Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Не выпендрывайся! Пішы нармальна!»


Анка Ўпала і Юля Цімафеева на прэзэнтацыі кнігі

Анка Ўпала і Юля Цімафеева на прэзэнтацыі кнігі

Саюз Беларускіх пісьменьнікаў распачаў новую выдавецкую сэрыю «Пункт адліку». Яе складуць дэбютныя кнігі маладых аўтараў.

Прыдумалі і прапанавалі сэрыю кіраўніцтву СБП Юлія Цімафеева, рэдактар інтэрнэт-часопісу перакладаў «Прайдзісьвет» і літаратар Павал Анціпаў.

Юлія Цімафеева: «Ёсьць такая праблема, што маладыя аўтары ня могуць выдаць свае кнігі. Выдавецтвы якраз зацікаўленыя ў тых аўтарах, якія маюць імя. Другую кніжку выдаць прасьцей, чым першую — заявіць пра сябе. Таму мы вырашылі паспрыяць тым аўтарам, якія ўжо ня першы год пішуць і па ідэі мусілі б выдаць другую кніжку, але яшчэ і першай ніяк, як кажуць, „не разродзяцца“. І вось мы паспрабавалі гэтым сваім „Пунктам адліку“ распачаць прыватны пункт адліку кожнага зь іх».

Юлія кажа, што аўтараў сэрыі таксама выбіралі па «прыватным рэйтынгу». У чымьсці давялося пераконваць старэйшых літаратараў, а за некаторыя тэксты прыйшлося і пазмагацца. Але ўсе задаволеныя вынікам супрацы.

Распачаць сэрыю даручылі Алене Казловай, якая піша пад псэўданімам Анка Ўпала. Яе кніга «Дрэва Энталіпт» ужо пабачыла сьвет і была прэзэнтаваная днямі ў Менску. Анка Упала піша ў іранічна-абсурдысцкай манеры, ня самай звыклай для беларускай літаратуры. Нездарма у 2007 годзе яна выйграла конкурс імя Данііла Хармса ў Санкт-Пецярбургу. Вось так гучыць верш Анкі Упалы «Красный дзень календара»:

«Первая Мінская пціцэфабрыка
Паздраўляет усех са сьветлым празьнікам Пасхі.»
А?!
Какаво?!
Палучыць паздраўленьне ад пціцэфабрыкі!
Я савецкія пацерала навыкі,
А вот, на! Палучы паздраўленьне па радзіва!

Яйкі пакрасіла? Не?! Ну, і дура!
Усе ж красяць краснай лукавай шалухой,
Парань з выбрытай, дзед па возрасьце лысаю галавой.
Пасха на первава мая, сьвятая!

Красная пасха, пракцічаскі с лозунгамі, трудавая!
Картошку сеяць на магі, мама.
Ў дзень труда грэх трудзіцца, пасядзім дома.
Пціцэфабрыке первай спасіба скажам
За яйца, за патрасаюшчых курыц,
За чалавечаскае вніманіе.

Анка Упала: «Мабыць, на мяне паўплываў Джон Ленан зь яго апавяданьнем „Nicely Nicely Clive“. Мне вельмі яно калісьці спадабался, калі я прачытала яго па-ангельску. Ленан там гуляецца са словамі, прыказкамі, прымаўкамі. Гэта тыпова ангельскі гумар. Я была вельмі ўражаная, бо дагэтуль з такога кшталту літаратурай не сутыкалася. Можа, мае тэксты ня кожнаму аматару клясычнай традыцыйнай літаратуры зразумелыя».

Рэдактарам кнігі стаў пісьменьнік Алесь Пашкевіч, які выступіў на прэзэнтацыі, прачытаўшы адзін з тэкстаў сваёй «хросьніцы».

Цяперашні старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч у сваім слове згадаў пакаленьне Тутэйшых, да якога ён належыць: «Тады старэйшыя пісьменьнікі казалі нам: «Навошта вы выпендрываецеся?! Пішыце нармальна! Дык вось цяпер вам ужо так ня скажуць, бо пакаленьне, старэйшае за вас, было такім самым». «Мы плянуем у гэтым годзе выдаць восем кніг маладых аўтараў, якія, я лічу, складуць будучыню нашай беларускай літаратуры».

Наступнай у сэрыі «Пункт адліку» стане кніга расейскамоўнай паэткі Кацярыны Зыкавай. Далей будуць выдадзеныя творы Кірылы Дубоўскага і Насты Манцэвіч.

Алена Казлова (Анка Ўпала) кажа, што цяпер толькі яе бацька ўсё яшчэ раіць ёй «не выпендрывацца і пісаць нармальна».
XS
SM
MD
LG