Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры чвэрці найбяднейшага насельніцтва сьвету ня маюць банкаўскіх рахункаў, гаворыцца ў справаздачы Сусьветнага банку.

Гэта вынікае з апытаньняў, якія былі праведзеныя летась на замову банку ў 148 краінах. Дасьледаваньне таксама паказала, што ў краінах разьвіцьця 20% самых багатых жыхароў маюць банкаўскія рахункі ўдвая часьцей, чым 20% самых бедных жыхароў. Тым, хто ня мае доступу да банкаўскай сыстэмы, часта даводзіцца спадзявацца на грошы крэдытораў, якія часта спаганяюць высокую плату, асобам, не ахопленым банкаўскімі паслугамі, таксама цяжэй пачаць уласны бізнэс і застрахаваць сябе ад нечаканых падзеяў.

У табліцы падаюцца паказьнікі ахопу насельніцтва афіцыйнымі фінансавымі інстытутамі ў Беларусі і 5 суседніх зь ёй краінах:

Доля насельніцтва, якое мае банкаўскія рахункі, у % Доля асобаў, якія маюць банкаўскія рахункі, сярод найбяднейшай часткі насельніцтва, у % Доля асобаў, якія на працягу апошняга году бралі крэдыты ў банках, у % Доля асобаў, якія маюць крэдытныя карты, у %
Беларусь 59 37 16 8
Латвія 90 82 7 20
Літва 74 66 6 13
Польшча 70 60 10 18
Расея 48 34 8 10
Украіна 41 21 8 19

У краінах Эўразьвязу, што мяжуюць зь Беларусьсю, ахоп насельніцтва банкаўскай сыстэмай значна шырэйшы, чым у Беларусі і ў яе паўдзённай і ўсходняй суседак. Асабліва высокі, амаль пагалоўны ахоп грамадзян фінансавымі інстытутамі ў Латвіі. Латвія ж зьяўляецца і лідэрам паводле долі ўладальнікаў крэдытных картак, амаль на такім жа ўзроўні – Украіна, па гэтым паказьніку Беларусь на апошнім месцы сярод усіх 6 краін. Таксама зьвяртае на сябе ўвагу тое, што ў Беларусі – найвышэйшая доля насельніцтва, якое на працягу апошняга году брала крэдыты ў банку.
XS
SM
MD
LG