Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь пераглядае свае падыходы да арганізацыі аховы мяжы з Эўразьвязам. Прадстаўнікі Дзяржаўнага памежнага камітэту заявілі, што беларускія памежнікі цяпер будуць менш увагі зьвяртаць на тых, хто выяжджае з краіны. У падтэксьце гэтых заяваў гучаць прэтэнзіі да Эўразьвязу за ўвядзеньне санкцый ды прыхаваныя пагрозы, што Беларусь больш ня будзе выдаткоўваць вялікія сілы і сродкі, каб не прапускаць на Захад нелегальных мігрантаў.

Што думаюць жыхары беларускага памежжа пра аслабленьне памежнага кантролю зь беларускага боку? Ці не пагражае гэта наплывам нелегальных мігрантаў?

Менск


Напярэдадні КДБ Беларусі распаўсюдзіў у дзяржаўных СМІ інфармацыю, што празь Белавескую пушчу на тэрыторыю Польшчы перапраўлена група нелегальных мігрантаў з больш чым дзесяці жыхароў Аўганістану. Начальнік Цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Беларусі Аляксандар Антановіч удакладніў для журналістаў:

«Цяпер адзначаецца рост плыні нелегальнай міграцыі з краінаў Азіі ў краіны Эўразьвязу. На жаль, гэтыя каналы міграцыі, як сьведчаць доказы, маюць і тэрарыстычную накіраванасьць».

Суразмоўца таксама зьвярнуў увагу, што, паводле зьвестак беларускага КДБ, для незаконнай міграцыі ў Эўропу былі падрыхтаваныя яшчэ 137 аўганцаў.

Былы супрацоўнік КДБ Валеры Костка перакананы, што зараз афіцыйная Беларусь актывізуе свае пагрозы паслабіць кантроль на мяжы з Эўразьвязам. Гэтаму папярэднічалі адпаведныя заявы Аляксандра Лукашэнкі.

Костка: «Тое, што цяпер адбываецца, — гэта пэўная дыпляматычная гульня. Каб трымаць такую, як цяпер, узброеную мяжу, Беларусі патрэбныя грошы. А іх ня так шмат. І таму робіцца відавочны намёк: „Давайце, дапамагайце — і будзем трымаць мяжу!“ Фактычна гэта нейкая пагроза, тыпу: усе гэтыя хлопцы з Азіі паплывуць у Эўропу…Вось і адказ: Беларусь палохае Эўропу Азіяй…»

Гарадзеншчына


Гарадзенскі раён мяжуе з Польшчай і зь Літвою. Ці чакаюць мясцовыя жыхары пагаршэньня становішча ў рэгіёне ў зьвязку з заявамі на высокім узроўні пра тое, што беларускія памежнікі могуць аднабакова аслабіць рэжым кантролю мяжы?

Журналіст польскай «Газэты Выборчэй» Андрэй Пачобут жыве ў Горадні, а нарадзіўся ў суседнім Бераставіцкім раёне, які выцягнуты ўздоўж мяжы з Польшчай. Яго меркаваньне:
Лукашэнка выкарыстоўвае гэта для псыхалягічнага прэсінгу на Эўразьвяз, на суседнія краіны.

«Лукашэнка выкарыстоўвае гэта для псыхалягічнага прэсінгу на Эўразьвяз, на суседнія краіны. Побач з Горадняй — ня толькі мяжа з Польшчай, але мяжа з Эўразьвязам. Вядома, што нелегальная міграцыя — гэта сур’ёзная праблема для ўсяго Эўразьвязу. Разам з тым гэтая мяжа дастаткова шчыльна ахоўваецца з боку Эўразьвязу».

Андрэй Пачобут сумняецца, што калі беларускі бок аслабіць кантроль на мяжы, павялічыцца нелегальная міграцыя ў краіны Эўразьвязу.

Пачобут: «Калі людзі будуць пераходзіць празь Беларусь спакойна, іх будуць затрымліваць з боку Польшчы і Літвы. Большая праблема будзе не на польскай, а на літоўскай мяжы. Гэта вынікае з таго, што калі былая савецка-польская мяжа створана і абсталявана даўно, то мяжа зь Літвой у Беларусі зьявілася ў 1990-я гады, і яна слабей абсталяваная, між іншым, месцамі і на Гарадзеншчыне. І там увесь час ідзе нейкі рух нелегальны. Зь ім змагаюцца і на беларускім баку, і на літоўскім. Але ён усё роўна прысутнічае. І вось там, на гэтым кірунку сапраўды можа быць праблема, калі беларусы аслабяць кантроль».

Спадар Алесь мае дом у Гарадзенскім раёне непадалёк ад літоўскай мяжы. Яго апошнія ўражаньні наконт кантролю на мяжы і ў памежнай зоне зь беларускага боку:

«Ведаю тых, хто езьдзіць празь мяжу. Сталі больш падрабязна даглядаць машыны, і ўвогуле памежнікі глядзяць за мытнікамі, а мытнікі за імі, і нават расьпісваюцца ў некаторых дэклярацыях абедзьве службы. А ўвогуле няма вялікай напругі на літоўскай мяжы. Павелічэньня кантролю няма. І нават менш стала пастоў у памежнай зоне, менш кардонаў робяць на дарогах».

Ці няма прыкметаў, што нелегальныя мігранты, якія спадзяюцца перайсьці беларуска-літоўскую мяжу, актывізаваліся?
Я толькі па БТ гэта бачу, што злавілі нейкіх „пшэмытнікаў“ — кантрабандыстаў, нелегалаў.

«Самае цікавае, я толькі па БТ гэта бачу, што злавілі нейкіх „пшэмытнікаў“ — кантрабандыстаў, нелегалаў. Але пакуль нейкая цішыня. Я нават кантактую з памежнікамі, няма такіх выпадкаў, каб было павелічэньне. Увогуле апошнім часам ціха стала».

Жыхароў памежных тэрыторый на Гарадзеншчыне не палохае аслабленьне памежнага кантролю з краінамі Эўразьвязу, іх больш хвалюе іншае пытаньне: калі Лукашэнка дазволіць бязьвізавы рух жыхарам 50-кілямэтровай памежнай зоны?

Спадар Станіслаў, жыхар вёскі Галынка Гарадзенскага раёну, якая знаходзіцца ў памежнай зоне на мяжы з Польшчай, кажа, што памежны рэжым цяпер не такі ўжо і строгі, ня так, як за савецкім часам.

Тады, маўляў, нават аўтобусны білет у памежную зону на гарадзенскім аўтавакзале не прадавалі без адпаведнай прапіскі ў пашпарце. Паводле яго, памежнікаў цяпер мясцовыя жыхары бачаць рэдка.

Памежнікі агітуюць у дазорныя мясцовых жыхароў


Спадар: «Памежнікі езьдзяць празь вёскі, пытаюцца мясцовых жыхароў — ці ня бачылі тут чужых людзей, просяць, калі такое здарыцца, тэлефанаваць на заставу».

Спадар Станіслаў кажа, што ніякі наплыў невядомых мігрантаў на мяжу ні яго, ні аднавяскоўцаў не турбуе. Найбольш людзей цікавіць — калі Лукашэнка адкрые бязьвізавы памежны рух для тых, хто жыве ў 50-кілямэтровай зоне? У Польшчы ў кожнага, зь яго слоў, ёсьць радня, а бачацца людзі раз на некалькі гадоў.

Жыхар вёскі Парэчча, спадар Ясь, жыве побач зь літоўскай мяжой і таксама не баіцца, што з аслабленьнем памежнага рэжыму да іх павялічыцца наплыў мігрантаў. Ён сьцьвярджае, што людзі зь нецярпеньнем чакаюць, калі змогуць бязьвізава наведваць суседнія Друскенікі і Вільню. А што да ўезду ў памежную зону, то спадар кажа:
Такога ня будзе, памежнікі дзе стаялі, там будуць стаяць.

«Гэты кантроль ужо даўно і так ня строгі. Памежнікі езьдзяць апэратыўна, не стаяць на адным месцы, няма жорсткага такога кантролю. Каго ведаюць — не спыняюць. Але, наагул, патрэбна даведка для праезду ў зону, альбо пашпарт з рэгістрацыяй. А даведку можна аплаціць у любой ашчаднай касе, здаецца 7 тысяч рублёў, і едзь сабе ў тую памежную зону».

Старшыня Парэцкага сельсавету спадар Мікалай кажа, што былі выпадкі, калі на мяжы зь Літвой затрымлівалі нелегальных мігрантаў. Яму да канца ня верыцца, што можна яшчэ нейкім чынам аслабляць памежны кантроль.

«Ну як можна аслабіць? Вы ж ведаеце, што ў нас граніца не такая, як з Польшчай, калючага дроту няма, а проста паласа. Дык што, наагул пусьціць там дарогу? Не, такога ня будзе, памежнікі дзе стаялі, там будуць стаяць».

Віцебшчына


Былы вайсковец Уладзімер Бароўка жыве на Пастаўшчыне. Рэгіён мяжуе зь Літвой, і таму многія мясцовыя жыхары спрабавалі рабіць на памежжы «бізнэс» — кантрабандай вазілі ў суседнюю краіну цыгарэты і прадукты. Праўда, апошнім часам нелегальных «бізнэсмэнаў» істотна паменела, кажа спадар Бароўка:

«Каб нехта нешта хапаў у крамах, вазіў, перавозіў — ужо няма такога ажыятажу. Можа, у Літве цяпер ёсьць усё гэта? Ня ведаю. Але так, як раней вазілі цыгарэты ці што — такога ўжо няма. На запраўках літоўцы запраўляюцца, так. Але каб вазілі прадукты, іншае што — няма ўжо».
На запраўках літоўцы запраўляюцца, так. Але каб вазілі прадукты, іншае што — няма ўжо.

Спадар Бароўка мяркуе, што нічога асабліва ня зьменіцца, нават калі будзе аслаблены памежны кантроль зь беларускага боку і, магчыма, стане лягчэй перапраўляць «кантрабанду»:

«Дужа нічога ня зьменіцца. Хіба трохі нешта пойдзе ад нас туды ці адтуль сюды. Але ж у нас усё падаражэла, прадукты, мусіць, зусім туды нявыгадна вазіць… Усё ўпіраецца ў тое, што цэны сталі ўжо завялікія для нас!»

На памежжы з Латвіяй традыцыйна палююць на беларускія цыгарэты — гэта цяпер галоўны кантрабандны тавар. Іх перавозяць на латыскі бок і на звычайным аўто, схаваўшы дзе толькі можна, і з дапамогай розных хітрыкаў, апавядае жыхарка Верхнядзьвінскага раёну спадарыня Надзея:

«Недзе цыгарэты ўжо на плытах сплаўлялі — ужо лёд сышоў… Іх у цыратовыя пакеты тады кладуць. І калі ў вугаль — таксама ў пакеты. Ёсьць цягнікі грузавыя, з вугалем, што йдуць у Латвію.Тады цыгарэты загортваюць у чорную цырату і закопваюць у вугаль. А памежнікі іх потым адкопваюць»…

Каб выкрываць «кантрабандыстаў-цыгарэтчыкаў», ладзяцца цэлыя апэрацыі з удзелам памежнікаў і спэцслужбаў. Калі памежны кантроль зь беларускага боку будзе не такі жорсткі, нелегальныя грузы спыняць на латыскім баку, лічыць спадарыня Надзея. Таму пэрспэктывы яна бачыць такія:

«Я ня ведаю, сэнс хіба ў тым, што нашы слаўныя рабяты памежнікі будуць больш адпачываць? Скажуць: «Навошта нам каго лавіць? Няхай пруць што хочуць у той Эўразьвяз!»

Берасьцейшчына


Берасьцейцы лічаць, што аслабленьне памежнага кантролю для іх нічым не абернецца. Адны называюць гэта спробай шантажаваць Эўразьвяз, а іншыя — пустой дэклярацыяй.

Праваабаронца Ўладзімер Вялічкін зь Берасьця называе заяву пра аслабленьне памежнага кантролю зьнешнепалітычным шантажом. Спадар кажа, што берасьцейцы ад гэтага выгодаў не пабачаць:

«Для берасьцейцаў гэта ня будзе азначаць роўна нічога. А мэта, гэта адназначна, — шантажаваць: як Усход, так і Захад. Палёгкай гэта ня будзе, кантроль за сваімі грамадзянамі ажыцьцяўляцца будзе, як і раней. Трэба ж кудысьці падзець асабісты склад, праводзіць пэўныя мерапрыемствы, скарачаць памежныя войскі ці перакідаць на іншыя ўчасткі мяжы. А гэта таксама сродкі».

Жыхар Берасьця Віктар Клімус кажа, што гэта ня будзе палёгкай і для мясцовых кантрабандыстаў:

«Не, ім гэта не палепшыць жыцьцё. Бо тыя, хто займаецца кантрабандай зь Берасьця, яны баяцца не беларускіх памежнікаў і мытнікаў, а польскіх. Беларусь ніколі асабліва не правярала на вываз цыгарэт і ўсяго астатняга. Ну, ня лічачы паліва апошнім часам».
Хто займаецца кантрабандай зь Берасьця, яны баяцца не беларускіх памежнікаў і мытнікаў, а польскіх.

Спадар Клімус перакананы, што ня зьменяцца і міграцыйныя плыні:

«Мігрантаў ад гэтага ў нас ні больш, ні менш ня стане. А што да магчымасьці таго, каб гэта стала лішнім калідорам для мігрантаў з Усходу на Захад, то ня думаю, што эўрапейцы ня змогуць кантраляваць уезд на сваю тэрыторыю непажаданых ім асобаў».

Віктар Гарбачоў, старшыня зарэгістраванага ва Ўкраіне грамадзкага аб’яднаньня «За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва», — былы савецкі памежнік. Скончыў ваенную вучэльню, служыў на розных афіцэрскіх пасадах. Яго цьвёрдае перакананьне: «Парушальнікі Закону аб дзяржаўнай мяжы рана ці позна будуць прыцягнутыя да адказнасьці»:

«Перадусім пакуль ніхто не адмяняў дзейнага заканадаўства аб воінскай службе і яго складовай часткі — Закону аб дзяржаўнай мяжы. Ёсьць прысяга й ёсьць служба. Па-другое, ёсьць воінскі гонар. Таму заявы кшталту „Я аслаблю, я зраблю…“ — у прынцыпе недапушчальныя, бо ў такім разе трэба зьмяняць заканадаўства, а на сёньня ў ім дасканала прапісана, што мусіць забясьпечваць памежная служба ў мэтах захаваньня бясьпекі для сваёй краіны і чаго не дапускаць з боку суседніх краінаў…»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG