Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельніка Плошчы Васіля Парфянкова прымусілі прайсьці праверку ў нэўрапатоляга. Павал Вінаградаў разьбіраецца з прыватнымі справамі напярэдадні пастаноўкі на ўлік у міліцыі для прафіляктычнага нагляду. Уладзімеру Яроменку дазволілі стаць на ўлік для нагляду ў Менску. Як адбываецца прафіляктычны нагляд і як ён адбіваецца на звычайным жыцьці былых палітвязьняў?

Васіля Парфянкова пачалі «рыхтаваць» да новага суду, вынікам якога можа стаць зьняволеньне яшчэ на паўтара года. 20 красавіка сьледчы завёз Парфянкова на мэдычную экспэртызу і папярэдзіў, што пасьля выходных яго позвай паклічуць на новыя сьледчыя дзеяньні, але якія — не сказаў:

​«Вазілі мяне ў наркалягічны дыспансэр, хоць я не стаю на ўліку. Пастукалі малаточкам па каленках, і ўсё на сёньня. Сваё меркаваньне сьледчы выказаў гэтак: сказаў, што ня лічыць мяне злачынцам, але мусіць гэтым займацца».

На пачатку году Васіль Парфянкоў быў пастаўлены на прафіляктычны нагляд і мусіў адзначацца ў міліцыі кожны тыдзень ды штодзень быць дома зь вечара да раніцы. За гэты час на былога палітвязьня тройчы складалі акты аб парушэньнях умоў нагляду, і цяпер Парфянкову пагражае суд.

Васіль адзначае яшчэ адзін істотны мінус свайго «паднагляднага» становішча — гэта праблема з працай. Пасьля вызваленьня з восені мінулага году ён актыўна шукаў працы, але раз за разам, калі чарговы патэнцыйны працадаўца даведваўся пра яго нагляд, то адхіляў прапанову:

«Былі праблемы з працаўладкаваньнем. Не хацелі браць, бо графікі не супадалі. У тым ліку была прапанова ў ахову, але адмовілі, калі аказалася, што мушу па вечарах быць дома».

Васіль не выключае, што прычына магла быць і іншая — ягоная судзімасьць за Плошчу, а пра працоўны графік працадаўца сказаў, каб нечым яе «прыкрыць».


У актывіста «Маладога фронту» Ўладзя Яроменка, якога ўзялі пад прафіляктычны нагляд месяц таму, тая ж праблема — на працу не бяруць, даводзіцца жыць на выпадковыя заробкі. Добра, што дазволілі стаць на ўлік для нагляду ў Менску, дзе Ўладзь стала пражывае, а ня ў Мёрах, дзе ён зарэгістраваны. Пра кожную паездку да бацькоў актывіст мусіць папярэдне інфармаваць міліцыянтаў з Фрунзенскага РАУС. Пакуль парушэньняў умоваў нагляду Яроменак ня мае. Пад наглядам ён будзе яшчэ 11 месяцаў.

На пачатку красавіка Маскоўскі раённы суд Менску распарадзіўся паставіць пад прафіляктычны нагляд актывіста «Гавары праўду» Паўла Вінаградава. На ўлік у міліцыі Павал мусіць стаць да 25 красавіка:
Выдатна разумею, што калі захочуць пасадзіць, то пасадзяць. Дзеля гэтага абсалютна будзе неістотна, выконваю я рэжым нагляду ці не.

«Зараз я спрабую да 25 чысла максымальна вырашыць усе мае праблемы, якія ў мяне ёсьць за межамі Менску, бо потым гэта будзе цяжка рабіць. Але асабліва не „напружваюся“ адносна гэтага нагляду. Выдатна разумею, што калі захочуць пасадзіць, то пасадзяць. Дзеля гэтага абсалютна будзе неістотна, выконваю я рэжым нагляду ці не».

Пры гэтым Павал кажа, што з гісторыяў іншых палітвязьняў трэба рабіць урок і дасканала выконваць усе правілы нагляду. Летась пад наглядам у міліцыі быў і актывіст КХП БНФ Сяргей Каваленка. Ня менш як двойчы ён спазьніўся адзначыцца, што дало падставы прыцягнуць яго да суду.

Журналістка Ірына Халіп асуджаная за ўдзел у Плошчы на 2 гады зьняволеньня з двухгадовай адтэрміноўкай. Як і «паднаглядным», ёй даводзіцца штодня з 10 вечара да 6 раніцы быць дома і кожны тыдзень адзначацца ў міліцыі. Ірына параўноўвае такі рэжым з хатнім арыштам:

«Гэта вельмі істотна выключае цябе з жыцьця, выключае зь нейкіх справаў. Калі я не магу ўвечары спакойна прыняць ванну, бо пасьля 10 гадзіны да мяне могуць прыйсьці міліцыянты, гэта сапраўды як хатняя турма. Сыстэмы ў іх наведваньнях адмыслова няма, яны могуць заявіцца калі заўгодна».

Таксама Ірына наракае на тое, што ёй цяжка працаваць як журналістцы, бо нават за межы Менску яна далёка ня можа выехаць, бо трэба да вечара вяртацца дамоў.
XS
SM
MD
LG