Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агенцтва Standard & Poor’s палепшыла прагноз па рэйтынгу Беларусі

  • БелаПАН

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor’s пацьвердзіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі на ўзроўні «B-» і палепшыла прагноз па ім да «стабільнага» з «нэгатыўнага». Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні агенцтва.

«Перагляд прагнозу адлюстроўвае бачаньне намі прыкмет стабілізацыі ў беларускай эканоміцы», — кажуць аналітыкі Standard & Poor’s.

S & P адзначае, што рэзэрвы ў замежнай валюце растуць, непасрэдны ціск на абменны курс беларускага рубля аслаб, а інфляцыя, хоць яшчэ і досыць высокая, паступова запавольваецца.

Акрамя таго, агенцтва пацьвердзіла кароткатэрміновы рэйтынг Беларусі на ўзроўні «C».

Разам з тым рэйтынгі Беларусі, на думку S & P, абмяжоўваюцца палітычнымі рызыкамі, высокай залежнасьцю ад зьнешняга фінансаваньня, а таксама нежаданьнем ураду праводзіць неабходныя структурныя рэформы для паляпшэньня канкурэнтнага асяродзьдзя ў краіне.

У верасьні мінулага году Standard & Poor’s панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны рэйтынг Беларусі да «B-» з «B». Паніжэньне рэйтынгаў краіны было абумоўлена яе залежнасьцю ад зьнешняга фінансаваньня з-за вялікага дэфіцыту па рахунку бягучых апэрацый і вельмі нізкага ўзроўню даступных рэзэрваў.
XS
SM
MD
LG