Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка: Будуць мянцець языкамі — вернуцца туды


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота.

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка лічыць магчымым вызваленьне палітвязьняў толькі пры ўмове напісаньня імі прашэньня аб памілаваньні.

«І тыя, хто там застаўся і не напісаў гэты зварот на імя прэзыдэнта, яны будуць сядзець. Вось і ўвесь ціск. Ніхто на мяне тут не націсьне», — заявіў Лукашэнка журналістам 21 красавіка.

«Яшчэ адзін ціск, і тыя балбатуны, якія выйшлі, — павінны сказаць дзякуй, што зь імі так абышліся, — яны могуць зноў вярнуцца ў калёнію. Яны, напэўна, проста прагнуць гэтага. Больш сумленна было б ім прыйсьці да некага і намякнуць, і сказаць, што ўжо надакучыла на волі: «Мы палітвязьні, вярніце нас назад. Дзьве гадзіны — і яны ў калёніі».

Таму, заявіў Лукашэнка, «мы ціску ніякага не пацерпім». Ён адзначыў, што «раней, яшчэ ў мінулым годзе, ім было сказана, пры якіх умовах асуджаныя апазыцыянэры могуць выйсьці на свабоду», перадае Інтэрфакс.

«Таму справа ня ў ціску, што яны выйшлі на свабоду. Не напісалі б прашэньня аб памілаваньні, то сядзелі б дагэтуль».

Лукашэнка заявіў, што, разглядаючы іх прашэньні, зыходзіў з гуманных меркаваньняў:

«Не было б гэтага малога, а ў другога не захварэла б сьпіна, а ён там ужо рачком хадзіць ня мог, а поўзаў, праўда, тут як выйшаў, дык пабег, я б, можа быць, нават не рэагаваў на іх просьбы. Добра, няхай будуць у сваіх сем’ях. Але будуць мянцець языкамі — вярнуцца туды».
А то бандзюг выпусьцілі, а нармальныя людзі ў засьценках марнеюць.

Кіраўнік краіны таксама адзначыў: «Непрыгожа прэзыдэнту гэтым займацца, трэба заканчваць. Гэтых выпусьцілі, а 20-30 тысяч зьняволеных такія льготы не атрымалі. Гэта нармальна, гэта справядліва з боку прэзыдэнта? Не, несправядліва. Таму ў бліжэйшы час, да Дня незалежнасьці, можа быць разгледжана пытаньне аб правядзеньні амністыі».

«Я буду прымаць рашэньне аб вызваленьні цэлага шэрагу, можа быць, 2-3 тысяч асуджаных, хто нармальна сябе паводзіць. Так будзе справядліва. А то бандзюг выпусьцілі, а нармальныя людзі ў засьценках марнеюць», — сказаў Лукашэнка.

Ён папярэдзіў, што «любы ціск бокам выйдзе».

«Яны (апазыцыя) кажуць: вось, націснулі, і таму паслоў упусьцілі. Мы, наадварот, паслам сказалі: хлопцы, вы паехалі — пабудзьце там. Паслы сёньня выказалі пажаданьне вярнуцца сюды, але трэба ж перавярнуць сытуацыю, каб нібыта захаваць твар».

«У мяне дзясятак авечак, мы іх ужо два разы стрыглі»


Лукашэнка заявіў, што існуючыя фінансава-эканамічныя праблемы на шэрагу прадпрыемстваў будуць вырашаны, і там ня варта баяцца якіх-небудзь сацыяльных узрушэньняў:

«Я нічога не баюся, мне баяцца няма чаго. Я чалавек рашучы, мне губляць няма чаго. Калі чагосьці і баюся, то толькі меркаваньня народа, маіх выбаршчыкаў. Калі працоўны чалавек кажа, што нешта ня так, то я на гэта рэагую. Як я рэагую, вы ведаеце».

«Усіх на руках больш насіць ня будзем. Ёсьць прадукцыйнасьць працы — забірайце грошы ў заробак. Больш ніхто ў краіне пустыя грошы друкаваць ня будзе. Да чаго вядзе друкаваньне грошай, вы ведаеце, адчуўшы збольшага падчас фінансава-эканамічнага крызысу. Гэта губіць усялякую вытворчасьць, калі людзі атрымліваюць незаробленыя грошы».

Кіраўнік дзяржавы заявіў пра неабходнасьць больш хуткага рэфармаваньня стратных, праблемных прадпрыемстваў. У якасьці прыкладу ён прывёў камвольны камбінат у Менску:
У мяне дзясятак авечак, мы іх ужо два разы стрыглі, мы атрымалі велізарную колькасьць воўны. Гэта самыя лепшыя авечкі ў сьвеце.

«Мы адновім гэтую вытворчасьць, адбудуем камвольны камбінат».

Ён адзначыў, што ў зьвязку з гэтым пастаўлена задача адрадзіць авечкагадоўлю:

«Закупім самых сучасных авечак. Я гэта праэкспэрымэнтаваў у сябе на фэрме. У мяне дзясятак авечак, мы іх ужо два разы стрыглі, мы атрымалі велізарную колькасьць воўны. Гэта самыя лепшыя авечкі ў сьвеце, яны выдатна сябе адчуваюць, і цяпер мы па ўсёй краіне так зробім», — заявіў Лукашэнка.

Такое ж рэфармаваньне чакае мотавелазавод.

«Мы сёньня не асабліва ламануліся»


«Што тычыцца працы чыноўнікаў, студэнтаў, вайскоўцаў, фізычная праца — гэта карысна. Праца ў нас сядзячая, і таму трэба варушыцца», — заявіў Лукашэнка журналістам пасьля ўдзелу ў суботніку.

«Мы сёньня не асабліва ламануліся — трошкі папрацавалі. Я рады, што папрацавалі, паглядзелі адзін аднаму ў вочы. Вочы — сьветлыя».


Лукашэнка: У нас, як у перадавых краінах Эўропы

Аляксандар Лукашэнка не выключае, што да канца 2012 году заробкі могуць падвысіцца яшчэ ў некалькі разоў, перадае БЕЛТА.

«Яшчэ пару разоў у гэтым годзе (адчуваю, эканоміка нармальна працуе) мы выйдзем на павышэньне заробкаў. Такое павышэньне магчыма толькі пры нармальнай працы эканомікі, высокай прадукцыйнасьці працы. Упэўнены: цягам гэтага году мы зраўняемся і дасягнём прыкладна таго сярэдняга ўзроўню заробкаў, што ў навакольных».

«У нас, як у перадавых краінах Эўропы»


«Дурных грошай ніхто ня плаціць. Але заробак, напрыклад, у нафтавікоў — каля 800 даляраў у месяц, БелАЗ, МАЗ, МТЗ, машынабудаваньне — звыш 500 даляраў, да 700 даляраў у некаторых. А пачыналася з 300. Таму паціху падцягваемся».

«Вось, кажуць, у Расеі заробак у паўтара разу вышэйшы. Разумееце, як лічыцца гэтая зарплата? Ёсьць, напрыклад, алігарх зь мільярдамі даляраў, а ёсьць звычайны селянін, які практычна нічога не атрымлівае. У кучу склалі, падзялілі, атрымалі сярэднюю. А хто гэтую сярэднюю зарплату мае? У нас гэта раўней. У іх адзін да трыццаці, прыкладна, разьбежка па заробку паміж самым бедным і самым багатым, а ў нас адзін да трох, адзін да чатырох, так, як у перадавых краінах Эўропы, у лепшых краінах, напрыклад, у Швэцыі. Гэта таксама трэба ўлічваць», — сказаў Лукашэнка і пры гэтым папрасіў ўлічваць і ўзровень цэнаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG