Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юлію Цімашэнку зноў судзяць


У Харкаве праходзіць папярэдняе слуханьне ў судзе па яшчэ адной крымінальнай справе ў дачыненьні да былога прэм’ер-міністра Ўкраіны Юліі Цімашэнкі — аб фінансавых махінацыях карпарацыі «Адзіныя энэргасыстэмы Украіны» (АЭСУ), якой яна кіравала ў 1990-я гады.

Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода, нягледзячы на судовае рашэньне аб забароне масавых мерапрыемстваў, на плошчы перад будынкам Харкаўскага абласнога апэляцыйнага суду, дзе пачаўся другі працэс над Юліяй Цімашэнка, тут сабраліся каля пяці тысяч яе прыхільнікаў і апанэнтаў. Ахоўнікі парадку пакуль не разганяюць дэманстрантаў. Падтрымаць Юлію Цімашэнку зь Кіева прыбылі дэпутаты Вярхоўнай Рады і яе аднапартыйцы.

«Гэтым судовым працэсам улады пачынаюць другую хвалю палітычных рэпрэсіяў у краіне. Напярэдадні адбыліся ператрусы апазыцыянэраў і прагучалі пагрозы новых арыштаў» — сказаў нашаму радыё першы намесьнік кіраўніка партыі «Бацькаўшчына» Аляксандр Турчынаў.

Сама экс-прэм’ер, якая адбывае цяпер сямігадовае пакараньне за перавышэньне паўнамоцтваў у харкаўскай калёніі, з-за хваробы адмовілася ад удзелу ў гэтым судовым паседжаньні.

Цімашэнцы цяпер інкрымінуюць буйны крадзеж, ухіленьне ад выплаты падаткаў і службовы падлог. Па адпаведных артыкулах Крымінальнага кодэкса ёй можа пагражаць ад 7 да 12 гадоў зьняволеньня.

Адвакат Юліі Цімашэнкі Сяргей Уласенка называе вылучаныя цяпер абвінавачаньні незаконнымі. Паводле яго, матэрыялы справы тычацца выключна 1997-1998 гадоў, калі яго падабаронная ўжо не працавала ў АЭСУ, а была дэпутатам Вярхоўнай Рады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG