Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэты кліп усе ўспрымаюць як нейкі прыкол»


Ксенія Дзягелька

Ксенія Дзягелька

У інтэрнэце вялікі розгалас атрымаў прапагандысцкі рэп «Я из деревни!» у выкананьні сяміклясьніцы з гарадзкога пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласьці Ксені Дзягелькі. 18 красавіка ў райцэнтар Акцябрскі прыяжджалі нават супрацоўнікі КДБ, каб спраўдзіць, ці сапраўды відэакліп мае патрыятычны зьмест.

А сёньня, 19 красавіка, у мясцовы Дом дзіцячай творчасьці, дзе высілкамі настаўніка-гурткоўца Андрэя Павука нарадзіліся тэкст і музыка кліпа, прыехалі супрацоўнікі дзяржаўнага тэлебачаньня, каб з афіцыйнага гледзішча патлумачыць тэкст прапагандысцкага кліпа: «Долой мини-юбки! Короткое, узкое! Теперь покупать будем всё белорусское!», «Достанем из недр наших фосфор и калий, чтобы в достатке работал аграрий!»

У Доме творчасьці папярэджваюць: «Мы ўсе камэнтары пакінем АНТ, БТ. Вот! Пракамэнтуем усю гэтую сытуацыю».

Тым часам бацькі Ксені аберагаць 13-гадовую дачку ад дачаснай папулярнасьці: відэакліп рыхтаваўся на піянэрскі конкурс «Я — лідэр», які мае адбыцца ў Мазыры на наступным тыдні — 25 красавіка. Мама Ксені па-філязофску ставіцца да нечаканай даччынай папулярнасьці: «Слава — справа такая, яна прыходзіць і сыходзіць. Я з асьцярогай на гэта гляджу. Будзе конкурс, будуць размовы. Меркаваньні розныя».

І сапраўды, нават у Акцябрскім па-рознаму ўспрымаюць пасажы кшталту «Скажем спасибо за хлеб на полях и за хорошую жизнь в деревнях».
Мне не па сабе ад гэтага, што дзяцей уцягваюць у такія рэчы.

Распавядае малады бацька з райцэнтру Акцябрскі: «Калі б гэта была нейкая дзіцячая тэматыка, тады б можна лагадней паставіцца. Па форме кліп яшчэ нічога, а па зьмесьце... Мне не па сабе ад гэтага, што дзяцей уцягваюць у такія рэчы».

Навучэнец Аляксандар з Акцябрскага лічыць, што дзяўчынку проста выстаўляюць у якасьці выразьніка думак моладзі пра заможнае жыцьцё пад кіраўніцтвам вясковага лідэра: «Арганізавалі і проста чалавека выставілі. Як быццам усё гладка, усё добра, весела. Балёнікі ўсім выдалі, на плошчу выгналі. Сэнсу я наагул ня бачу — глупства нейкае. Гэта толькі па тэлевізары паказваюць і хочуць усіх пераканаць. А насамрэч далёка ня ўсё так. Кліп гэты — як бы меркаваньне моладзі. Навязваюць яго нам. А кліп — проста нейкая ганьба».

Многія гомельскія школьнікі катэгарычныя ў сваіх меркаваньнях.

Дзесяціклясьнік Андрэй: «Я лічу, што ўвесь гэты праект, распачаты БРПА і БРСМ — поўная лажа. Моладзь ня будзе на такое кляваць».

Аднаклясьніца Андрэя лічыць відэакліп «прыколам», зь якога ў інтэрнэце проста пацяшаюцца: «Гэта наагул усе ўспрымаюць як нейкі прыкол. Ня ведаю, гэта жах на самой справе. Гэта нейкі калгас! Для сучаснай моладзі гэта вельмі сьмешна. Я пачатак паглядзела, вытрымала, можа, хвіліну. Проста ўсьміхалася з гэтых прыколаў. Мне падаецца, што гэта прыкол. Усе так успрымаюць».

Але як жа быць з патрыятычным зьместам відэакліпу, на які яўна разьлічвалі ягоныя стваральнікі?

Школьніца Паліна: «Я ня бачу абсалютна нічога патрыятычнага. Нават калі браць патрыётаў, то гэта нейкія кпіны з нас».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG