Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калякін: Зрынаньне сатрапа Леніным актуальнае і для Беларусі

  • БелаПАН

Сяргей Калякін

Сяргей Калякін

Прыкладна 20 прадстаўнікоў Беларускай партыі левых "Справядлівы сьвет" сабраліся на плошчы Незалежнасьці ў Менску, каб ускласці кветкі да помніка Ўладзіміру Леніну, які нарадзіўся 22 красавіка 1870 году.

На плошчы знаходзіліся супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Ускладаньню кветак яны не перашкаджалі, аднак папярэдзілі лідэра партыі Сяргея Калякіна аб недапушчальнасці правядзеньня несанкцыянаваных мерапрыемстваў.

Як заявіў Калякін, святкаваньне дня нараджэньня Леніна не разыходзіцца з курсам на мадэрнізацыю партыі, які быў абвешчаны на апошнім зьездзе і зьвязаны ў тым ліку са зьменай назвы (раней — Партыя камуністаў Беларуская).

"Для беларусаў Ульянаў-Ленін зьяўляецца вялікім чалавекам. Калі б яго не было, мы сёньня зьяўляліся б губерняй або Паўночна-Заходнім краем Расейскай Фэдэрацыі", — сказаў ён.

Калякін упэўнены, што "толькі дзякуючы нацыянальнай палітыцы Леніна, якая заключалася ў тым, што ён выступаў супраць аўтаноміі, мы і сталі самастойнай дзяржавай". Апрача таго, Ленін — гэта чалавек, які ў ХХ стагодзьдзі "ажыцьцявіў найвялікшую рэвалюцыю, зрынуў сатрапа, ліквідаваў самадзяржаўе". "І сёньня гэта актуальна для Беларусі. Мы рухаемся да самадзяржаўя і можам да яго хутка прыйсці. Таму нам трэба вывучаць працы Леніна і ўсё, што было зьвязана з тым, што ён рабіў у 1917 годзе", — сказаў Калякін.

Раніцай кветкі да помніка Леніну ўсклалі таксама прадстаўнікі іншых левых і камуністычных арганізацый.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG