Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Члены Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ распаўсюдзілі нэкралёг і спачуваньні свайму лідэру.

У нэкралёгу гаворыцца:

“Пасьля цяжкой і працяглай хваробы памерла Ганна Яўхімаўна Пазьняк. Усяго некалькі дзён яна не дажыла да свайго 90-годдзя. Доўгае жыцьцё Ганны Яўхімаўны было часткай жыцьця нашага народу, зь якім яна прайшла праз дзесяцігодзьдзі народнай драмы 20-га і 21-га стагоддзяў. Да апошняга дня зямнога існаваньня яна захавала вернасьць роднай мове, любоў да беларускай зямлі і нашай культуры.


"Маці, 1959 год" Здымак з кнігі Зянона Пазьняка "Глёрыя Патрыя"

"Маці, 1959 год" Здымак з кнігі Зянона Пазьняка "Глёрыя Патрыя"

У людзей яе пакаленьня было мала радасьцяў, так склаўся наш народны лёс. Таму Ганна Яўхімаўна, як і многія іншыя беларускія жанчыны яе пакаленьня, высока цаніла і рупліва зьберагала тое сьветлае і сьвятое, што зьяўляецца каштоўнасьцямі нашага народу. Вайна забрала ў яе мужа і брата, якія загінулі ў змаганьні з фашыстоўскімі барбарамі. Нацярпелася яна і за часы маскоўскай акупацыі Беларусі. Са спадзяваньнем яна сустрэла аднаўленьне Незалежнасьці Беларусі ў 1991 годзе, зь верай у лепшую беларускую долю.

У змаганьні за канчатковае вызваленьне нашай Радзімы нам будзе не хапаць мудрых мацерак, такіх, якой была Ганна Яўхімаўна. Божа, прымі яе ў сваім Валадарстве.

Выказваем нашыя шчырыя спачуваньні Зянону Станіслававічу Пазьняку, сям’і і блізкім Ганны Яўхімаўны.

Грамадзянская паніхіда і разьвітаньне з нябожчыцай адбудуцца 23 красавіка з 9.00 да 11.00 у Залі рытуалаў па адрасе: Менск, вул. Альшэўскага, 12 (ст. мэтро “Маладзёжная”)”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG