Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр швэдзкіх дэмакратаў: байкатаваць ЧС ня лепшы варыянт


Імі Окесан

Імі Окесан

У сваім блогу на старонках Svenska Dagbladet Імі Окесан, лідэр партыі швэдзкіх дэмакратаў (SD), піша, што лічыць байкот хакейнага першынства сьвету ў Беларусі ў 2014 годзе «няправільным шляхам, які можа толькі ўмацаваць дыктатуру».

Окесан, аднак, адзначае, што ніколькі ня зьдзіўлены крытыкай многіх эўрапейцаў адносна правядзеньня Чэмпіянату сьвету ва ўмовах антыдэмакратычнага рэжыму і да таго ж падзяляе пазыцыі большасьці ўдзельнікаў дыскусіі адносна сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Паводле словаў кіраўніка дэмакратычнай партыі Швэцыі, лукашэнкавай дыктатуры ўжо амаль 20 гадоў і яна, на жаль, не становіцца з кожным годам слабейшай. Наадварот. Сьведчаньне таму — масавы ад’езд амбасадараў ЭЗ зь Менску.

Імі Окесан мяркуе, што швэды ня мусяць байкатаваць гульню, бо гэта ніяк не дапаможа лібэралізацыі сытуацыі ў краіне. Куды лепш дасягаць гэтага праз розныя дыпляматычныя шляхі.

«Байкот не дапаможа. Наадварот, я лічу, што калі дыктатура ідзе на правядзеньне падобнага турніру, то гэта вельмі добры шанец для сустрэчаў замежных гасьцей чэмпіянату і журналістаў з апазыцыяй, грамадзкімі актывістамі, гэта спосаб усталяваньня новых кантактаў. Байкот жа толькі ўмацуе ў пэўным сэнсе рэжым», піша ў сваім блогу Імі Окесан.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG