Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія ўлады ня хочуць ладзіць пікеты разам зь сябрам КХП БНФ


 Ян Дзяржаўцаў
Ян Дзяржаўцаў

Ян Дзяржаўцаў атрымаў адмовы з трох раённых адміністрацыяў, куды зьвяртаўся з заяўкамі на правядзеньне пікетаў 22 красавіка.

Сябар КХП БНФ апавёў, што яму адмовілі зь дзьвюх прычынаў:

«Па-першае, мне напісалі, нібыта я падаў заяўкі са спазьненьнем. Ня ведаю, як яны лічаць 15 дзён, вызначаных паводле заканадаўства: я лічу з таго дня, як я аднёс лісты на пошту, там ставяць штэмпель — значыць, усё, менавіта ў гэты дзень я зьвярнуўся. Буду гэта даводзіць у судзе. Другая прычына — што няма дамоваў зь міліцыяй, мэдыкамі і камунальнікамі на абслугоўваньне пікету. Але ж я прасіў, каб улады далучыліся да маёй ініцыятывы! А ў тым выпадку, калі арганізатарамі выступаюць улады, ніякіх дамоваў не патрабуецца. Толькі ж улады ня хочуць гэтага: у адмовах пра тое, ці прымаюць яны маю прапанову арганізаваць пікеты разам, ці не — няма нават згадкі!»

Ян Дзяржаўцаў лічыць так: раз улады нічога ня кажуць пра супрацоўніцтва — значыць, ад яго адмаўляюцца.

Мэта пікетаў, якія актывіст хацеў правесьці 22 красавіка, — перадусім інфармацыйная. У дзень народзінаў Уладзімера Леніна ён зьбіраўся абмеркаваць з жыхарамі Віцебску шкоду камуністычнай ідэалёгіі, накіраваную на зьнішчэньне мовы, культуры і нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў.

Цяпер спадар Дзяржаўцаў чакае адказаў зь Першамайскай, Кастрычніцкай і Чыгуначнай адміністрацыяў Віцебску наконт пікетаў, замоўленых на 26 красавіка. Яны прысьвячаюцца ўгодкам чарнобыльскай трагедыі. У заяўках спадар Дзяржаўцаў таксама прапанаваў старшыням раённых адміністрацыяў далучыцца да арганізацыі гэтых акцыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG