Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт хакейнага зьвязу Нарвэгіі — за чэмпіянат у Менску


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

Як падае нарвэскі тэлерадыёканал NRK, усё больш жыхароў гэтай краіны бяруць удзел у кампаніі «Don’t Play with the Dictator» («Не гуляйце з дыктатарам»), якая стартавала на мінулым тыдні ў шэрагу эўрапейскіх краінаў.

Кампанія скіраваная супраць правядзеньня хакейнага першынства сьвету ў Беларусі ў 2014 годзе.

«Пасьля таго як Беларусь у 2009 годзе выйграла права на правядзеньне чэмпіянату сьвету, сытуацыя з правамі чалавека ў гэтай краіне істотна пагоршылася. Наша мэта — перашкодзіць прэзыдэнту Лукашэнку выкарыстоўваць гэты папулярны від спорту дзеля прапаганды свайго рэжыму. Пакуль у гэтай краіне ня будуць вызваленыя ўсё палітвязьні, хакейны чэмпіянат у ёй не павінен адбыцца», — кажа Бэрыт Ліндэман з Нарвэскага Хэльсынскага камітэту.

Паводле Бэрыт Ліндэман, усё больш яе суайчыньнікаў пакідаюць подпісы пад зьмешчанай у інтэрнэце пэтыцыяй «Don’t Play with the Dictator». Праваабаронцы заклікаюць нацыянальную хакейную фэдэрацыю прагаласаваць у траўні на кангрэсе МФХ за перанос першынства зь Беларусі ў іншую краіну, бо гэта, бадай, адзіны спосаб паўплываць на сытуацыю з палітвязьнямі.

Тым часам кіраўнік Нарвэскага хакейнага зьвязу Оле Якаб Лібэк лічыць, што кампанія спазьнілася.

«Пакуль няма аніякіх прыкметаў таго, што рашэньне адносна месца правядзеньня чэмпіянату сьвету будзе зьмененае. Праваабаронцам трэба было рэагаваць яшчэ ў 2009 годзе, да таго як Беларусь выйграла гэты конкурс», кажа Лібэк.

Дарэчы, сам ён у 2009 годзе быў адным з галоўных ініцыятараў правядзеньня прэстыжнага міжнароднага турніру ў Менску: «Я ведаў, што Лукашэнка — сапраўдны фанат хакею. Ён зрабіў шмат выдатных рэчаў, каб папулярызаваць гэты від спорту ў сваёй краіне, збудаваў шмат крытых каткоў. Але гэта ўсё ня сьведчыць пра тую сытуацыю з правамі чалавека, пра якую мы цяпер чытаем. Вось чаму, на мой погляд, хакейны сьвет і вырашыў, што Беларусь стане краінаю Кубку сьвету. Тады гэтае пытаньне не было ў цэнтры ўвагі міжнароднай грамадзкасьці», — адзначае ў інтэрвію NRK прэзыдэнт Нарвэскага хакейнага зьвязу.

Міжнародная фэдэрацыя хакею разгледзіць пытаньне пра перанос чэмпіянату сьвету зь Беларусі ў іншую краіну. Гэтае пытаньне ўнесена ў парадак паседжаньня фэдэрацыі, якое заплянаванае на травень у Хэльсынкі.

Ідэя перанесьці яго ў іншае месца зьявілася пасьля разгону акцыі пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў выбараў прэзыдэнта 19 сьнежня 2010 году.

Пад заклікам перанесьці чэмпіянат падпісаліся многія палітычныя і грамадзкія дзеячы з усяго сьвету. Ідэю пераносу чэмпіянату зь Беларусі падтрымалі Эўрапарлямэнт і Кангрэс ЗША.

Супраць пераносу выступае Расея.

У гісторыі ўжо быў прэцэдэнт перанясеньня чэмпіянату з аднае краіны ў іншую. У сувязі з уварваньнем дзяржаваў Варшаўскага пакту ў Чэхаславаччыну ў 1968 годзе хакейны чэмпіянат 1969 году праводзіўся ня ў Празе, як было заплянавана раней, а ў Стакгольме.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG