Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: Зьневажальныя ўлёткі супраць актывістаў


У Бабруйску невядомыя распаўсюджваюць улёткі зьневажальнага характару супраць актывістаў апазыцыі.

19 красавіка такімі ўлёткамі былі абклееныя будынкі побач зь месцам працы абласной каардынатаркі камітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Таісіі Кабанчук. 18 красавіка ў такой сытуацыі апынулася актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Галіна Сьмірнова. Улёткамі зьневажальнага характару былі запоўненыя паштовыя скрынкі ў пад’ездах ейнага і суседніх дамоў.

Таісія Кабанчук
Таісія Кабанчук
Таісія Кабанчук: «Тэкст на плякатах — зьневажальны і абразьлівы. Выкарыстаны фотаздымак, зроблены сёлета 25 сакавіка. На дзень Волі я ў Менску трымала плякат „Свабоду палітвязьням“. Дык вось замест „Свабоду палітвязьням“ невядомыя напісалі свой тэкст, у якім увязана тое, кім я цяпер працую, прыбіральшчыцай, з маёй грамадзкай дзейнасьцю. Мае калегі былі шакаваныя й ня ведалі, што рабіць. Мяне сёньня на працы не было, дык яны пазрывалі гэта ўсё, павыкідалі ў сьметніцу. Пазванілі мне, і я пабачыла тыя плякаты. Хто гэта зрабіў? У мяне толькі здагадкі. Зразумела, што гэта спроба дыскрэдытаваць тых, хто ў Бабруйску праяўляе хоць якую актыўнасьць напярэдадні Чарнобыльскага шляху і пасварыць актывістаў. Цяпер мы абдумваем плян сваіх дзеяньняў у адказ».

Галіна Сьмірнова
Галіна Сьмірнова
Паводле Галіны Сьмірновай, ва ўлётках супраць яе зьневажаецца ўся ейная сям’я. Актывістка зазначае, што ў тэкстах з эратычнымі ілюстрацыямі згадваюцца даўно забытыя падзеі з выдуманымі высновамі. Пра тыя падзеі, кажа спадарыня Сьмірнова, ведала абмежаванае кола людзей.

У Бабруйску гэта ня першыя выпадкі, калі актывістаў апазыцыі дыскрэдытуюць з выкарыстаньнем зьневажальных выпадаў. Летась невядомыя сьпісалі пад’езд дома, дзе жыве Таісія Кабанчук, і навакольныя дамы таксама абразьлівымі тэкстамі на адрас актывісткі. Паводле спадарыні Кабанчук, тэксты былі падпісаныя абрэвіятурай «Маладога фронту».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG