнка, «мы ціску ніякага не пацерпім». Ён адзначыў, што «раней, яшчэ ў мінулым годзе, ім было сказана, пры якіх умовах асуджаныя апазыцыянэры могуць выйсьці на свабоду», перадае Інтэрфакс.

«Таму справа ня ў ціску, што яны выйшлі на свабоду. Не напісалі б прашэньня аб памілаваньні, то сядзелі б дагэтуль».

Лукашэнка папярэдзіў, што «любы ціск бокам выйдзе».

«Яны (апазыцыя) кажуць: вось, націснулі, і таму паслоў упусьцілі. Мы, наадварот, паслам сказалі: хлопцы, вы паехалі — пабудзьце там. Паслы сёньня выказалі пажаданьне вярнуцца сюды, але трэба ж перавярнуць сытуацыю, каб нібыта захаваць твар».

Сэрыял «Вяртаньне амбасадараў»


20 красавіка «Расейская газэта» паведаміла, што амбасадары ЭЗ таемна вернуцца ў Менск цягам 10 дзён.

«Ніякага афіцыйнага абвяшчэньня тэрмінаў да ад’езду не плянуецца. Кіраўнікі місіяў прыедуць у Менск у атмасфэры строгай сакрэтнасьці, калі казаць пра прэсу, і ўжо потым на месцы пацьвердзяць, што вяртаньне адбылося», — цытуе выданьне чальца дэлегацыі адной зь эўрапейскіх краінаў, які напярэдадні ўдзельнічаў у сустрэчы дыпляматычных прадстаўнікоў краінаў Эўразьвязу ў Брусэлі.

Менавіта на гэтай сустрэчы, адзначае «Расейская газэта», была вызначаная дата вяртаньня дыпляматаў у іх рэзыдэнцыі ў Менску.

Крыніца таксама ўдакладніла, што вяртаньне адбудзецца цягам бліжэйшых дзесяці дзён.

Мая Кацыянчыч, прэсавы сакратар эўракамісару па міжнароднай палітыцы Кэтрын Эштан, заявіла, што амбасадары вернуцца «каардынавана, салідарна, то бок так, як яны пакінулі Беларусь».

Кацыянчыч не змагла назваць пэўную дату і час вяртаньня альбо пацьвердзіць нейкія тэрміны, калі гэта можа адбыцца.

Яна таксама адмовілася адказаць на пытаньне выданьня, калі будзе абвешчана аб вяртаньні паслоў: да або пасьля іх ад’езду ў Менск.

Расейскаму выданьню стала вядома, што афіцыйны Менск разглядае магчымасьць вяртаньня сваіх дыппрадстаўнікоў ў Варшаву і Брусэль, піша Інтэрфакс.

30 сакавіка ЕUobserver паведаміў, што паслы ЭЗ усё разам вернуцца ў Беларусь неўзабаве пасьля каталіцкага Вялікадня, «калі Аляксандар Лукашэнка за гэты час ня зробіць якіх-небудзь рэзкіх крокаў».

14 красавіка з турмы вызвалілі былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава. А на наступны дзень — чальца ягонай каманды Зьмітра Бандарэнку.

28 лютага амбасадару Польшчы ў Беларусі Лешаку Шарэпку і кіраўніцы прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Майры Моры афіцыйны Менск прапанаваў выехаць зь Беларусі ў свае сталіцы «для кансультацыяў». На знак салідарнасьці ўсе амбасадары краінаў Эўразьвязу былі адкліканыя зь Менску для кансультацыяў у свае краіны. Асноўнае патрабаваньне эўрапейскага боку да Беларусі — вызваленьне палітвязьняў. Беларускія ўлады, са свайго боку, адклікалі для кансультацыяў свайго сталага прадстаўніка пры Эўразьвязе і пасла ў Польшчы.

6 красавіка кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімер Макей заявіў, што ўлады Беларусі гатовыя да аднаўленьня дыялёгу з Эўразьвязам, але маюць намер дачакацца чарговага рашэньня Рады ЭЗ па беларускім пытаньні.

5 красавіка на нарадзе па пытаньнях зьнешняй палітыкі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што пытаньне аб вяртаньні паслоў будзе разглядацца ў пэрсанальным парадку: «Гэта была іх воля. Яны зьехалі, зьдзейсьніўшы дыпляматычны, палітычны крок. Яны зьдзейсьнілі пэўны дэмарш, які ў той час наносіў шкоду нашаму зьнешнепалітычнаму ведамству як мінімум і нашай дзяржаве як максымум. (...) Раз яны сябе так паводзяць, мы зь міністрам замежных спраў дамовіліся, што кожную краіну і кожнага амбасадара будзем пэрсанальна разглядаць у пляне вяртаньня ў Беларусь».

28 лютага афіцыйны Менск у адказ на чарговае пашырэньне санкцыяў супраць кіраўніцтва Беларусі адклікаў для кансультацыяў свайго амбасадара ў Польшчы і прадстаўніка пры Эўразьвязе. Апрача таго, беларускі бок прапанаваў амбасадарам Эўразьвязу і Польшчы ў Менску выехаць зь Беларусі для кансультацыяў. Пасьля гэтага прадстаўнікі краінаў ЭЗ дамовіліся адклікаць зь Менску сваіх амбасадараў для кансультацыяў.

Першапачаткова сьпіс беларускіх асобаў і кампаніяў, якія падпадаюць пад візавыя і эканамічныя санкцыі ЭЗ, быў зацьверджаны Радай ЭЗ 31 студзеня 2011 году пасьля масавых рэпрэсіяў у дачыненьні да апазыцыі, якія пачаліся сьледам за прэзыдэнцкімі выбарамі 2010 году.

Гэты сьпіс ня раз пашыраўся, цяпер у ім больш за 200 прозьвішчаў і звыш 30 прадпрыемстваў.

Праводзячы такую палітыку, Эўразьвяз дамагаецца ад беларускіх уладаў вызваленьня і рэабілітацыі палітвязьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG