Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нобэлеўскі камітэт у Осла зарэгістраваў беларускага праваабаронцу Алеся Бяляцкага афіцыйным кандыдатам на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі міру. Як можна ацаніць шанцы Алеся Бяляцкага атрымаць гэтую найпрэстыжнейшую ўзнагароду? Ці можа вылучэньне на Нобэля беларускага праваабаронцы паўплываць на паводзіны афіцыйнага Менску і на пэрспэктыву вызваленьня Бяляцкага з-за кратаў? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Алесь Лагвінец.

Цыганкоў: «Наколькі рэальныя шанцы Алеся Бяляцкага атрымаць Нобэлеўскую прэмію міру? Ад чаго найперш гэта можа залежаць? Сёлета ўжо зарэгістравалі 231 кандыдата на Нобэлеўскую прэмію міру, канкурэнцыя вельмі высокая. Што можа паўплываць на выбар Нобэлеўскага камітэту?»

Лагвінец: «Відавочна, пры прыняцьці рашэньня ўлічваюцца шматлікія чыньнікі. Часам гэта геаграфічнае разьмеркаваньне, значнасьць рэгіёну, адпаведнасьць кандыдата актуальнай міжнароднай тэматыцы, значнасьць дасягненьняў кандыдата. Вядома, ёсьць і элемэнт непрадказальнасьці ў тым, якое рашэньне будзе прынята Нобэлеўскім камітэтам.

Вельмі важна тое, што ёсьць прыярытэтам міжнароднага жыцьця на той момант, калі прымаецца рашэньне. Трэба зазначыць, што апошнімі гадамі праваабаронцы былі, можна так сказаць, прыярытэтнай катэгорыяй. Нобэлеўская прэмія ўжо была прысуджаная шэрагу праваабаронцаў. З гэтага пункту гледжаньня, мне падаецца, шанцы Алеся Бяляцкага даволі высокія. Гэта чалавек, добра вядомы ў Нарвэгіі, чалавек, які мае высокі аўтарытэт ня толькі ў Эўропе, але і шырэй — у эўразійскім рэгіёне.

Шанцы Бяляцкага высокія яшчэ і таму, што апошнімі гадамі наш рэгіён Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ня быў прадстаўлены ў сьпісе ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру».

Цыганкоў: «Ці можа вылучэньне беларускага праваабаронцы на Нобэля паўплываць на паводзіны афіцыйнага Менску і на пэрспэктыву вызваленьня Бяляцкага з-за кратаў? Магчыма, улады Беларусі могуць палічыць, што лепш выпусьціць Бяляцкага на волю — дзеля таго, каб зьменшыць верагоднасьць атрыманьня ім Нобэлеўскай прэміі?»

Лагвінец: «Незалежна ад таго, што будуць рабіць улады Беларусі, кандыдатура Бяляцкага ўжо вылучаная. Мне здаецца, што ён можа быць (магчыма, разам зь іншым праваабаронцам) вельмі сур’ёзным прэтэндэнтам на гэтую ўзнагароду. Для Беларусі вельмі важна, што наша краіна на слыху ў міжнароднай грамадзкасьці.

Што да магчымасьці вызваленьня… Былі праваабаронцы, якім прысуджалася Нобэлеўская прэмія міру, і яны па-ранейшаму заставаліся ў турме альбо былі інтэрнаваныя. Я лічу, што калі прэмія будзе прысуджаная Бяляцкаму, ціск на ўлады Беларусі павялічыцца, і гэта, хутчэй за ўсе, паспрыяе вызваленьню Алеся Бяляцкага».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG