Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы абскардзяць дадатковыя штрафы, накладзеныя на Бяляцкага


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

Зьняволены праваабаронца Алесь Бяляцкі мае намер падаць касацыйную скаргу на рашэньне суду Першамайскага раёну пра спагнаньне зь яго дадатковай пені 140 мільёнаў рублёў, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

«Да зьяўленьня пазову пра спагнаньне пені ў сёньняшняга рэжыму былі ўсе прававыя падставы, каб ужыць у дачыненьні да Бяляцкага памілаваньне, і ён таксама мог бы быць вызвалены. Але цяпер, абсалютна палітычна, створана штучнае прававая перашкода для ўжываньня працэдуры памілаваньня — новыя матэрыяльныя прэтэнзіі да яго», — заяўляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

«Мы лічым, што гэта зроблена выключна для таго, каб было чым тлумачыць немагчымасьць прымяненьня да Бяляцкага любых формаў па скарачэньні тэрміну яго зьняволеньня — умоўна-датэрміновага вызваленьня, амністыі, памілаваньня», — адзначаюць праваабаронцы, перадае Інтэрфакс.

18 красавіка жонка палітычнага вязьня Натальля Пінчук паведаміла «Свабодзе»: Алесь Бяляцкі атрымаў рашэньне суду Першамайскага раёну Менску ад 29 сакавіка сёлета (судзьдзя Вольга Міхайлаўна Багам’я, пры ўдзеле прадстаўнікоў інспэкцыі Міністэрства падаткаў і збораў таго самага раёну Собалевай, Тодрык і Карташовай) «аб спагнаньні пені» ў суме 140 266 151 руб. і дзяржаўнага мыта 7 013 307 руб. У рашэньні ёсьць словы: «Адказчык на судовае паседжаньне не зьявіўся».

Паводле прысуду ад 24 лістапада 2011 г. Алесь Бяляцкі асуджаны на чатыры з паловай гады калёніі ўзмоцненага рэжыму, спагнаньне кампэнсацыі за шкоду, нібыта нанесеную дзяржаве, у суме 721 454 017 руб. і дзяржаўнай пошліны — 36 072 700 руб. Грошы, дзякуючы складкам амаль 800 чалавек, былі цалкам сплачаныя ў пэрыяд да разгляду касацыйнай скаргі, аднак гэта не паўплывала на разгляд справы ў судзе вышэйшай інстанцыі.

Бяляцкі знаходзіцца ў Бабруйскай калёніі ад канца лютага.

24 студзеня Менгарсуд разгледзеў касацыйную скаргу кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага, асуджанага на 4,5 года турмы. Прысуд Бяляцкаму пакінулі бязь зьмены.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе летась. Яго прызналі вінаватым у няплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG