Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз шукае, што неабходна Беларусі, каб стаць сучаснай


Як і якім зьместам напоўніць новую ініцыятыву Эўразьвязу, накіраваную на ўсталяваньне і разьвіцьцё канструктыўных адносін з Беларусьсю?

Пра гэта ішла гаворка падчас круглага стала «Эўрапейскі дыялёг для мадэрнізацыі Беларусі: выклікі і пэрспэктывы», які адбыўся 20 красавіка ў Менску пад эгідай Нацыянальнай плятформы Форуму грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» і быў прысвечаны ініцыятыве ЭЗ «Эўрапейскі дыялёг для мадэрнізацыі Беларусі».

Як адзначыў старшыня Часовага каардынацыйнага камітэту Нацыянальнай плятформы Ўладзімер Мацкевіч, тое, што ініцыятыва ў сваёй назве ўтрымлівае слова «дыялёг», мае на ўвазе калі не раўнапраўны, то, ва ўсялякім выпадку, раўнамерны ўдзел двух бакоў у працэсе выбудоўваньня адносін: «Нам прапануецца асучасьніцца, а не даганяць Польшчу, Літву і іншыя краіны», — выказаў сваё бачанне сітуацыі спадар Мацкевіч.

Разам з тым, супрацоўнік па палітычных пытаньнях прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Рамунас Янушаўскас адзначыў, што беларускія ўлады пакуль дэманструюць негатовасьць да ўзаемадзеяньня. Ён выказаў надзею, што ў далейшым будзе весьціся дыялёг як з урадавымі экспэртамі, так і на галіновым узроўні, як гэта было раней. Пры гэтым спадар Янушаўскас заявіў, што праграма «Эўрапейскі дыялёг для мадэрнізацыі Беларусі» мае шэраг мэтаў, адна зь якіх — зразумець, што неабходна, каб Беларусь стала сучаснай краінай.

Як заўважыў у сваім выступе дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў, эўрапейскі дыялёг — гэта працэс, які пакуль не напоўнены зьместам: «І наша задача яго туды ўнесці», — падкрэсьліў спадар Ягораў, зьвяртаючыся да прадстаўнікоў грамадзкіх і палітычных аб’яднаньняў.

29 сакавіка 2012 году ў Брусэлі эўракамісарам па пытаньнях пашырэньня і эўрапейскай палітыцы суседзтва Штэфанам Фюле было абвешчана пра запуск «Эўрапейскага дыялёгу для мадэрнізацыі зь Беларусьсю». Працэс дыялёгу адкрыты для ўдзелу прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, палітычнай апазыцыі і, пры наяўнасці адпаведных умоў, беларускіх уладаў. «Эўрапейскі дыялёг» закліканы сфармуляваць яснае бачаньне сучаснай дэмакратычнай Беларусі: прапанаваць пакет рэформаў, неабходных для мадэрнізацыі краіны; вызначыць патэнцыял і інструмэнты магчымай падтрымкі рэформаў з боку ЭЗ, уключыць у працэс мадэрнізацыі Беларусі практычны вопыт пераходнага пэрыяду краін ЭЗ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG