Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыўная група Вуса дабіваецца вызваленьня Статкевіча


Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

Сябры ініцыятыўнай групы па зьмяненьні выбарчага заканадаўства, створанай былым кандыдатам у прэзыдэнты Дзьмітрыем Вусам, накіравалі эўрапейскім лідэрам заяву з просьбай хадайнічаць аб вызваленьні палітвязьня, былога кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча.

Заява, прынятая на паседжаньні ініцыятыўнай групы, накіраваная Вярхоўнаму прадстаўніку па зьнешніх справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан і Эўракамісару па пытаньнях пашырэньня і палітыцы добрасуседзтва Штэфану Фюле.

Падпісанты заявы даводзяць, што «ў турме гвалтоўна ўтрымліваюцца экс-кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь Мікалай Статкевіч і іншыя палітзьняволеныя. Іх жыцьцё ў небясьпецы, у дачыненьні да іх ужываюцца катаваньні».

У заяве выкладзеныя факты біяграфіі Мікалая Статкевіча, якія сьведчаць, што ён «яркі лідэр беларускай палітыкі, афіцэр, навуковец».

Нагадваецца, што «29 сакавіка 2012 году ў Брусэлі разглядаўся праект па мадэрнізацыі з удзелам беларускіх і эўрапейскіх палітыкаў».

Падпісанты заявы лічаць, што «разглядаць любыя праекты без удзелу сапраўднага беларускага лідэра Мікалая Статкевіча — беспэрспэктыўна для будучыні Рэспублікі Беларусь. Удзел у такіх праектах штучна разьдзьмутых людзей-брэндаў — небясьпечны і гібельны для нашай краіны. Ніякія праекты і перамовы з боку ЭЗ немагчымыя, пакуль грамадзянін Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу і трымае закладнікаў».

Таму падпісанты хадайнічаюць, каб Кэтрын Эштан і Штэфан Фюле «безумоўна настойвалі на вызваленьні Мікалая Статкевіча і ўсіх палітзьняволеных і іх поўнай рэабілітацыі».

Заяву падпісалі экс-кандыдат у прэзыдэнты Дзьмітрый Вус, яго давераныя асобы Алена Фаміна, Уладзімер Катрыч, Аляксандар Ірхо, Яўген Парчынскі, Уладзімер Каўганаў, давераныя асобы Мікалая Статкевіча Аляксей Гаўруцікаў, Юры Захаранка, Віктар Чайкоўскі, праваабаронца Ўладзімер Берасьнёў, сябра «Эўрапейскай Беларусі» Канстанцін Азарушкін.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікола Статкевіч. Затрыманы 19 сьнежня 2010 г. пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Абвінавачаны ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках. 26 траўня 2011 г. судзьдзя Ленінскага суду Менску Людміла Грачова асудзіла Статкевіча на шэсьць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбывае пакараньне ў Шклоўскай калёніі № 17. Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала яго вязьнем сумленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG