Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Францыі апошні дзень перадвыбарчай агітацыі


Кандыдаты на пасаду прэзыдэнта Францыі ў пятніцу ў апошні раз спрабуюць паўплываць на выбаршчыкаў. Агітацыя забароненая за дзень да выбараў, першы тур якіх адбудзецца ў нядзелю.

Паводле апытаньняў, рэйтынгі двух фаварытаў перадвыбарчай гонкі — дзейнага прэзыдэнта Нікаля Сарказі і кандыдата ад сацыялістаў Франсуа Алянда — прыблізна роўныя, але чакаецца, што ў другім туры ў Алянда будзе больш шанцаў.

Сацыёлягі мяркуюць, што ультраправы кандыдат Марын Ле Пэн можа атрымаць каля 17% галасоў, прадстаўнік камуністаў Жан-Люк Мэляншон атрымае 14-15%. Цэнтрыст Франсуа Байру, верагодна, зойме пятае месца.

Другі тур выбараў, калі ў ім паўстане неабходнасьць, адбудзецца 6 траўня.

Перадвыбарчыя кампаніі большасьці кандыдатаў факусуюцца на эканамічных пытаньнях. Так, Нікаля Сарказі актыўна зьвяртае ўвагу выбаршчыкаў на тое, што ў 2011 годзе ў краіне назіраўся прыкметны эканамічны рост, хоць узровень беспрацоўя ў гэты час дасягнуў 10%.

Абодва галоўных кандыдата абяцаюць дамагчыся балянсу бюджэту, але Алянд пры гэтым робіць упор не на захадах эканоміі, а на магчымасьцях эканамічнага росту.

Раней на гэтым тыдні Алянд заявіў, што ня стане ратыфікаваць пакт аб жорсткіх мерах па дасягненьню фінансавай стабільнасьці ў ЭЗ, ухвалены на пачатку сакавіка ўсімі краінамі Эўразьвязу, акрамя Чэхіі і Вялікабрытаніі, калі ў гэтым дакумэнце ня будзе акцэнту на эканамічным росьце.

Пагадненьне аб узмацненьні жорсткасьці бюджэтнай дысцыпліны павінна быць ратыфікавана да студзеня ўсімі членамі эўразоны. Прэзыдэнт Сарказі — у ліку самых актыўных прыхільнікаў гэтага пакту.
XS
SM
MD
LG