Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падарожжа ў разбураны Магілёў


Вечарына праходзіла ў касьцёле

Вечарына праходзіла ў касьцёле

У Магілёве Таварыства беларускай мовы адзначыла Міжнародны дзень аховы помнікаў і гістарычных мясьцін вандроўкай па разбураным горадзе.

На вечарыне, якая адбылася ў касьцёле Небаўзяцьця найсьвяцейшай панны Марыі, зьнішчаную магілёўскую старасьветчыну тэбээмаўцы паказалі на фотаздымках тром дзясяткам чалавек. Іх аўтары фіксавалі пераважна культавыя будынкі, якімі славіўся горад. Амаль усе сьвятыні разбураныя. Цяпер Магілёў славіцца падмуркамі гэтых сьвятынь.

Старшыня магілёўскай суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў: «Пакуль захоўваюцца падмуркі, захоўваецца магчымасьць аднаўленьня будынкаў. Ёсьць адпаведныя міжнародныя нормы. Багаяўленскую царкву можна аднавіць, касьцёл сьвятога Ксавэрыя можна аднавіць, а таксама касьцёл сьвятога Антонія можна. Самае галоўная, каб была мэта – аднавіць гістарычны цэнтар Магілёва».

Касьцёл, дзе праходзіла вечарына, захаваўся цудам. Яго пасьпелі адгарадзіць будынкам ад тых месцаў, дзе актыўна руйнавалі іншыя сьвятыні. Потым у ім разьмясьцілі архіў. У дзевяностых у касьцёле аднавіліся богаслужэньні.

На вечарыне пробашч касьцёлу Раман Факсінскі абвясьціў, што ўлетку пачнецца рамонт будынка, дзе разьмесьціцца Каталіцкі душпастарскі цэнтар. «Патрэбная дапамога добраахвотнікаў», – зьвярнуўся да грамады сьвятар.

Раман Факсінскі: «Будынак мы купілі за свае грошы, за грошы нашых сяброў спонсараў. Ад 2004 году мы чакалі гэтага моманту. Нас падводзілі праектанты. На першы этап маем дазвол зь Міністэрства культуры. Будзем рамантаваць дах, рэстаўраваць фасад. Будынак занядбаны. У касьцёле замала месца, каб праводзіць выставы, іншыя адукацыйныя і асьветніцкія мерапрыемствы. Вось гэтай справе і будзе служыць наш цэнтар».
Раман Факсінскі на вечарыне

Раман Факсінскі на вечарыне


Будынак душпастарскага цэнтру знаходзіцца на пешаходнай вуліцы Ленінскай, непадалёк ад касьцёлу Небаўзяцьця найсьвяцейшай панны Марыі. Касьцельны будынак таксама вымагае рамонту. Ён знаходзіцца ў камунальнай гарадзкой уласнасьці. Вернікі не аднойчы зьвярталіся да ўлады, каб тая перадала яго ва ўласнасьць каталіцкай грамадзе, але пакуль безвынікова.
XS
SM
MD
LG