Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ўзарваў мэтро? XXХIV. Працяг дзіўнага экспэрымэнту


Уладзімер Захматаў

Уладзімер Захматаў

Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?

Ад аўтара

Аўтар дзякуе ўсім, хто дасылае ўдакладненьні, заўвагі і парады. Яны бяруцца пад увагу і будуць улічаныя пры падрыхтоўцы кнігі да друку.

Між тым з часткай заўваг аўтар ня можа пагадзіцца, бо мае свой погляд на тое, што бачыў на судзе і пра што даведаўся, вывучаючы акалічнасьці справы. На гэтыя заўвагі аўтар гатовы адказаць і абмеркаваць іх, калі кніга будзе надрукаваная.

Сьледчы экспэрымэнт, які праводзіўся ўначы 15 красавіка, пасьля здымак у мэтро і на плошчы Свабоды, куды Канавалаў прывёў сьледчых у пошуку месца, дзе нібыта пазбавіўся ад пульта, меў досыць дзіўны працяг. З плошчы Свабоды Канавалаў у суправаджэньні сьледчых накіраваўся не на вуліцу Караля, на арандаваную кватэру, што было б лягічна, а зусім па іншым адрасе — на кватэру непадалёк, у тым жа раёне. Тую кватэру ён нібыта наймаў у ліпені 2008 году, калі, паводле сьледзтва, узрываў бомбы на сьвяце Незалежнасьці — адну няўдала, другую пасьпяхова. І што ж убачыла публіка на відэа гэтай часткі экспэрымэнту? А нічога пэўнага, акрамя зачыненых дзьвярэй нейкай кватэры, каля якіх сьледчыя патаўкліся, пасьвяцілі ліхтарыкам дый сышлі.

Між тым, паводле сьледзтва, менавіта ў той кватэры Дзьмітрый Канавалаў жыў больш за дзень, тут зьбіраў свае бомбы, сюды вярнуўся пасьля першай няўдалай закладкі бомбы па другі сьмяротны снарад, схаваны, як і першы, у пакунак з-пад соку. Чаму яго не завялі ў кватэру? Чаму не запыталі, дзе ён спаў, дзе зьбіраў бомбы, ці тая там мэбля? Магчыма, нешта засталося з кухоннага посуду, якім Канавалаў мог карыстацца, калі рыхтаваў свае зарады? На жаль, публіка ў судзе не пачула гэтых пытаньняў, а галоўнае — адказаў на іх.

Чаму? Магчыма, гаспадары кватэры маглі і не пацьвердзіць успаміны Канавалава, і тады ўзьніклі б сур’ёзныя сумненьні ў вэрсіі пра датычнасьць Канавалава да тэракту 2008 году. Нагадаю, што гэты тэракт, паводле сьледзтва, служыць фактычна базай для тэракту ў мэтро. Бо тады выходзіць, што менавіта аўтарства Канавалава ў тым тэракце (які спачатку чамусьці назвалі злосным хуліганствам) прывяло яго да новага злачынства ўжо ў мэтро. І праславутыя «пальчыкі», якія сталі імпульсам да ўсіх дзеяньняў Канавалава на пачатку красавіка 2011 году, пачаліся яшчэ там — у 2008 годзе, на сьвяце Незалежнасьці. Але чаму сьледчыя, якія гэтак карпатліва адпрацавалі на ўсіх дзіцячых эпізодах у справе Канавалава-Кавалёва, раптам неахайна, быццам мімаходзь ставяцца да абставінаў зьдзяйсьненьня ключавога злачынства Канавалава — эпізоду 2008 году? У мяне асабіста няма адказу — толькі чарговыя падазрэньні.

Дарэчы, загадкавыя абставіны, зьвязаныя з жытлом, якое фігуруе ў справе «тэрарыстаў», тычацца і кватэры на вуліцы Караля. Адносна яе таксама засталіся нявысьветленыя дэталі.

Уладзіслаў Кавалёў на допыце распавёў пра нейкую жанчыну, якую ён з Канавалавым убачыў 10 красавіка ў кватэры на Караля, куды яны прыйшлі з торбай з мэтро. «Яна сыходзіла, яшчэ павіталася з намі», — згадаў Кавалёў. Гэта магла сыходзіць былая кватарантка ці прыбіральшчыца, але сьведкі такога меркаваньня ня выказалі. Дырэктар кватэрнага бюро «Арміра» Дзержановіч і рыэлтар гэтага бюро, калі давалі паказаньні ў судзе, заявілі, што кватаранткі там быць не магло, а жанчына, якая магла рыхтаваць кватэру для новага кліента, знаходзілася ў іншым месцы. Такім чынам, сьледзтва і суд так і не пралілі сьвятло на гэтае пытаньне. Яно можа быць і сапраўды нязначным, але вырашаць гэта можна толькі пасьля паўнавартаснай праверкі. Мяркуючы па выніках, яе не праводзілі. Гэтаксама як і адносна сім-карткі расейскага тэлефоннага апэратара «Мегафон», знойдзенай на той жа кватэры. Але да карткі мы вернемся пазьней.


З артыкула «Экспэрт параўнаў выбух у мэтро з замахам на Гітлера»


16 студзеня, праз паўтара месяца пасьля вынясеньня прысуду Дзьмітрыю Канавалаву і Ўладзіславу Кавалёву, на сайце «Ежедневник» зьявілася інтэрвію з Уладзімерам Захматавым, незалежным экспэртам па выбухах і пажарах з Украіны, доктарам тэхнічных навук, прафэсарам.

Спадару Захматаву прапанавалі даць заключэньне пра выбух у менскім мэтро, асаблівасьці выбухоўкі, ужытай беларускімі тэрарыстамі, а таксама ацаніць праўдападабенства прынятай судом вэрсіі. Высновы прафэсара Захматава важна параўнаць з высновамі Ўладзімера Барадача. Да некаторых ацэнак экспэрта аўтар зрабіў камэнтары.




«Ежедневник», 16.01.2012.

Уладізмер Захматаў — вядомы навуковец, спэцыяліст у сфэры фізыкі гарэньня і выбуху, распрацоўшчык сучасных імпульсных сродкаў пажаратушэньня. Зь лютага 2008 году правёў ва Ўкраіне 8 незалежных расьсьледаваньняў выбухаў і вялікіх пажараў з катастрафічнымі наступствамі ў Львове, Драгобычы, Івана-Франкоўску, Баляславе, Еўпаторыі, Днепрапятроўску, Луганску. У 6 выпадках абверг заключэньні афіцыйных, дзяржаўных экспэртаў, у 2 выпадках унёс у афіцыйную экспэртызу істотныя ўдакладненьні. Выступаў у судах на запрашэньне пацярпелага боку.

— Уладзімер Дзьмітрыевіч, вам паказалі фота з адтулінай у бэтоннай пліце на месцы выбуху. Што можаце сказаць у зьвязку з гэтым?

— Тут мы бачым разбурэньне жалезабэтоннай канструкцыі з частковым разрывам стальной арматуры. На разбурэньне прыкладна такой жалезабэтоннай пліты, па элемэнтарнай прыкідцы, спатрэбілася б каля 10–13 кіляграмаў тратылу.

— Паводле вэрсіі сьледзтва, сіла выбуху была роўнай 5 кіляграмам у тратылавым эквіваленце. Ці мог ён пакінуць такія разбурэньні?

— Сьледзтву відней, бо яны бачылі карціну цалкам і ў натуры, а я — толькі фрагмэнты. Мяркую, што 5 кіляграмаў таксама маглі зрабіць такую дзірку, якую я ня бачыў у сапраўднасьці, не вымяраў яе памераў. Я таксама ня бачыў таўшчыні пліты перакрыцьця і разбураных жалезных прутоў у пліце, таму мае ацэнкі могуць насіць толькі якасны і прыблізны характар, без дакладнага разьліку эквівалентнай колькасьці выбуховага рэчыва. Да таго ж, калі ўлічыць, што торба з зарадам знаходзілася пад параўнальна тоўстай лавай і была прыціснута збоку бэтоннай апорай — тумбай лавы, а таксама, што зарад выбуховага рэчыва фактычна кантактаваў з падлогай, то 5 кіляграмаў маглі зрабіць падобную дзірку. Элемэнтарныя разьлікі з усімі каэфіцыентамі паказваюць, што было ня менш як 10 кіляграмаў, у мяне нават 13 кіляграмаў выйшла. Аналягічны выпадак у нас здарыўся ў луганскім шпіталі, там таксама была дзірка ў падлозе і абрынулася столь. Але тут столь не магла быць разбурана, бо яна занадта высока і я ня бачыў яе формы. Напрыклад, пры скляпеністай форме высокай столі на ёй пашкоджаньняў можа і ня быць. (Заўважу, што на столі станцыі мэтро «Купалаўская» ўвогуле не відаць сьлядоў ад выбуху, не паведамлялася пра іх і ў матэрыялах справы. Адсутнасьць сьлядоў выбуху на столі станцыі пэўна сьведчыць пра характар разьлёту паражальных элемэнтаў і ашчэпкаў лавы. — А.Г.)

— Чаму пры такой моцы выбуху засталіся непашкоджанымі калёны? Ці магчыма на гэтай падставе сьцьвярджаць, што выбух быў накіраваны, і тым самым паставіць пад сумнеў вынікі афіцыйнага расьсьледаваньня?

Адносна кампактнай групы дзірак у вагоне мэтро няма падстаў казаць пра нейкую адмысловую накіраванасьць

— Што калёны не разбурыліся, я тут вялікай супярэчнасьці ня бачу. Калёны ўвогуле рэдка разбураюцца. Каб калёна разбурылася, выбуховае прыстасаваньне павінна быць прыстаўлена непасрэдна да калёны. Ёсьць у маёй практыцы канкрэтны выпадак, калі чалавек, які вучыўся ў політэхнічным інстытуце на спэцыяльнасьці «Тэхналёгія выбуховых рэчываў і падрыхтоўка боепрыпасаў», захацеў узарваць помнік Усьцінаву ў Самары. Ён прафэсіянал і самаробкамі ніколі не займаўся. Ён здолеў скрасьці каля 2–3 кіляграмаў гексагену (3–4 у тратылавым эквіваленце), склаў іх у торбачку, прыставіў яе да калёны (помнік не ахоўваўся) і ўзарваў штатным дэтанатарам. Дык вось, помнік устояў, хоць ён торбу паклаў пад калёну. (Экспэрта запыталі пра пашкоджаньні, ён сам узяўся адказваць на пытаньне, чаму не разбурыліся калёны. Пашкоджаньні на калёнах насамрэч былі, дробныя сьляды можна пабачыць і цяпер. — А.Г.)

— А хіба не маглі калёны хоць бы часткова разбурыцца, напрыклад, адкалоцца мармуровыя пліты?

— Тут, бачыце, у яе такая форма ўстойлівая да разбуральнага ўзьдзеяньня, з рэбрамі жорсткасьці. Маглі адкалоцца, але трэба ўлічваць, што вакол былі людзі. Людзі ж таксама служаць добрым экранам. Вось калі паглядзець на фатаздымкі вагону, дык тут відаць, што на шляху ашчэпкаў, якія зрабілі ў ім дзіркі, не было перашкоды, не было людзей. Паміж зарадам выбухоўкі і калёнай, магчыма, былі людзі, таму яна не атрымала сур’ёзных пашкоджаньняў. На відэа добра відаць, што ў момант выбуху з вагону мэтро выходзіла шмат людзей — паток людзей, які і йшоў паўз калёну. Яны і паслужылі экранам.

— А той факт, што хлопец, які сядзеў на лаве, застаўся жывы, у той час як вагон мэтро разьвярнула, ці ня сьведчыць пра накіраванасьць выбуху?

— Гэта слушна. Але давайце паглядзім, што нам стварае накіраванасьць. Па-першае, гэта тумба лавы, да якой была прыстаўленая торба. Па-другое, закраіна лавы, пад якой стаяла торба. Таму ў асноўным на хлопца пайшла хваля ў прасторы пад лавай і адарвала яму ногі па калені. А для ягонага тулава лава стала абаронай. (Паводле экспэртызы, загінулы К. таксама сядзеў у момант выбуху на лаве, верагодна, на тым канцы, побач зь якім была пакладзеная торба з бомбай. К. выбухам разарвала на часткі. — А.Г.)

Адносна кампактнай групы дзірак у вагоне мэтро няма падстаў казаць пра нейкую адмысловую накіраванасьць. Частка выбуховай хвалі пайшла на вагон з прычыны ўмоваў, якія склаліся натуральным парадкам, — напрыклад, наяўнасьці мноства людзей паміж вагонам і эпіцэнтрам выбуху. Вельмі складана разьлічыць выбух у такой вось сытуацыі. Тут на яго ўплывае вельмі шмат фактараў, асабліва цьвёрдыя прадметы, якія знаходзіцца ў непасрэднай блізіні — тумба і сядзеньне лавы. Вазьміце для прыкладу замах на Гітлера ў 1944 годзе. Падобная абстаноўка. Гітлер стаяў за 2–3 мэтры ад выбуховага прыстасаваньня, разьмешчанага ў партфэлі, і там таксама было каля 10 кіляграмаў у тратылавым эквіваленце. Магутная вайсковая выбухоўка, выбуховае прыстасаваньне было зроблена прафэсійна, і, тым ня менш, тумба стала адыграла ролю адбівальніка і за тумбай пайшла шырокая зона экраніраваньня, Гітлер у яе трапіў і застаўся жывы, хоць шмат хто там загінуў, у тым ліку тыя, хто быў значна далей за Гітлера ад эпіцэнтру выбуху. І той хлопец, які сядзеў на лаве, калі паглядзець схему разьмяшчэньня выбуховай прылады, таксама знаходзіўся ў зоне экранаваньня, якую стваралі тумба і лава. А ногі былі па-за зонай, вось іх і адарвала.

— Ёсьць вэрсія аднаго экспэрта, што бомба была зьмешчана ўнутры тумбы. Ці гэта магчыма?

Пры выбуху зараду тратылу ў 10 кіляграмаў у радыюсе 1,5–2,5 мэтраў усе цьвёрдыя прадметы разносіць на шматкі, а на большых радыюсах пачынаецца ўжо фрагмэнтарнае разьлятаньне. А тут адпачатку, калі меркаваць па характары разбурэньня лавы і траўмах хлопца, які сядзеў на лаўцы, мы маем фрагмэнтарнае разьлятаньне, таму што выбух мяккі

— Гэта выключана. Калі б бомба была ўнутры тумбы, выбух быў бы зусім інакшы. Тут бы тумба не была адбівальнікам, яна б паслужыла ўзмацняльнікам. Корпус тумбы спрацаваў бы як велізарная ашчэпкавая граната, і вакол людзі атрымалі б вельмі сур’ёзныя ашчэпкавыя раненьні, аж да адрыву канечнасьцяў буйнымі ашчэпкамі. І гэтаму хлопцу ўжо ня толькі ногі б адарвала. Вось тут бы і калёны былі пашкоджаныя абавязкова. (Вэрсіі пра бомбу ў тумбе лавы прытрымліваецца Ўладзімер Барадач, а таксама некаторыя іншыя аўтары ў інтэрнэце, у прыватнасьці, спадар Лапіцкі. Іх меркаваньне экспэрт Захматаў, як мне падаецца, абверг пераканаўча. — А.Г.)

— Нейкія рэшткі лавы павінны былі захавацца пасьля выбуху?

— Вядома, павінны былі. Калі б яе разьнесла на шматкі, то і хлопца, які на ёй сядзеў, разьнесла б на шматкі. Гэта як раз і паказвае, што выбуховае рэчыва было паніжанай магутнасьці. Быў бы тут тратыл, быў бы зусім іншы малюнак. Тратылавы эквівалент — умоўнае паняцьце, а характар дзеяньня выбуху розны ў розных выбуховых рэчываў. А тратыл і аміячна-салетравыя рэчывы даюць выбуховыя хвалі рознай структуры, розных парамэтраў, таму ад іхніх выбухаў якасна іншая карціна. Пры выбуху зараду тратылу ў 10 кіляграмаў у радыюсе 1,5–2,5 мэтраў усе цьвёрдыя прадметы разносіць на шматкі, а на большых радыюсах пачынаецца ўжо фрагмэнтарнае разьлятаньне. А тут адпачатку, калі меркаваць па характары разбурэньня лавы і траўмах хлопца, які сядзеў на лаўцы, мы маем фрагмэнтарнае разьлятаньне, таму што выбух мяккі. Прыкладам, у маскоўскім аэрапорце выбух быў зусім іншы, значна больш жорсткі і з нашмат большым радыюсам паражальнага ўзьдзеяньня выбуховай хвалі. (Калі б экспэрт валодаў інфармацыяй, што на лаве разам з хлопцам, які выжыў, сядзеў другі, якога разарвала на кавалкі, высновы пра адносную мяккасьць выбуху былі б скарэктаваныя. У гэтым разе экспэрт мог бы дапусьціць, што лаву разьнесла на меншыя фрагмэнты. — А.Г.)

Аўтар працягвае аналіз супярэчнасьцяў, якія выявіліся на судовым сьледзтве. На чарзе паказаньні сьведак.

Працяг — будзе.



Папярэднія разьдзелы кнігі
Частка 2

Экспэрымэнт, якога не было

Чаму няма ключавога відэа зь менскага вакзалу?

Іван Шыла пра Канавалава: «Ён мог зрабіць гэты выбух»

Чытач: «Асноўнае відэа — высокапрафэсійная падробка»

Адбіткі пальцаў і біялягічнае рэчыва



Частка 1

Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «Vest»

Забойчы доказ

Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?

Бомбы

Што было ў падвале Канавалава?

Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»

Экспэртызы і сьледчыя экспэрымэнты

Навошта?

«Яму заўсёды падабаліся выбухі»

Ці здаровы Канавалаў псыхічна?

Схільны да самагубства?

Судзьдзі і сакратаркі

Як Канавалаў сабраў бомбу

Ханжанкоў: Беларускі сындром

Пульт і паражальныя элемэнты

Пракуроры

Роля Ўладзіслава Кавалёва

З допыту Кавалёва ад 29 красавіка

Лёс рэчавых доказаў

Сумнеўныя абставіны і доказы, якія выклікаюць недавер

Пацярпелыя і публіка

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG