Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Францыі выбіраюць прэзыдэнта


У Францыі 22 красавіка праходзіць першы тур прэзыдэнцкіх выбараў. Два галоўныя супернікі – кандыдат ад Сацыялістычнай партыі Франсуа Алянд і дзеючы прэзыдэнт Нікаля Сарказі. Шмат у чым зыход выбараў будзе залежаць і ад таго, колькі галасоў атрымаюць кандыдаты ад вельмі левых і ўльтраправых сіл.

"Сарказі – заяц, Олланд – чарапаха". З героямі байкі Лафантэна двух галоўных кандыдатаў параўноўвае французскі штотыднёвік "Экспрэс". Сапраўды, кандыдат-сацыяліст пачаў сваю перадвыбарчую кампанію некалькі гадоў таму, а дзеючы прэзыдэнт – толькі некалькі тыдняў таму. У апошнія месяцы, у той час як Франсуа Алянд ўпарта працаваў на тое, каб захаваць за сабой месца лідэра, Нікаля Сарказі да апошняга мяняў правілы гульні, выступаючы то ў ролі прэзыдэнта, то ў ролі кандыдата. Як лафонтэнаўскі заяц, ня гледзячы на сваю актыўнасць, Сарказі можа вельмі лёгка прыйсці да фінішу толькі другім, папярэджвае "Экспрэс".

Паводле дадзеных апытанняў грамадскай думкі, суадносіны сіл паміж двума супернікамі ў першым туры выбараў прыблізна роўныя, але зь нязначнай перавагай на карысць Франсуа Алянда.

А вось у другім туры кандыдат-сацыяліст можа значна апярэдзіць дзеючага прэзыдэнта. За Франсуа Аланда гатовыя прагаласаваць 54% выбаршчыкаў, а за Нікаля Сарказі – толькі 46%. Як адзначае шэраг палітолагаў, калі Алянд выйграе ў першым туры, то яго перамога ў другім – справа практычна вырашаная.

Многае будзе залежаць і ад таго, колькі галасоў атрымаюць два іншыя кандыдаты – Жан-Люк Мэляншон, кандыдат "Левага Фронту" (кааліцыя францускай Камуністычнай партыі і Левай партыі) і кандыдат ультраправага "Нацыянальнага фронту" Марын Ле Пен. У другім туры частка гэтых галасоў можа дастацца, у першым выпадку, Франсуа Алянду, у другім – Нікаля Сарказі. Паводле дадзеных апошніх апытанняў, за Жан-Люка Мэляншона гатовыя былі прагаласаваць 15% выбаршчыкаў, а за Марын Ле Пен – 16%.

Кандыдат-цэнтрыст Франсуа Байру можа разьлічваць на 11% галасоў. У другім туры частка яго выбаршчыкаў будзе галасаваць за Сарказі, частка – за Алянда. Астатнія кандыдаты – кандыдат ад партыі "Эўропа-Экалёгія-Зялёныя" Эва Жалі, антыкапіталіст Філіп Путу, трацкістка Наталі Арто, незалежны правы кандыдат Нікаля Дзюпон-Энян і кіраўнік партыі "Салідарнасьць і прагрэс" Жак Шэмінад – могуць набраць толькі ад 1 да 2% галасоў.

Яўка выбаршчыкаў на выбарах 22 красавіка можа аказацца рэкордна нізкай. Паводле розных прагнозаў ад 25 да 32% выбаршчыкаў могуць не прыйсці на выбарчыя ўчасткі. Самая нізкая яўка на прэзыдэнцкіх выбарах была зафіксавана ў 2002 годзе, тады не пайшлі галасаваць 28% выбаршчыкаў. Палітоляг Паскаль Пэрыно тлумачыць прычыны нізкай яўкі на хвалях радыёстанцыі RTL:

”У чым прычына такой нізкай яўкі? Справа ў тым, што нізкая яўка становіцца ў большай ступені прыкметай пратэстных настрояў, чым прыкметай абыякавасьці выбаршчыкаў. Многія французы выбіраюць паміж двума тыпамі палітычнай стратэгіі. Альбо яны галасуюць за пратэстныя сілы – вельмі левых або ўльтраправых. Альбо яны байкатуюць скрыні. І ў гэтым выпадку ўстрыманне ад галасаванне становіцца спосабам выказаць свой пратэст, сваю незадаволенасць, – упэўнены Паскаль Пэрыно.

Тое, што пратэстныя настроі ў грамадстве моцныя як ніколі і французы гатовыя галасаваць за так званых антысытэмнх кандыдатаў, пацьвярджае посьпех кандыдата "Левага фронту" Жан-Люка Мэляншона. Яшчэ некалькі месяцаў таму за рэвалюцыянэра ў нязменным чырвоным гальштуку гатовыя былі галасаваць ня больш за 5%, а паводле дадзеных апошніх апытанняў, такіх ужо 15.

Ня выключана, што галасаваньне 22 красавіка можа прынесьці і шэраг сюрпрызаў. Бо каля 30% выбаршчыкаў не маглі вырашыць да апошняга, за каго яны аддадуць свой голас.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG