Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скрабец: Кожны вяртаньне паслоў будзе тлумачыць па-свойму


Сяргей Скрабец

Сяргей Скрабец

Заяву міністра замежных спраў Славаччыны Міраслава Лайчака, які 18 красавіка ў Брусэлі сказаў, што паслы краінаў Эўразьвязу зьбіраюцца вярнуцца ў Менск найбліжэйшымі днямі, камэнтуе Сяргей Скрабец — былы палітвязень, паплечнік зьняволенага экс-кандыдата ў прэзыдэнты Міколы Статкевіча.

Паводле славацкага міністра, паслы — не палітыкі, таму ня трэба рабіць гэта палітычным пытаньнем. Паводле ягоных слоў, чым менш будзе ўвагі мэдыяў і палітычнага акцэнту на вяртаньні паслоў, тым лепш для таго, што эўрапейская супольнасьць хоча дасягнуць у Беларусі:

«…Я лічу, што гэта адбудзецца найбліжэйшымі днямі», — падсумаваў Міраслаў Лайчак.

Камэнтар Сяргея Скрабца: «Я лічу, што гэты час яшчэ не надышоў, бо ў турмах застаюцца Мікола Статкевіч, Зьміцер Дашкевіч, Алесь Бяляцкі, іншыя палітвязьні. І няпроста застаюцца, а зь іх зьдзекуюцца, яны сядзяць у каменных мяхах — нават не на зонах, а ў закрытых рэжымах. Ні ў чым не вінаватыя людзі цягнуць тэрмін, таму што камусьці так захацелася. Прычым, адзін зь іх — былы кандыдат у прэзыдэнты. Канечне, гэта справа паслоў, але, на мой погляд, тым самым яны пацьвярджаюць, што згодныя з катаваньнямі над палітзьняволенымі ў Беларусі».

Карэспандэнт: «То бок, у нейкім сэнсе Лукашэнка абыгрывае Эўразьвяз?»

«Справа ў тым, што гэта ж не гульня ў шахматы ці ў дурня. Калі дапусьціць, што гэта гульня ў карты, то так, Лукашэнка іх абыгрывае. Гэта калі параўноўваць прымітыўна. Але я не лічу, што можна гуляць людзкімі жыцьцямі.
Ну, вернуцца яны, а потым зноў зьедуць, бо нічога прынцыпова не зьмянілася.

Наогул пазыцыя Эўразьвязу дагэтуль была жорсткая, асабіста я яе двума рукамі падтрымліваў. Што будзе далей? Ну, вернуцца яны, а потым зноў зьедуць, бо нічога прынцыпова не зьмянілася. Гэта яшчэ называюць так: правая рука ня ведае, што робіць левая.

Ведаеце, ёсьць пазыцыя, ёсьць меркаваньні, а ёсьць дзеяньні. Яны лепш за любыя словы гавораць самі за сябе. Можна гаварыць усё, што заўгодна, але ёсьць крокі. Відавочна, што паслы яшчэ не вярнуліся. Вось вернуцца, тады гэта можна будзе расцэньваць як адзін крок. Калі ня вернуцца, то гэта будзе іншая справа. А тлумачэньняў будзе шмат любога ўчынку — як з боку Эўразьвязу, так і з боку сёньняшніх беларускіх уладаў».

Паводле міністра замежных спраў Славаччыны Міраслава Лайчака, з боку беларускіх уладаў ёсьць невялікі пазытыўны зрух — вызваленьне палітвязьняў Андрэя Саньнікава і Зьмітра Бандарэнкі. Па яго словах, гэта вельмі важна, але гэта толькі першы крок на доўгім шляху.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG