Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Муніцыпальныя палітыкі Стакгольму заклікаюць адмовіцца ад паслуг TeliaSonera


Сёньня паслугамі гэтай буйнейшай тэлекамунікацыйнай кампаніі ў Стакгольме карыстаюцца дзясяткі тысячаў абанэнтаў, сярод якіх многія гарадзкія чыноўнікі ды палітыкі.

Прадстаўнікі гарадзкіх уладаў прапануюць не працягваць дагавору з TeliaSonera аб далейшых пастаўках яе тэхналёгіяў. Калі канцэрн не патлумачыць сваіх сувязяў зь беларускай дыктатурай ды сярэднеазіяцкімі аўтарытарнымі рэжымамі, паводле муніцыпальных палітыкаў, трэба ісьці на замену апэратара.

Як паведамляюць выданьне Svenska Dagbladet ды Швэдзкае радыё, з крытыкай на адрас супрацоўніцтва TeliaSonera са спэцслужбамі Беларусі, Азэрбайджану, Узбэкістану ды іншых постсавецкіх аўтарытарных краінаў выступае віцэ-мэр Стакгольму Мадлен Шостэд. Яна кажа, што надрукаваныя ў сёньняшняй Dagens Nyheter аргумэнты генэральнага дырэктара гэтай паўдзяржаўнай швэдзка-фінскай кампаніі Ларса Нюбэрга, выклікаюць у яе вялікі недавер.

“Нюбэрг адзначае, што, маўляў, фірмы, якія робяць бізнэс на тэрыторыі іншых краінаў, не павінны парушаць мясцовых законаў. Але ж гэтыя аргумэнты разьлічаныя на каменны век. Падобных дыскусіяй я ня чула ўжо гадоў 30-40”, адзначае стакгольмскі віцэ-мэр.

Паводле яе словаў, “шакуе тое, што кампанія ігнаруе накіраваныя на абарону спажыўцоў прынцыпы CSR (сorporate social responsibility – карпаратыўная сацыяльная адказнасьць), што зусім непрымальна для пастаўшчыкоў. А паколькі сярод акцыянэраў кампаніі – швэдзкая дзяржава, адказнасьць за парушэньні правоў чалавека ў той жа Беларусі кладзецца і на швэдзкі ўрад”.

Мадлен Шостэд лічыць мэтазгодным перагледзіць сам працэс закупак паслугаў тэлекамунікацыйных кампаніяў і заклікае мэра горада Даніэля Хэлдэна надалей выстаўляць абавязковыя патрабаваньні для пастаўшчыкоў зь гледзішча правоў чалавека.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG