Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск і Кіеў можа замірыць «кактэйль» зь піва і малака


Амбасада Ўкраіны ў Беларусі паведамляе, што Менск наведала дэлегацыя на чале з намесьнікам міністра эканамічнага разьвіцьця і гандлю Ўкраіны Ўладзімерам Паўленкам.

У склад дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі Міністэрства аграрнай палітыкі і прадпрыемстваў-вытворцаў соладавага піва.

Дэлегацыя прыяжджала на кансультацыі ў справе ўрэгуляваньні пытаньняў з экспартам украінскага піва на беларускі рынак і аднаўленьня паставак беларускай мяса-малочнай прадукцыі ва Ўкраіну.

Зь беларускага боку ў кансультацыях удзельнічалі прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў, канцэрну «Белдзяржхарчпрам» і Дзяржаўнага мытнага камітэту.

Як паведамляецца ў прэсавым рэлізе амбасады Ўкраіны, бакі дамовіліся зьвесьці да мінімуму абмежаваньні ў двухбаковым гандлі і падрыхтаваць прапановы наконт разьвязаньня праблемаў.

Дзяржаўная вэтэрынарная і фітасанітарная служба Ўкраіны ад 1 сакавіка прыпыніла ўвоз тэрыторыю сваёй краіны мяса-малочнай прадукцыі беларускай вытворчасьці. Украінскія вэтэрынары лічаць невыпадковым зьнішчэньне сьвінога пагалоўя ў лютым на Наваградчыне, лічачы, што пад выглядам «вучэньняў» у Беларусі змагаліся з эпідэміяй афрыканскай чумы. Апроч таго, беларусаў папярэдзілі пра шматкротнае перавышэньне ў малочнай прадукцыі нормаў утрыманьня антыбіётыкаў.

Эканамічны аглядальнік Зьміцер Заяц лічыць, што такі крок шмат у чым стаў адказам на піўную блякаду, абвешчаную Кіеву ў канцы 2010 году. Менск у аднабаковым парадку ўвёў ліцэнзаваньне імпарту ўкраінскага піва, у выніку чаго аб’ёмы рэалізацыі гэтага напою ў Беларусі за мінулы год упалі амаль у пяць разоў у параўнаньні з 2010-м. Украінскія півавары ня раз зьвярталіся ў беларускі ўрад з просьбай скасаваць абмежаваньні, але безвынікова. Па словах суразмоўцы, адчуўшы бясплённасьць супрацьстаяньня, бакі нарэшце могуць прыйсьці да паразуменьня:

«Цяпер, калі Ўкраіна адмовілася прымаць беларускія малако і мяса, гэта вельмі добрая нагода, каб нагадаць і пра піва. Зь вялікай доляй упэўненасьці можна казаць, што гэтыя пытаньні зьвязаныя з тым, што ўкраінскі бок проста знайшоў падставу, каб адстаяць свае інтарэсы на беларускім рынку. Тым больш што цана пытаньня прыблізна аднолькавая. Калі браць кошт паставак беларускіх малака і мяса ва Ўкраіну, то гэта дзесьці 20 мільёнаў даляраў. А калі браць імпарт украінскага піва — да ўвядзеньня мэханізму ліцэнзаваньня ў Беларусь — дык гэта прыкладна 18 мільёнаў даляраў. Такім чынам, гэта вельмі блізкія сумы, і, напэўна, яшчэ адна падстава, каб увязаць адно пытаньне з другім».
XS
SM
MD
LG