Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія дэпутаты не гатовыя адмовіцца ад «карты паляка»


У літоўскім Сэйме не прайшлі папраўкі ў закон пра выбары, якія забараняюць грамадзянам, што маюць карту паляка, вылучаць свае кандыдатуры ў парлямэнт. Раней беларускія дэпутаты менавіта такое абмежаваньне ўхвалілі: у Беларусі выбар адназначны — або прыналежнасьць да айчыннай улады, або «карта паляка».

Праект папраўкі ў закон унёс у літоўскі Сэйм дэпутат Гінтарас Сангайла, падтрыманы групай дэпутатаў. Паводле Сангайлы, патрабаваньне да ўладальнікаў «карты паляка» быць ляяльнымі да інтарэсаў Польшчы не стасуецца з прысягай літоўскай дзяржаве. Аўтары папраўкі прапаноўвалі ўпісаць у закон, што «дэпутатам ня можа стаць грамадзянін Літвы, у якога ёсьць дакумэнт замежнай дзяржавы, выдадзены яму па законах іншай краіны, калі гэты дакумэнт надзяляе яго пэўнымі палітычнымі, сацыяльнымі , эканамічнымі і (ці) культурнымі правамі ў іншай дзяржаве, і выдача якога ...зьвязаная з абавязкамі перад інтарэсамі гэтай дзяржавы.» Прапаноўвалася таксама пазбаўляць дэпутацкага мандату асобаў, якія схавалі факт выдачы ім «карты паляка».

За папраўкі прагаласавалі 27 сябраў Сэйму, супраць — 8. 20 дэпутатаў устрымаліся. «Карту паляка», якую рэзка крытыкуюць улады Літвы, штогод атрымліваюць тысячы літоўскіх грамадзянаў польскага паходжаньня. Дакумэнт дае яго ўладальніку права на бясплатную доўгатэрміновую візу ў Польшчу, права займацца там гаспадарчай дзейнасьцю, права на бясплатную адукацыю, зьніжкі на чыгуначныя квіткі, бясплатнае наведваньне музэяў і іншыя выгады.
XS
SM
MD
LG