Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТБМ прэзэнтавала новы партал


19 красавіка ў Менску адбылася прэзэнтацыя новага інтэрнэт-парталу tbm-mova.by Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў расказаў, што ад ідэі новага парталу да ўвасабленьня прайшло досыць ладна часу, але высілкі каманды аднадумцаў таго былі вартыя. Па яго словах, непасрэдна на сайце задзейнічаная валянтэрская група зь пяці чалавек:

«Ідэя ў нас узьнікла ў жніўні мінулага году. Той сайт, які ў нас быў, ён вельмі слабы, рабілі нам яго, як кажуць, аматары, і зразумела, што ў сучасным сьвеце арганізацыя ня можа існаваць без нармальнага парталу. І вось сёньня мы яго нарэшце прэзэнтуем».

Карэспандэнт: «Якую асноўную мэту перасьледавала ТБМ, радыкальна абнаўляючыся ў віртуальнай прасторы?».

«Мэта, перш-наперш, такая: каб любыя людзі ў любой краіне маглі даведацца пра ТБМ і наогул пра ўсе праблемы зь беларускай мовай. Таму ў нас вельмі моцная англамоўная вэрсія. А ўнутры — наступныя падразьдзелы. Вельмі важны падразьдзел — усё пра беларускую мову, абсалютна розныя варыянты. Другі падразьдзел — беларуская мова ў храмах. Трэці — упершыню ў сьвеце — філятэлія па-беларуску (калекцыянэраў паштовых марак ва ўсім сьвеце надзвычай шмат). Наступны — аўтасправа па-беларуску (ужо выстаўленыя правілы дарожнага руху, а потым яшчэ будуць усялякія заданьні). Апроч таго — усе самыя моцныя структуры ТБМ, каб усе бачылі, як у Лідзе жывуць, як у Баранавічах, яшчэ дзесьці. І, нарэшце, вельмі важная праваабарончая дзейнасьць — дапамагаць людзям бараніць свае моўныя правы. То бок, унутры дзесьці каля 15 асобных старонак».

Як ужо згадваў спадар Трусаў, партал даступны ў дзювюх моўных вэрсіях — па-беларуску і па-ангельску. Асноўную перакладчыцкую працу ўзяў на сябе выканаўца абавязкаў кіраўніка спраў ТБМ Дзяніс Тушынскі. Дарэчы, ён летась і быў ініцыятарам абнаўленьня тэбээмаўскага парталу. Пачаўшы рупліва працаваць над праектам, заразіў сваім імпэтам усіх астатніх:

«Сапраўды, даўно насьпела ідэя парталу, папярэдні сайт працаваў кепска. Калі канцэнтравацца непасрэдна на сваёй працы, на ангельскай вэрсіі, то ў дзювюх папярэдніх вэрсіях сайту англамоўнай вэрсіі не было ўвогуле. Чаму ўзьнікла ідэя яе паставіць? Хутчэй, яна прыйшла з гістарычнай сфэры. Напрыклад, неаднаразова ўзгадвалася, што ў спрэчках беларускіх гісторыкаў, дапусьцім, зь літоўскімі назіраецца неадназначная сытуацыя. Літоўцы пішуць, што ВКЛ — гэта наша гісторыя, і ставяць гэта па-ангельску на сваіх сайтах, якія чытаюць замежнікі. І ўсё гэта потым ідзе ў міжнародныя выданьні. Тады як нашы гісторыкі абмяжоўваюцца тым, што пішуць толькі ў беларускамоўных часопісах, і пра іх пазыцыю проста ніхто ня ведае. Што дастаткова крыўдна.

Тое самае можна распаўсюдзіць і на спрэчныя пытаньні, якія датычаць моўнай палітыкі. Таму адназначна вялікая актуальнасьць якраз англамоўнай вэрсіі, і ўсе тыя матэрыялы, якія мы хацелі перакласьці, яны ўжо перакладзеныя. Далей, натуральна, нешта будзе дадавацца, шырыцца, множыцца і г.д. Ангельская вэрсія ня будзе поўным адпаведнікам беларускай, бо ёсьць, напрыклад, расклад мерапрыемстваў на сядзібе ТБМ, якія замежнікам наўрад ці будуць цікавыя. Таму яны перакладацца, хутчэй за ўсё, і ня будуць».
Мы хочам кантактаваць з усімі беларускамоўнымі сайтамі, парталамі, незалежна ад таго, дзяржаўныя яны ці недзяржаўныя, у Беларусі яны знаходзяцца ці за мяжой.

У сваю чаргу, Алег Трусаў кажа, што з дапамогай новага сайту аб’яднаньне зьбіраецца істотна пашырыць рамкі сваёй дзейнасьці, выйшаўшы, у тым ліку, на міжнародны ўзровень:

«Ну вось, напрыклад, як мы будзем супрацоўнічаць з Радыё Свабода? Будзем усе матэрыялы, прысьвечаныя мове, ставіць — з вашага дазволу — на свой партал, даваць анонсы і г. д. Прыкладам, нядаўна была ўнікальная перадача: Лукашук вёў інтэрвію з Дубаўцом і з Арловым. Гэта цалкам матэрыял для нашага парталу. Выдалі вы каляндарыкі беларускамоўныя, заўтра вы іх — чатыры новыя каляндарыкі — убачыце на нашым партале. І людзі будуць ведаць, што ў калекцыю беларускамоўных каляндарыкаў дадаліся яшчэ чатыры.

Больш за тое, мы хочам кантактаваць з усімі беларускамоўнымі сайтамі, парталамі, незалежна ад таго, дзяржаўныя яны ці недзяржаўныя, у Беларусі яны знаходзяцца ці за мяжой. Мы хочам сябраваць і кантактаваць з усімі асяродкамі беларушчыны як у самой краіне, так і за межамі. Таксама спадзяёмся, што ў нас будуць кантакты з усімі катэдрамі беларускай мовы ў сьвеце, з усімі ўнівэрсытэтамі хочам абменьвацца інфармацыяй. Вось, напрыклад, нядаўна наш прадстаўнік выступаў у Эдынбурзе, дык там вельмі шмат было пытаньняў да беларускай мовы з боку шатляндцаў. Так што працы хопіць на ўсіх».

Распрацоўнікі сайту tbm-mova.by просяць актыўна далучацца да прапаганды беларускай мовы як у самой Беларусі, так і ў сьвеце і заклікаюць часьцей зазіраць на абноўленую інтэрнэт-старонку Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG