Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Ганна Пазьняк


"Маці,1959 год". Здымак з кнігі Зянона Пазьняка "Глёрыя Патрыя".

"Маці,1959 год". Здымак з кнігі Зянона Пазьняка "Глёрыя Патрыя".

Сёньня прыйшла вестка пра сьмерць Ганны Яўхімаўны Пазьняк – маці Зянона Пазьняка. Ганна Яўхімаўна памерла, не дажыўшы некалькі дзён да свайго 90-годьдзя.

Згадваючы маці і свае дзіцячыя гады, Зянон Пазьняк пісаў так: “Асяродзьдзе, у якім праходзіла маё дзяцінства, – гэта асяродзьдзе віленскіх і суботніцкіх бацькавых (загінуў на фронце ў сьнежні 1944-га) і матчыных сяброў. Яны часта зьбіраліся ў нас. Маці ставіла на стол патэфон, слухалі музыку і размаўлялі. Я любіў гэтыя зборкі. Мне падабалася слухаць, пра што яны гаварылі: пра вайну, пра Вільню, пра даваенны час, пра бацьку і дзеда Яна, які выдаваў “Крыніцу” (у 1939 дзеда Яна арыштавалі і забілі бальшавікі).


Ганна Пазьняк, 1958 год. Фота Зянона Пазьняка

Ганна Пазьняк, 1958 год. Фота Зянона Пазьняка

Чытаць я навучыўся ў пяць гадоў, і бабуля “Маня” (Марыя Адамаўна) казала мне, што калі я вырасту, яна прывязе зь Вільні кнігі дзеда Яна, і я прачытаю пра ўсё. (Бібліятэкі дзеда я так і не знайшоў – НКВД зьнішчыў дазваньня). А маці паказвала мне “Зорачку” (дзіцячы дадатак да “Крыніцы”) і чытала адтуль надрукаваныя школьныя вершы дзядзькі Яся (мамінага брата), што загінуў у савецкім танку ў 1945-м:

Усюды ціха, усюды сумна,
Палі пустэчаю ляжаць,
І журавелькі ў паднябесьсі –
Абсяг, што вокам не абняць.

Гэта “Восень” (цытую па памяці)”.

Ад 1996 году Зянон Пазьняк знаходзіцца ў палітычнай эміграцыі за мяжой. Усе гэтыя гады ягонай маці апекаваліся ягоныя паплечнікі і сябры.

Юры Беленькі, выконваючы абавязкі старшыні КХП-БНФ: “Такая асоба, як Зянон Пазьняк, дзякуючы якому Беларусь прыйшла да незалежнасьці, была, у першую чаргу, сфармаваная маці – Ганнай Яўхімаўнай. Бацька Зянона Пазьняка загінуў на фронце ў 44-м годзе. Увесь клопат пра сына лёг на яе плечы. Я памятаю, як падчас паездах у Суботнікі, Ганна Яўхімаўна спакойна распавядала пра тыя часы, спакойна казала пра жахлівыя рэчы. Як на яе цяжарную настаўлялі вінтоўкі. Як пры адступленьні яны хаваліся ў касьцёле і закрыліся нейкай жалезнай накрыўкай, каля сходаў у сутарэньні. А немцы спрабавалі яе падарваць гранатай. Я бачыў бібліятэку ў Суботніках, якая была ў іхнай хаце. Гэтая бібліятэка была сабраная, канечне, і бацькам, і дзедам – Янам Пазьняком. Але маці – гэта чалавек, які замяніў і бацьку, і маці, і забітага бальшавікамі дзеда. Яна здолела перадаць і тыя патрыятычная пачуцьці, якія былі і ў бацькі, і ў дзеда. І ў той жа час здолела выхаваць чалавека адукаванага, чалавека зь вялікім сэрцам.


Алесь Чахольскі, Сяргей Папкоў і Юрась Беленькі разам з Ганнай Яўхімаўнай Пазьняк ля яе роднай хаты. Суботнікі, 2002 г.

Алесь Чахольскі, Сяргей Папкоў і Юрась Беленькі разам з Ганнай Яўхімаўнай Пазьняк ля яе роднай хаты. Суботнікі, 2002 г.

Але ў гэты дзень я хацеў бы сказаць словы падзякі Ганьне Яўхімаўне за тое, што яна зрабіла для Беларусі, за яе мужнасьць. Бо ня толькі ў часы ваеннага ліхалецьця, але і ў часы лукашызму ёй давялося шмат перажыць. Ці то падасланыя, ці то неразумныя людзі часам у краме ці на вуліцы казалі ёй нядобрае пра сына. Ёй трэба было гэта выслухоўваць. Яна гэта вельмі мужна пераносіла. Распавядала пра гэтыя здарэньні, але спакойна, шкадуючы тых людзей, якія казалі нядобрае. Яна разумела, што гэта хутчэй за ўсё ад недахопу розуму, ад недахопу ведаў”.

Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні КХП-БНФ: “Усё яе жыцьцё прайшло ў Суботніках, там яна нарадзілася, вучылася, выйшла замуж, нарадзіла і вырасьціла сына. Яна ўсё сваё жыцьцё аддала сыну. Яна была яму і маці, і сябрам. І вельмі чакала яна яго, увесь час, увесь час пыталася. І ўжо калі цяжка ёй было, калі хварэла, то ўвесь час пыталася, калі прыедзе. Яна разумела і ведала, чаму нельга прыяжджаць, гаварыла пра гэта, але маціна сэрца такое”.

Юры Беленькі: “Думаю, многія беларусы выказваюць шчырыя спачуваньні Зянону Пазьянку з нагоды вялікай страты для яго. Канечне, сёньня, калі Ганна Яўхімаўны ня стала, вельмі балюча ня толькі ад страты, але і ад таго, што яе сын, вялікі беларус Зянон Пазьняк, ня можа быць тут, каб правесьці яе ў апошні шлях. Можа, у гэтым ёсьць трагічная заканамернасьць – тыя людзі, якія найбольш любілі сваю айчыну, любілі сваю маці, не маглі аддаць ім апошнюю павагу. Так сталася і цяпер. Але я, як веруючы чалавек, веру, што сёньня яна побач з Госпадам”.

Грамадзянская паніхіда і разьвітаньне з нябожчыцай адбудуцца 23 красавіка з 9.00 да 11.00 у Залі рытуалаў па адрасе: Менск, вул. Альшэўскага, 12 (ст. мэтро “Маладзёжная”)”.

--------------------------------

РЭДАКЦЫІ ІНТЭРНЭТ-СТАРОНКІ РАДЫЁ «СВАБОДА»

Выказваю ўдзячнасьць за дабразычлівую інфармацыю пра пахаваньне маёй маці Ганны Яўхімаўны і ўсім чытачам за словы спачуваньня, выказаныя ў Сеціве.

24-04-2012 г. Зянон Пазьняк

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG