Лінкі ўнівэрсальнага доступу

22 красавіка — Дзень Зямлі


Кадар зь фільму «Адзін дзень на Зямлі»
Кадар зь фільму «Адзін дзень на Зямлі»

У многіх краінах сьвету 22 красавіка адзначаецца Дзень Зямлі, мэта якога — прыцягнуць увагу грамадзтва да экалягічных праблем.

Упершыню акцыя пад назовам Дзень Зямлі была зладжаная ў ЗША ў 1970 годзе. І толькі ў 2009 годзе Генэральная Асаблея надала Дню Зямлі статус мінародны статус і пастанавіла адзначаць яго штогод 22 красавіка. Як гэты дзень адзначаецца ў Беларусі?

Пра існаваньне Дня Зямлі ведаюць хіба што беларускія эколягі, «зялёныя». Прадстаўніцтва грамадзкага аб’яднаньня «Экадом», якое ўваходзіць у экалягічнае таварыства «Зялёная сетка», Іна Жызьнеўская кажа:

«Ёсьць такая дата ў эка-календары, але гэта ня тое, што шырока адзначаецца ў Беларусі нават экалягічнымі арганізацыямі. „Час Зямлі“, які праводзіцца 31 сакавіка і зьявіўся 5 гадоў таму, гэты Дзень Зямлі, так бы мовіць, адсунуў на другі плян. У гэтым годзе ў нас зьявілася магчымасьць з партнэрамі, якія трансьлююць фільм „Адзін дзень Зямлі“ ва ўсім сьвеце, зрабіць гэта таксама ў некалькіх гарадах Беларусі — У Менску, Берасьці, Горадні. Можна сказаць, што мы толькі пачынаем. У сьвеце ён адзначаецца, а ў Беларусі — толькі самы пачатак».

Яшчэ адзін беларускі эколяг Яраслаў Бекіш цалкам салідарны зь Інай Жызьнеўскай:

«У Беларусі раней гэты дзень, наколькі я ведаю, адзначаўся вельмі млява. Толькі грамадзкія арганізацыі за гэтым стаялі. Сёлета я ведаю пра два мерапрыемствы: гэта паказ гэтага фільму „Адзін дзень Зямлі“, які ладзіцца ў розных гарадах Беларусі. А другое мерапрыемства арганізуе Цэнтар экалягічных рашэньняў. У Парку Горкага будзе акцыя, зьвязаная з энэргазьберажэньнем, з роварамі».

«Адзін дзень на Зямлі» (One Day on Earth) — гэта першы досьвед дакумэнтальнага кіно, якое была зьнята за адзін дзень — 10 кастрычніка 2010 году — практычна ва ўсіх краінах плянэты. Больш за 19 тысяч чалавек ўдзельнічалі ў здымках гэтага ўнікальнага дакумэнтальнага праекту. Рэжысэры сабралі і прагледзелі больш за 3 тысячы гадзін відэаматэрыялаў і адабралі найлепшыя кадры.

«Спадзяюся, што людзі ўбачаць, наколькі вялізны наш сьвет, які ён моцны, а часам — які небясьпечны. І як заўсёды, ён цудоўны! Мы хочам, каб людзі зразумелі, як шчыльна пераплеценыя нашы жыцьці», — адзначыў рэжысэр стужкі Кайл Рудзік.

Сюжэты зь Беларусі таксама ўвайшлі ў гэты фільм. Яраслаў Бекіш выказвае такое меркаваньне:

«Можа быць, мы таксама трапілі ў гэты фільм? Бо 10.10.10 — гэта быў дзень, так бы мовіць, кліматычных дзеяньняў, і ў нас была вельмі цікавая акцыя. Мы лавілі маладых каля ЗАГСу, давалі ім ўсялякія парады, прылады, экалягічныя падарункі. Разам з амбасадай Брытаніі мы гэта рабілі. Вось мне падказваюць, што фільм зьняты па матывах гэтай акцыі...»

Няхай гэта застанецца сакрэтам — пра што канкрэтна распавядае фрагмэнт фільма «Адзін дзень на Зямлі» зь Беларусь. Бо ўсясьветная прэм’ера заплянаваная на нядзелю, 22 красавіка і адбудзецца ў 170 краінах сьвету.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG