Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў. Талака ля памятнага знаку Цішку Гартнаму


Памятны знак Цішку Гартнаму
Памятны знак Цішку Гартнаму

21 сакавіка ў Магілёве Таварыства беларускай мовы правяло талаку ля памятнага знаку Цішку Гартнаму, што ў Пячэрскім лесапарку.

Дзесятак актывістаў зьбіралі сьмецьце ля сымбалічнага месца пахаваньня літаратара й першага старшыні беларускага савецкага ўраду Зьмітра Жылуновіча. Ён скончыў жыцьцё 12 красавіка 1937 году ў магілёўскай вар’ятні.

Доўжылася талака паўтары гадзіны.

Удзельніца талакі Аляксандра Падалінская: «Я тут недалёчка жыву, як іду з аўтобуса, то падыду сюды, патрымаюся за гэты знак, пакланюся яму. Вунь кветак насадзіла. Такія справы рабіць неабходна, каб продкі нам зь нябёсаў спрыялі. У мяне ёсьць свой кавалачак зямлі, дык вось нельга ў зямельку насеньне кідаць да той пары, пакуль магілкі продкаў не прыбярэш і не папросіш у іх дапамогі».
Талакоўцы
Талакоўцы

Удзельнік талакі Алесь: «У нас жа прынята на Радаўніцу прыбіраць магілкі. Мы да сваіх ужо зьезьдзілі. Цяпер трэба каля гэтага помніка прыбраць. Я сюды першы раз прыехаў. Я ня тое што актывіст такі актыўны, але ж турбуе мяне гісторыя наша. Крыўда, што вуліцы ў Магілёве названыя імёнамі невядомых савецкіх дзеячаў, падпольшчыкаў, камуністаў, а вось нашыя беларускія назвы можна пералічыць на пальцах адной рукі».

Назваць адну з магілёўскіх вуліц імем Зьмітра Жылуновіча ўлады зьбіраюцца некалькі гадоў, аднак, калі гэта адбудзецца, невядома. Тым часам ад псыхіятрычнай лякарні, у якой Жылуновіч ці то скончыў жыцьцё самагубствам, як сьцьвярджаюць савецкія гісторыкі, ці яго забілі супрацоўнікі НКВД, як заяўляюць беларускія незалежныя дасьледнікі, засталося некалькі будынкаў. Два зь іх старыя. Сама вар’ятня рэарганізаваная.
Адзін з ацалелых будынкаў магілёўскай вар’ятні.
Адзін з ацалелых будынкаў магілёўскай вар’ятні.

У ляску, дзе ўсталяваны знак Цішку Гартнаму, як сьцьвярджаюць мясцовыя жыхары, забівалі за саветамі чэкісты, а за немцамі — гестапа. Раскопкі тут не праводзіліся.

Прыкладнае месца пахаваньня знайшоў кіраўнік магілёўскага аддзяленьня «Мартыралёгу Беларусі» Валянцін Ермаловіч. У 1989 годзе на гэтым месцы паставілі памятны знак.
Непадалёк ад памятнага знаку Гартнаму — дзьве магілы расстраляных фашыстамі камуністаў. Камуністаў фашыстам выдалі мясцовыя жыхары.
Непадалёк ад памятнага знаку Гартнаму — дзьве магілы расстраляных фашыстамі камуністаў. Камуністаў фашыстам выдалі мясцовыя жыхары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG