Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?

Ад аўтара

Аўтар дзякуе ўсім, хто дасылае ўдакладненьні, заўвагі і парады. Яны бяруцца пад увагу і будуць улічаныя пры падрыхтоўцы кнігі да друку.

Між тым з часткай заўваг аўтар ня можа пагадзіцца, бо мае свой погляд на тое, што бачыў на судзе і пра што даведаўся, вывучаючы акалічнасьці справы. На гэтыя заўвагі аўтар гатовы адказаць і абмеркаваць іх, калі кніга будзе надрукаваная.

Працягваем аналіз «завалаў» афіцыйнага сьледзтва


Цалкам справядліва палкоўнік у адстаўцы Ўладзімер Барадач зьвяртае ўвагу на тое, што бомба 2008 году, на якой знайшлі адбіткі пальцаў Канавалава, адрозьніваецца ад бомбы 2011 году, якая выбухнула ў менскім мэтро. Былы прафэсійны дывэрсант разважае лягічна: калі ты навучыўся нешта адно рабіць дасканала, навошта рызыкаваць, выдумляючы новае? Проста паўтары ранейшае. Другі аргумэнт Барадача: бомба-2011 зроблена зь менш магутнай выбухоўкі, таму больш аб’ёмная. Калі Канавалаў навучыўся рабіць «кісу» і мае пад рукой тратыл, навошта яму зьвязвацца зь неэфэктыўнай выбухоўкай з салетры? Зноў бы зрабіў маленькую бомбачку з тратылу, уклаў бы ў пакунак умоўнага «Садочку», які можна незаўважна пранесьці і пакінуць у вагоне мэтро — бах, і гатова. Але тэрарыст чамусьці ўскладняе сабе задачу, вырабляючы іншую, аб’ёмную выбухоўку, да таго ж карыстаецца іншай схемай прывядзеньня бомбы ў дзеяньне — празь бяздротавы званок. Але наколькі прынцыповыя гэты адрозьненьні?

Афіцыйная экспэртыза іх і не аналізуе. Экспэрты параўноўваюць бомбы з тымі запісамі, якія былі знойдзеныя ў падвале Канавалава пры ператрусе. Паводле экспэртаў, наяўнасьць брызантных выбуховых рэчываў, у тым ліку «кісы», у бомбе-2008 не адпавядае запісам Канавалава. І мэханізм падрыву там быў ужыты іншы — у сапраўднай бомбе быў гадзіньнік, а на схеме ў Канавалава пазначаны транзыстар.

Затое бомба 2011 году, паводле экспэртаў з расейскага ФСБ, цалкам адпавядае той схеме, якую нібыта змаляваў з інтэрнэту Дзьмітрый Канавалаў. Прычым адразу за дадзенымі гэтай экспэртызы сьледзтва прадставіла суду экспэртызу почырку Канавалава і запісаў у сшытку. Аказалася, што рука адна і тая ж. А цяпер згадаем, з чым параўноўвалі экспэрты гэтыя запісы: з рэальнай бомбай 2011 году ці з тымі рэшткамі, якія ад яе засталіся? Так, менавіта з апошнім. І, паводле экспэртаў, на станцыі мэтро знайшлі сьляды тратылу і алюмініевай пудры. Аднак гэта яўна супярэчыць сьледчаму экспэрымэнту з удзелам Канавалава. Такія рэчывы, паводле яго, у згаданай бомбе не ўжываліся. Ён мог схлусіць? Дапусьцім. Але чаму тады сьледзтва ня высьветліла, адкуль ён мог узяць тратыл? Тое самае і з алюмініевым парашком. У падвале Канавалава яго не знайшлі — толькі сьляды парашку на місцы. Але калі ён ужываў алюмініевы парашок у бомбе, то яўна не адзін грам, а значную колькасьць, інакш бы не было сэнсу. Зноў жа: дзе браў? Чаму ня высьветлілі?

І, нарэшце, пра бяздротавы званок «Космас», які нібыта быў выкарыстаны для ініцыяцыі бомбы. Як сьцьвярджае Ўладзімер Барадач, ягоны знаёмы дзеля экспэрымэнту браў у кішэню пульт ад такога званку і ў гадзіну пік пасылаў сыгнал, стоячы на «мосьціку» станцыі мэтро «Кастрычніцкая». У гэты час другі знаёмы, са званком у кішэні, прымаў сыгнал, стоячы на месцы выбуху. Сыгнал не даходзіў. Хто са сьледчых праводзіў такі экспэрымэнт? Чамусьці пра гэта невядома. Застаецца самому паўтарыць экспэрымэнт знаёмага Ўладзімера Барадача. Вось толькі ў мэтро цяпер затрымліваюць нават пасьля фатаздымкаў, а ня тое што падчас нейкіх падазроных дзеяньняў. Дый умовы там зьмяніліся — на «мосьціку» зьявілася плястыкавая агароджа, якая перашкодзіць сыгналу.

Можна пагадзіцца са спадаром Барадачом таксама вось у чым: незразумела, чаму Канавалаў рабіў для мэтро зусім інакшую бомбу, чым раней. Сьледзтва ўвогуле не задаецца такім пытаньнем. Маўляў, Канавалаву падабалася рабіць усё болей складаныя рэчы, шукаць іншыя варыянты, ён па прыродзе быў вынаходнік, дастаткова таленавіты, хоць і жудасны. Ёсьць жа відэа, знойдзенае ў фотаапараце Канавалава. Ён сам зьняў, як празь бесправадны званок узрывае зарад, прымацаваны да дрэва. У адзін з кадраў трапіў палец Канавалава, калі той трымаў фотаапарат. Добра. Магчыма. Самародак, а з пальцам прамахнуўся, бывае. Але сапраўды, што прымусіла Канавалава вырабляць зусім новую выбухоўку, зь якой непазьбежна ўзьнікнуць новыя праблемы?





Калі верыць блізкай да сьледзтва крыніцы, зь якой размаўляла карэспандэнт Інтэрфаксу Юлія Качубей, Канавалаў перад тым, як да яго прыйшоў міліцыянт Грышман наконт адбіткаў пальцаў, цягам некалькіх дзён рабіў у падвале выбухоўку для будучай бомбы. Яго нібыта напалохаў пазоў у міліцыю, каб прайсьці дактыляскапію, ён узяў бальнічны і тэрмінова вырабляў «кісу», якую потым скарыстаў для дэтанацыі, а таксама асноўную выбухоўку на аснове салетры. Між тым і палкоўнік Уладзімер Барадач, і ўкраінскі экспэрт Уладзімер Захматаў кажуць, што для падрыву асноўнай выбухоўкі з салетры такога аб’ёму мусіў быць яшчэ адзін дэтанатар, апроч «кісы». Хутчэй за ўсё — тратыл. Тым больш што расейскія экспэрты знайшлі на месцы выбуху ў мэтро сьляды тратылу, хоць Канавалаў на допытах пра тратыл нічога не казаў.

Нават калі б суд пагадзіўся, што Канавалаў абышоўся для дэтанацыі адной «кісай», усё роўна ў ягоных паказаньнях на сьледчым экспэрымэнце было тое, што мусіла насьцярожыць. Там ён казаў пра адзін дэтанатар, які уторкнуў у адну з бутляў. А як выбухнула другая? Ад першай? Між тым адмыслоўцы сьцьвярджаюць, што ў такім разе выбух быў бы інакшы, выбухоўка з другой бутлі збольшага згарэла б, а не ўзарвалася, а значыць — агульная моц выбуху значна б зьнізілася. Калі Канавалаў такі добры падрыўнік і вынаходнік, ён мусіў гэта прадугледзець і зрабіць два дэтанатары — для кожнай з бутляў.

Суд, аднак, ня стаў разьбірацца ў такіх «нюансах». Быў ці ня быў і адкуль мог узяцца тратыл? Ці хапіла б аднаго дэтанатара з «кісы» на дзьве бутлі выбухоўкі? Ці дастаткова глыбока ўторкнуў Канавалаў свой самаробны дэтанатар, каб выбухоўка спрацавала, а ня «пыхнула»?


Вячаслаў Харанека: «На відэа я бачыў свой цень»


Вядомы спартовец, пацярпелы ў справе тэракту Вячаслаў Харанека распавёў аўтару, каго ён бачыў на лесьвіцы перад выбухам, што памятае пра момант выбуху, што ў яго пыталіся сьледчыя і чаму ён ня выступіў у судзе як сьведка.

«Ух, шмат разоў ужо пра гэта распавядаў. Ведаеце, у мяне блізарукасьць. Гэта потым, калі мне паказалі відэа і сказалі, што вунь жа ён перад вамі стаяў, я пагадзіўся, што магчыма. Але нагаворваць на чалавека, калі я дакладна ня ведаю, не перакананы... Я проста не запомніў яго. Я запомніў жанчын, якія побач са мной зьлева стаялі. Яны перашкаджалі маёй прасторы, торбу там паставіць — вось іх я запомніў, калі чакаў свайго сябра. І гэтых дзьвюх жанчын я потым пазнаў на відэа. Памятаю, як адна запытала другую — «Чаго ты так позна?», яны пацалаваліся і сышлі. І неўзабаве быў выбух. А ці знайшлі гэтых жанчын сьледчыя, я ня ведаю. Вось пра хлопца, які зьбег па лесьвіцы, як цяпер вядома, насустрач сваёй сьмерці, ведаю, што гэта сын вядомага спартоўца, Раман Капцюх. Дакладна не скажу, што я яго бачыў, але што нехта якраз прабег па лесьвіцы перад выбухам, гэта памятаю. А што было перада мной, не асабліва памятаю. Я хоць і стаяў тварам ад пераходу, сьпіной да цягніка, але думаў пра будучую сустрэчу з чалавекам, увесь час круціўся, чакаў, калі пад’едзе цягнік.



У сам момант выбуху мяне як быццам нешта ўратавала, быццам ногі падкасіла, бо калі б я пачаў прысядаць пасьля хлапку, то мяне б там ужо нішто б не ўратавала. Той ашчэпак мармуру, пэўна, зьнёс бы мне галаву. А так ён проста пайшоў па плаўнай траекторыі. А яшчэ ўжо перад самым выбухам, калі пад’ехаў цягнік і людзі выходзілі, я хацеў на некалькі ступеняў спусьціцца і паглядзець, ці там гэты чалавек, якога я чакаў, можа ён адтуль прыехаў. Чаму не спусьціўся, дагэтуль ня ведаю. Бо калі б спусьціўся хоць на пару ступеняў, мяне б нічога не ўратавала. Бо туды вельмі шмат ашчэпкаў паляцела.

Спачатку мяне выклікалі да сьледчых, я ўсё распавядаў, што памятаю, што бачыў. Дэманстравалі відэа. Сябе я там не ўбачыў, бо не патрапляў у агляд камэры, але бачыў сваю цень. І тых жанчын, якія стаялі побач, пазнаў на відэа. Асабіста я не сумняваюся, што гэта відэа менавіта з таго месца і зьнята як раз перад выбухам. Перад судом мне прыйшла позва, але я тады праходзіў ужо як пацярпелы і меў права адмовіцца. То бок я прыехаў у суд у першы дзень і напісаў заяву, папрасіў судзьдзю, каб мяне больш не выклікалі, а зачыталі мае паказаньні са сьледзтва, якія я цалкам пацьвярджаю. Мяне спыталі, чаму. Патлумачыў, што хачу гэта забыць. Хаця ну як такое забудзеш? Але, як такія ўспаміны ўзьнікаюць, то пачынаю сябе адчуваць не ў сваёй талерцы, усяго ажно трасе. Пры гэтым я пэрыядычна сачыў за працэсам і ведаю, што там адбывалася«.


Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі

Частка 2

Экспэрымэнт, якога не было

Чаму няма ключавога відэа зь менскага вакзалу?

Іван Шыла пра Канавалава: «Ён мог зрабіць гэты выбух»

Чытач: «Асноўнае відэа — высокапрафэсійная падробка»

Адбіткі пальцаў і біялягічнае рэчыва

Працяг дзіўнага экспэрымэнту

Хто са сьведак пэўна апазнаў Канавалава?

Ахоўнікі



Частка 1

Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «Vest»

Забойчы доказ

Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?

Бомбы

Што было ў падвале Канавалава?

Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»

Экспэртызы і сьледчыя экспэрымэнты

Навошта?

«Яму заўсёды падабаліся выбухі»

Ці здаровы Канавалаў псыхічна?

Схільны да самагубства?

Судзьдзі і сакратаркі

Як Канавалаў сабраў бомбу

Ханжанкоў: Беларускі сындром

Пульт і паражальныя элемэнты

Пракуроры

Роля Ўладзіслава Кавалёва

З допыту Кавалёва ад 29 красавіка

Лёс рэчавых доказаў

Сумнеўныя абставіны і доказы, якія выклікаюць недавер

Пацярпелыя і публіка

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG