Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі аблвыканкам — за знос дома, дзе жыў Гарэцкі


Дом у Горках, дзе жыў Гарэцкі.
Дом у Горках, дзе жыў Гарэцкі.

Магілёўскі аблвыканкам вырашыў зьнесьці ў Горках дом, у якім у 1920 гадах жыў літаратар і грамадзкі дзеяч Максім Гарэцкі.

Пра гэта гаворыцца ў лісьце кандыдату гістарычных навук Аляксандру Каданчыку. Ліст падпісаны намесьнікам старшыні аблвыканкаму Анатолем Чорным.

Аляксандар Каданчык: «Зь ліста вынікае, што ў доме давядзецца шмат чаго перарабляць, а гэта парушыць аўтэнтычнасьць будынка, таму трэба зносіць. Гэта рашэньне аблвыканкаму, і яно, зразумела, ужо прынятае. Цяпер будзем чакаць, што адкажа Міністэрства культуры. Паводле заканадаўства пакуль пытаньне аб зносе застаецца на парадку дня Мінкульту, то будынак ня зносіцца. Аднак цяжка спадзявацца, што міністэрства будзе змагацца за гэты дом пасьля рашэньня аблвыканкаму. Будзем чакаць. Мы ўсё зрабілі, каб дом застаўся, ці амаль усё».

Горацкая грамадзкасьць некалькі месяцаў бароніць дом Гарэцкага ад зносу. За тое, каб ён застаўся, было сабрана больш за трыста подпісаў. Сабраныя і дасланыя ў Міністэрства культуры дакумэнты на наданьне будынку статусу гісторыка-культурнага помніка. Мінкульт рэкамэндаваў аблвыканкаму стварыць у будынку мэмарыяльную кватэру.

Паводле мясцовай жа ўлады, занядбаны будынак вымагае значных сродкаў на рамонт, а пакуль што сваім выглядам псуе выгляд месца, дзе маюць прайсьці асноўныя падзеі «Дажынак».

Больш за два дзясяткі гадоў таму драўляны дом, дзе два гады жыў Гарэцкі, абклалі цэглай. Паводле жыхароў, тады ён і пачаў разбурацца. У 1987 годзе ў будынку меліся стварыць музэй пісьменьніка, але не стварылі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG