Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь магла стаць сымбалем антыядзернага руху


Што думаюць пра стасункі беларускай дзяржавы зь ядзернай энэргетыкай апазыцыйныя палітыкі? Ці можна нешта істотна зьмяніць у дзяржаўнай палітыцы адносна «радыяфобіі», якую падазрае ўлада? Чаму экалёгія лічыцца сацыяльнай сфэрай, а «Чарнобыльскі шлях» даўно займеў імідж палітычна афарбаванага? Сваімі развагамі дзеліцца палітык Віктар Івашкевіч.

Дзяржава ўсё ведае: і што ўсё дрэнна, і што грамадзтва нічога з гэтым ня зробіць


На думку Віктара Івашкевіча, сёньняшняя дзяржава сьвядома ігнаруе небясьпеку вядомага ланцужка: забруджаная глеба — забруджаная сельгаспрадукцыя з гэтых тэрыторый — спажыўцы забруджанай ежы. Як сьледзтва — забруджаныя радыяцыяй арганізмы. Што ўплывае на якасьць жыцьця чалавека шматбакова.

«І пра тое, што гэта галоўная пагроза, бо яна штодзённая, бо кропля за кропляй атручвае арганізм, ствараючы небясьпеку і для наступных народжаных пакаленьняў — дзяржава ведае. Прынамсі, ведаць можа і павінна. І што з гэтым рабіць, як ратаваць зямлю, як ачышчаць харчаваньне, як засьцерагаць людзей, — таксама ведае. Больш як 20 год.

Віктар Івашкевіч

Віктар Івашкевіч

У 90-х была прынятая беларускімі навукоўцамі адпаведная канцэпцыя. Гэта быў час, калі акурат пачаліся Чарнобыльскія Шляхі, калі патрабавалі прыняцьця адпаведнай праграмы, рэагаваньня на наступствы аварыі. І праграма была прынятая. У ёй прадугледжваўся дазымэтрычны кантроль як мера асабістага кантролю кожным чалавекам сваіх земляў і прадуктаў, якія ён спажывае. Прадугледжвалася вывядзеньне з карыстаньня ў сельскай гаспадарцы забруджаных земляў, адсяленьне людзей з тэрыторый, дзе вышэй за 15 кюры на квадратны кілямэтар, бо зразумела, што жыць на вёсцы і забараніць сабе дакранацца да ягады ці лісточка, — гэта псыхалягічны стрэс і гэта немагчыма па сутнасьці».

На сёньняшні дзень, разважае Віктар, нам быў бы дарэчы пэўны міжнародны кантроль, кантроль пэўнага трэцяга боку. Бо кантраляваць ёсьць што: і пытаньні бясьпекі, і досьледы, якія там праводзяцца. Але найперш павінна быць дакладная праграма. І, на погляд Івашкевіча, тут — слова за грамадзтвам.

«Грамадзяне павінны дамагчыся, каб улада гэта выконвала. Каб такая праграма — была. Гэта галоўны абавязак грамадзянаў — прымушаць улады рабіць тое, што патрэбна грамадзянам. Альбо мяняць уладу, якой абыякава меркаваньне грамадзтва.

А ўжо ў дадатак можа быць рознае поле дзейнасьці: ад прапаганды экалягічнага мысленьня да дапамогі перасяленцам з чарнобыльскай зоны».

Галоўная праблема Чарнобылю: брак інфармацыі


Віктар Івашкевіч адзначае, што інфармацыйная прастора чарнобыльскай праблематыкі мянялася цягам гэтых 26 год некалькі разоў. І зьмены гэтыя былі наўпрост адлюстраваньнем стаўленьня да чарнобыльскай тэматыкі Аляксандра Лукашэнкі.

«У першыя гады незалежнасьці карціна была досыць аб’ектыўнай. Навукоўцам давалі слова. Гэта былі розныя і разнастайныя крыніцы распаўсюду інфармацыі. Менавіта тады склалі і апублікавалі мапы забруджваньня тэрыторый Беларусі, тады пачалі дасьледаваць, што адбываецца зь людзьмі і пачалі адсяленьне. Вялася адмысловая праца, каб людзі разумелі, для чаго і чаму гэта, наколькі гэта важна для жыцьця: іх і іх дзяцей. І кожны чалавек мог даведацца, наколькі ягоны арганізм насычаны радыяцыяй. Але пачынаючы ад 95-га Лукашэнка пачаў засакрэчваць інфармацыю і заяўляць, што ніякіх праблем няма, апроч радыяфобіі. Ледзьве не выключная карысьць ад радыяцыі».

Менавіта тады і пачалася эпоха замоўчваньня чарнобыльскіх праблем і зьнявагі да чарнобыльцаў: да жывых, да пакуль яшчэ жывых і да нежывых таксама.

Астравец — Чарнобыль: знайдзіце 10 адрозьненьняў


«У нас сытуацыя абсалютнай закрытасьці ўсіх дзеяньняў улады ад грамадзтва. Мы ня толькі ня здолелі дамагчыся нармальных, адпаведных заканадаўству грамадзкіх слуханьняў, мы ня толькі ня здолелі супрацьстаяць пачатку будаўніцтва АЭС у Астраўцы. Галоўнае — што мы ня ведаем нічога пра тое, наколькі будаўніцтва адпавядае нарматывам, мы ня маем магчымасьці гэта спраўдзіць.

Наступствы Чарнобыля найперш былі справакаваныя маўчаньнем.

Тая сакрэтнасьць, якой накрыла ўлада ўвесь гэты выбух, калі людзі ня ведалі, што на іх галовы асадзілі гэтыя радыёактыўныя абломкі, — вось што ёсьць галоўнай прычынай трагедыі.

І сёньняшняя Беларусь адрозьніваецца мала.

Мы ня ведаем, ці будуюць АЭС адпаведна нейкім нарматывам. Мы наагул ведаем вельмі мала.

Але калі карыстацца досьведам мінулага, то напрошваюцца чыстыя паралелі: ні там, ні тут грамадзтву слова не давалі, ні там, ні тут немагчыма было паўплываць на сытуацыю, ні там, ні тут грамадзтва ня мела і ня мае кантролю».

Чарнобыльскі шлях Беларусі мог стацца дарогай зусім у іншае «сёньня»


«Беларусь постчарнобыльская, — разважае Віктар Івашкевіч, — праігнаравала відавочную мажлівасьць для сябе і свайго іміджу ў сьвеце. Яна магла стацца сапраўдным сьцягам, сымбалем антыядзернага руху. Стацца зялёнай краінай, прыцягнуць і зьяднаць эколягаў, прыхільнікаў устойлівага разьвіцьця экалягічнай думкі...

І Чарнобыльскі шлях Беларусі мог бы стацца дарогай у зусім іншае „сёньня“, чым тое, у якім мы жывем. Калі б тыя мэханізмы, што былі ў нас на пачатку незалежнасьці, разьвіваліся далей. І постчарнобыльскія праблемы ў сыстэме нармальнага сапраўднага самакіраваньня вырашаліся інакш, і льготаў чарнобыльцаў пазбавіць было б цяжэй і г.д. — безьліч фактаў і аргумэнтаў.

Але страх і зашоранасьць мысьленьня кіраўніцтва дзяржавы не дазволілі перамены да лепшага. Больш звыкла, калі перамены да горшага. Звыкла капіяваць нешта, зробленае іншымі даўно і лепей. Звыкла кіраваць з дапамогай страху, а не матывацыі. Звыкла пагражаць. А магла б... і мела Беларусь усе магчымасьці... зрабіць непараўнальны ўнёсак у разьвіцьцё сьвету».

Інтэрвію падрыхтавала грамадзкае аб’яднаньне «Экадом»
XS
SM
MD
LG