Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Менсктранс»: Замоваў вазіць партрэты Сталіна нам не паступала


Расейскі інтэрнэт-сайт сталинобус.рф паведамляе, што Менск разам з чатырма дзясяткамі гарадоў Расейскай Фэдэрацыі далучыўся да акцыі па запуску на маршруты сьвяточна прыбраных аўтобусаў.

Паводле зьвестак рэсурсу, у дзень Перамогі 9 траўня па вуліцах беларускай сталіцы будуць курсіраваць аўтобусы з выявай правадыра ўсіх народаў таварыша Сталіна.

У менскіх чыноўнікаў такая навіна выклікала зьдзіўленьне. Намесьнік генэральнага дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства «Менсктранс» Віктар Тозік сьцьвярджае, што ніхто да іх з просьбай заклеіць аўтобусы партрэтамі Сталіна не зьвяртаўся.

Разам з тым нельга выключаць, што ініцыятары могуць скарыстаць паслугі ведамаснага транспарту — таго ж Міністэрства абароны: «Сам сёньня са зьдзіўленьнем прачытаў такую інфармацыю. Магу сказаць, што да нас ніякіх прапаноў на афармленьне рэклямы ці яшчэ чагосьці не паступала. Таму я ня ведаю, хто і на якіх аўтобусах будзе вазіць па Менску партрэты Ёсіфа Вісарыёнавіча».

Карэспандэнт: «Узгадненьне падобных мерапрыемстваў з вашай структурай абавязковае?»

«Калі тычыцца нашых аўтобусаў, то канечне. Мы ж ня можам проста ўзяць і пусьціць іх на маршрут. Яны павінны адпаведную дамову аформіць, рэкляму нанесьці і г.д. Таму, яшчэ раз кажу, да нас такіх прапаноў не паступала, я сам упершыню гэта ўбачыў у інтэрнэце».

Карэспандэнт: «Аднак арганізатары „сталінобуса“ сьцьвярджаюць, што Менск далучыўся да іхнай акцыі...»

«Але Менск — гэта ж не азначае, што абавязкова „Менсктранс“, праўда? Справа ў тым, што ў Менску шмат ведамасных аўтобусаў...»

Карэспандэнт: «А калі раптам такі зварот усё ж будзе?»

«Ну, разглядзець яго мы мусім у любым выпадку. Ёсьць жа ўказ прэзыдэнта, што любы зварот мусіць быць разгледжаны ў вызначаныя тэрміны. І паспрабуй не разгледзець. Але адносна „сталінобуса“ пакуль няма ніякай інфармацыі».

Летась расейскія сталіністы ўжо абяцалі, што аўтобусы з партрэтамі Ёсіфа Сталіна праедуць па Менску ў дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі 7 лістапада, аднак нічога падобнага так і не адбылося.

У выпадку, калі менскія ўлады ўсё ж пойдуць насустрач прыхільнікам Сталіна, можа атрымацца, што Беларусь стане адзінай краінай па-за межамі Расеі, дзе зьявяцца аўтобусы з партрэтамі «ваеннага генія». Прынамсі, урады Латвіі і Эстоніі, дзе таксама вывучалася такая магчымасьць, ужо заявілі, што не дапусьцяць ніякіх сталінобусаў на сваіх тэрыторыях.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG