Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнік пісьменьніка: літаратурная траўма


Траўма ў тым сэнсе, што ты паранены назаўсёды жаданьнем замацаваць уражаньні, знайсьці словы, перадаць на паперы. Словы адзіна патрэбныя, узважыць іх ня раз, адшліфаваць, як хваля гальку. Як перадаць радасьць ад карнавалу? Або ты ўбачыў у небе халодныя россыпы фэервэрку… Як захапленьне словамі адлюстраваць, калі ты малы, цябе вязуць у санках, сухі марозны сьнег зіхаціць? Заплюшчыць вочы і затрымаць імгненьне!

Я звычайна запыняю сябе на думцы, што кожнага разу ў думках фіксую ўражаньні ад узьлёту і пасадкі, калі даводзіцца часам кудысьці лятаць. Свае адчуваньні, паводзіны самалёта. Ляндшафт спадыспаду. А калі вы плывяце ў белай пене, узьняўшыся «бліжэй да Бога»... Шукаеш ліхаманкава словы і не знаходзіш, яны бляклыя.

Як я ўступіў у Саюз пісьменьнікаў


Казаць: лепей бы я ў яго не ўступаў — бессэнсоўна, нічога зьмяніць нельга, адступіць на крок назад немагчыма. Гэта здарылася ў красавіку: мяне прынялі ў саюз, а назаўтра ня стала маёй мамы. Ты ня можаш сказаць: я адмаўляюся ад усяго, я ня буду больш нічога пісаць, я жадаю абнуліць…

Летам 93-га, пасьля таго, як выйшла мая кніжка «Янычары», я завёз у Саюз пісьменьнікаў рэкамэндацыі (адну мне напісаў Кастусь Тарасаў). Сакратар (ён ужо не жыве таксама) сказаў, што не хапае выпіскі з працоўнай кніжкі. Але мяне так паглынулі газэты, «Пагоня», «Свабода», што не да выпіскі зрабілася зусім. Я больш ня мог пісаць прозу і баяўся, што ня здолею аднавіць у сабе гэтую здольнасьць.

І толькі празь пяць гадоў сабраўся давесьці справу да выніку. Саюз пісьменьнікаў тады яшчэ ня выселілі на вуліцу, але пісьменьнікі начальства ўжо раздражнялі моцна. Што ж, атрымаў білет, Іван Шамякін паціснуў руку, штосьці добрае сказаў. Палічыў патрэбным, хоць мы незнаёмыя былі. Ведаў толькі, што яны землякі з маім цесьцем.

Пазваніў маме, заначаваў у сябра, яго таксама няма больш, вось так усё фатальна бывае. Мама, зь якой дамовіліся, што падыдзе да аўтобуса, які спыняўся ў Лідзе, раптам бярэ сярод працоўнага тыдня адгул і едзе саджаць на дачу раньнюю бульбу. Надвор’е яшчэ няўстойлівае, дачнікі пакуль толькі вывучаюць «лунны каляндар».

Паўгады толькі мінула, як памёр цесьць, таксама на дачы, бульбянішча на зіму сьпяшаўся перакапаць. Цяжкая размова, але мы пра гэта гаварылі: што нельга перабольшваць сілы, што трэба зважаць на ўзрост і свой стан, на хваробы. Але яна якраз у гуморы, напэўна думала пры канцы пра мяне і Саюз пісьменьнікаў… Так усё складаецца ў жыцьці: дача — гэта не для мяне і да бульбы я абыякавы.

За мяжой


Калісьці мы жылі за мяжой, і мама прывезла нейк зь Менску дзьве кніжачкі — Купалу і Коласа. Тады ў нас дома толькі яна па-беларуску чытала. Першую я не знайшоў, а другая ў мяне: апавяданьні, «Народная асьвета», 1967.

Аднойчы мама купіла ў Бэрліне сакваяж, прызнаўшыся, што марыць, каб я быў студэнтам і хадзіў зь ім ва ўнівэрсытэт. Было зарана, але сакваяж быў як мае быць. Я даўно ім не карыстаюся, але ён дагэтуль у мяне.

Куды пайсьці вучыцца? Бацька ў гэтым ня ўдзельнічаў. Цьмяна выказаўся толькі нейк, што калі ў мяне зрок ня вельмі, то самае мне месца ў вежы на аэрадроме, кіраваць палётамі. Можна падумаць, я ў лётчыкі зьбіраўся, максымум, што мне падабаліся парашуты.

Уявіць: сяджу ў гэтай дурацкай вежы зь сюжэтамі ў галаве, а перад вачыма чарговы дае фарсаж…

«Першым дзелам самалёты»


Бацьку ніколі не цікавіла мая проза, ніколі не трымаў у руках маіх кніг. Яго абыякавасьць мяне не кранае, прызвычаіўся. Мне даўно вядома, што ў жыцьці чужыя людзі могуць быць раднейшымі за родных. Кожны мае вольную руку, каб выбіраць.

Мы глядзім у супрацьлеглыя бакі, у нас няма агульных інтарэсаў, тэмаў для размовы. Каб не маўчаць, задаю пытаньні. Гэта цікавасьць празаіка: удакладняю тое, што ведаю сам, выпытваю аб тым, чаго ня знаў. Нават калі мне гэта не прыдасца. Успаміны — звыклая для ваякаў справа. Яны апынаюцца на пэнсіі ў пяцьдзясят і яшчэ на дваццаць пяць здаюцца ў палон успамінам, каму колькі пашанцуе. Хто дзе і з кім служыў, здарэньні, як «выпівалі». Зразумела, пад чарку ўспамінаюць, мне думаецца, гарэлка важнейшая ад саміх размоў. Тосты таксама важная рэч. Хаця потым абыходзяцца бязь іх, усё ж на першым месцы — «градусы».

Шэрагі радзеюць. Узрост, хваробы, гарэлка, ніхто ня ведае: калі і ад чаго, усё роўна як у лётчыкаў здаралася — на ўзьлёце ці на пасадцы. Але ад успамінаў нідзе не падзецца. Я перапоўнены вайсковымі, авіятарскімі гісторыямі. Пытаньні задаваць зьнікае жаданьне. Мы сядзім моўчкі, назіраем за рухам самалётаў, зразумела, калі ёсьць палёты. У вакне гасьцёўні яны, як на вялікім экране, узьлятаюць і заходзяць на пасадку. Нічога не памянялася за цэлую эпоху: яны па-ранейшаму «чырвоназорныя».

Мне падабаюцца самалёты і, бадай, люблю авіятараў. Хаця мяне заўсёды непрыемна зьдзіўлялі дозы, усё ж «праца з мэханізмамі». Калі ты лятаеш, трымай сябе ў руках. Так што хутчэй сёньня мне больш падабаюцца перавозчыкі, без дынаміту на борце. Выдатныя фуражкі, побач неверагодныя стуардэсы з валізкамі, крочаць шырока плошчамі аэравакзалаў: усьмешкі, рэклямны выгляд. Апошнім разам бачыў гішпанскіх, нямецкіх. А ўпершыню ўразілі харвацкія: дамашні рэйс на Заграб, дзе касьцёлаў яшчэ больш, чым у Горадні.

Ня мыльная опэра


Чытаю ў сьвежым інтэрвію Фрэнсыса Копалы: «Жыцьцё — гэта ўсё: і трылер, і фільм жахаў, і любоўная гісторыя. Зараз мне хочацца пісаць самому. І гэта я буду рабіць у тым жыцьці, якое ў мяне засталося». Яму хочацца лічыць сябе сапраўды пісьменьнікам, а не пісаць адно сцэнары. Ён аддае перавагу менавіта прафэсіі пісьменьніка, а не сваёй, рэжысэрскай. Мае рацыю: пісаць цікава і гэта — спосаб перажываць драмы. Хаця можна пазбыцца голасу. Але калі адчуў першыя прыкметы, варта ўсё часова кінуць і купіць квіток на самалёт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG