Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Гэтую мапу забруджанасьці Эўропы цэзіем-137 я прывёз з Кіеву ў 2006 годзе з канфэрэнцыі “зялёных” “Chornobyl + 20: Remembrance for future” (“Чарнобыль + 20: напамінак на будучыню”).

Высновы навукоўцаў, якія прадставілі свае справаздачы на той канфэрэнцыі, ня вельмі ахвотна папулярызуюцца ў тых краінах, дзе існуюць АЭСс альбо плянуецца іх будаўніцтва. Працытую запісы, якія зрабіў у тыя дні.

Рак шчытападобнай залозы ў дзяцей узьнікае ў тысячу разоў часьцей, чым да аварыі на ЧАЭС

“... рак шчытападобнай залозы ў дзяцей узьнікае ў тысячу разоў часьцей, чым да аварыі на ЧАЭС. Наагул, сёньня ва Ўкраіне, Беларусі і Расеі дыягнаставана больш як 6 000 выпадкаў раку шчытападобнай залозы.

... У альтэрнатыўнай справаздачы, падрыхтаванай брытанскімі навукоўцамі Енам Фэйрлі і Дэйвідам Самнэрам адмыслова для гэтай канфэрэнцыі, гаворыцца, што ва ўсясьветным маштабе можна чакаць 60 тысяч сьмерцяў ад раку менавіта ў выніку Чарнобылю. Рэч у тым, што радыяцыя ў той ці іншай ступені закранула 30 краінаў Эўропы.

Радыяцыйнае паражэньне людзей д можа мець вынікам рост частаты генэтычных захворваньняў нашчадкаў

... Навукоўцы не выключаюць, што радыяцыйнае паражэньне людзей дзетароднага ўзросту можа мець вынікам рост частаты генэтычных захворваньняў у іх нашчадкаў. Дасьледаваньні насельніцтва Магілёўскай вобласьці сьведчаць пра падвышэньня ўдвая частаты мінісатэлітных мутацыяў у ДНК”.​



Калі глядзіш на карту забруджанасьці Эўропы, адразу прыгадваеш, што вясной 1986-га савецкія людзі даведаліся пра небясьпеку з “галасоў” -- вялізнае падвышэньне радыёактыўнага фону было зафіксаванае ў скандынаўскіх краінах.

Бачна, што Вялікая Брытанія (асабліва Шатляндыя) пацярпелі ня менш, чым некаторыя раёны Беларусі ці Украіны. Гэта на поўначы, а у сярэдняй частцы Заходняй Эўропы найбольшая канцэнтрацыя цэзію – у Аўстрыі і Швэйцарыі. Белая зона на тэрыторыі краінаў былой Югаславіі і Баўгарыі – вынік адсутнасьці інфармацыі на момант складаньня мапы.

Уласна, “чыстымі” з усіх краінаў кантынэнтальнай Эўропы засталіся толькі Партугалія і Гішпанія.

Але я сталю ў загаловак пытальнік, бо ня ведаю, ці насамрэч гэтыя дзьве краіны “чыстыя” -- мапа фіксуе толькі цэзій.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG