Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі вернуцца амбасадары?


МЗС Беларусі
МЗС Беларусі

Эўрапейскі Зьвяз вуснамі міністра замежных спраў Славаччыны Міраслава Лайчака заяўляе, што амбасадары краінаў Эўразьвязу маюць вярнуцца ў Беларусь найбліжэйшымі днямі. А прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных паўтарыў, што пазыцыя Беларусі ў гэтым пытаньні не зьмянілася. Міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў днямі заявіў: амбасадары краінаў Эўразьвязу могуць вярнуцца ў Беларусь — пры ўмове, што за гэтым ня будзе новых санкцыяў.

Палітолягі лічаць, што для дачыненьняў Беларусі і Эўразьвязу вельмі важным стане паседжаньне міністраў замежных спраў краінаў Эўрапейскага зьвязу. Яно прызначанае на панядзелак 23 красавіка ў Люксэмбургу. Гэта дало падставу журналістам спытаць сёньня на брыфінгу прэсавага сакратара зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі Андрэя Савіных: ці магчымае вяртаньне эўрапейскіх амбасадараў у Менск, калі Эўразьвяз у панядзелак ня прыме новых санкцыяў?

Спадар Савіных сказаў, што пазыцыя Беларусі застаецца нязьменнай:

«Я думаю, што пазыцыі па дадзеным пытаньні ўжо добра выкладзеныя з абодвух бакоў. Дадаваць да гэтага пакуль нічога не патрэбна. Час пакажа».

Міністар замежных спраў Славаччыны Міраслаў Лайчак тлумачыць неабходнасьць вяртаньня амбасадараў краінаў Эўразьвязу ў Беларусь так:

«Ужо час вяртацца амбасадарам, бо нам трэба, каб амбасадары рабілі сваю працу. Яны не павінны быць часткай палітычнай спрэчкі паміж Эўразьвязам і Беларусьсю».

Як крок Эўразьвязу насустрач Беларусі ацэньвае гэтыя словы дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш:

«Гэта відавочная прапанова пра тое, што трэба аднавіць дачыненьні да таго роўню, які быў да пачатку канфлікту. І такі рух, такі ход быў даволі прадказальны. Бо варожасьць і канфрантацыя наўрад ці ўваходзілі ў пляны Брусэля. Гэта была ўвогуле ініцыятыва Менску».
Варожасьць і канфрантацыя наўрад ці ўваходзілі ў пляны Брусэля.

Сытуацыя, калі амбасадар нават адной краіны пакідае дзяржаву, дзе ён працуе, ужо трывожная — адзначае былы беларускі дыплямат Міхаіл Бацян:

«Кожны амбасадар, як гэта кажуць, у сабе ўвасабляе сваю дзяржаву. У дыпляматыі ёсьць такое паняцьце, як прадстаўнічыя функцыі. І калі ён выехаў з краіны ў такім кантэксьце, як гэта адбылося ў нас, значыць, і тая дзяржава ў дадзены момант ня хоча мець з намі занадта добрыя стасункі. А гэта вельмі дрэнна. І такія справы павінны вырашацца толькі празь перамовы. І, як мне падаецца, тут ня трэба ставіць ніякіх перадумоваў».

Пакуль жа абодва бакі асьцярожнічаюць. Пра гэта сьведчыць і такі факт — сёньня Андрэй Савіных на пытаньне, калі вернуцца ў Варшаву і Брусэль беларускія амбасадары, адказаў так:

«Гэтае пытаньне знаходзіцца ў стадыі разгляду».

Цікава, што два тыдні таму на гэтае ж самае пытаньне Андрэй Савіных адказаў гэтымі ж словамі.

На пачатку 2012 году афіцыйны Менск адклікаў сваіх амбасадараў з Варшавы і Брусэлю ў адказ на пашырэньне візавых санкцыяў з боку Эўразьвязу. Амбасадару Польшчы і кіраўніку прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі беларускія ўлады прапанавалі выехаць у свае краіны для кансультацыяў. У адказ краіны Эўразьвязу таксама адклікалі сваіх амбасадараў зь Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG