Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ізалятары на Акрэсьціна: холад, пацукі, брудная вада


Ізалятар часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна.

Ізалятар часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна.

Зь менскага ізалятара на вуліцы Акрэсьціна выйшлі актывісты «Маладога фронту», якія ўсьлед за былымі вязьнямі гэтай адміністрацыйнай турмы заявілі пра дрэнныя бытавыя ўмовы і перадузятае стаўленьне супрацоўнікаў.

Маладафронтаўцу Зьмітру Крамянецкаму давялося адбыць на Акрэсьціна 10 сутак, як і ягонаму сябру Міхасю Мускаму. Абодвух затрымалі 7 красавіка ў мэтро, пабачыўшы на заплечніках хлопцаў бел-чырвона-белую сымболіку.

Суд пастанавіў, што хлопцы нібыта лаяліся матам. На Акрэсьціна актывісты сядзелі ў розных камэрах, але і сёньня, у першы дзень на волі, яшчэ не пабачыліся — за некалькі гадзінаў да вызваленьня Мускага з ізалятара адвезьлі ў вайсковы шпіталь на абсьледаваньне. Крамянецкі не выключае, што ў сябра пагоршылася здароўе, да таго ж яго зьбіраліся забраць у войска.

Зьміцер Крамянецкі і Міхаіл Мускі перад пачаткам суду 9 красавіка.

Зьміцер Крамянецкі і Міхаіл Мускі перад пачаткам суду 9 красавіка.

Пытаюся ў Зьмітра Крамянецкага пра ўмовы на Акрэсьціна: ці праўда тое, пра што апошнім часам кажуць усе дэмакратычныя актывісты, якіх саджалі «на суткі»? Актывіст адказвае, што на прыкладзе Акрэсьціна для яго стала рытарычным пытаньне — ці трэба ў школах вывучаць правы чалавека, калі ў жыцьці іх ніхто не выконвае?

«Да мяне на Акрэсьціна падышоў супрацоўнік у цывільным і даў пазнаёміцца з правамі і абавязкамі вязьня. Чытаю пра абавязкі, што мушу выконваць распарадак дня ды іншае. Чытаю правы, што кожны чалавек мае права на ложак, матрац, коўдру, падушку. Кожны дзень мусяць даваць гатаваную пітную ваду. Прагулка кожны дзень ня меней за гадзіну. Дык вось, нішто з гэтага сьпісу ў прынцыпе не выконваецца. За 10 сутак аднаго разу вывелі на шпацыр. Вады не даюць, а з-пад крана ваду піць немагчыма, яна з хлёркай. Камэра № 2, куды мяне спачатку закінулі, была перапоўненая. Максымум быў на 6 чалавек, а нас там было 9. Спалі па чарзе».

У камэры на трэцім паверсе, куды Зьмітра перавялі пазьней, ложкаў таксама не было. Зьміцер Крамянецкі распавёў таксама пра супрацоўніка ізалятара, які адкрыта пагражаў фізычнай расправай за тое, што раней на яго паскардзіліся «палітычныя».

Актывіст «Маладога фронту» Мікалай Дземідзенка, які ў сакавіку адбыў на Акрэсьціна 10 сутак, згадваў, што па камэры № 1, дзе ён знаходзіўся, бегалі пацукі і было вельмі холадна. Выйшаў з ізалятара Дземідзенка хворым.

У тых жа ўмовах адбываў адміністрацыйны арышт і актывіст Раман Васільеў. Чаму менавіта дэмакратычныя актывісты апынаюцца ў найгоршых камэрах?

Раман Васільеў

Раман Васільеў

«За ўсіх не скажу, а мяне зьмясьцілі ў тую камэру за тое, што патрабаваў выклікаць хуткую дапамогу. У мяне быў гаймарыт, але мяне адмаўляліся лячыць, і я патрабаваў хуткую дапамогу, і мяне кінулі ў тую ж камэру. Там сапраўды вельмі холадна, пра гэта шмат ужо пісалі. Гэта камэра № 1, яна быццам толькі для тых, каго яшчэ не „аформілі“ на суткі, але апошнім часам туды сапраўды накіроўваюць актывістаў на ўвесь тэрмін. Там якраз Мікола Дземідзенка быў».

За апошнія месяцы былыя вязьні Акрэсьціна і праваабаронцы падалі шмат скаргаў на ўмовы ў ізалятары на Акрэсьціна. Адміністрацыя ізалятара ў адказах спасылалася на недахоп грашовых сродкаў для рамонту і паляпшэньня ўмоваў.

Алег Воўчак пасьля выхаду зь вязьніцы на Акрэсьціна.

Алег Воўчак пасьля выхаду зь вязьніцы на Акрэсьціна.

Праваабаронца Алег Воўчак, якога на пачатку году арыштоўвалі на 4 дні нібыта за лаянку, адбыў у камэры № 1 усяго 14 гадзінаў, але кажа, што прамёрз да касьцей. «Дапамагла толькі былая вайсковая загартаванасьць», — згадвае Алег Воўчак. Праваабаронца мяркуе, што дамагчыся ад гарадзкіх уладаў выдзяленьня грошай на рамонт ізалятара на Акрэсьціна цалкам рэальна:

«Як былы дэпутат Менгарвыканкаму скажу, што калі прыходзяць калектыўныя скаргі, то гэтае пытаньне мусяць падняць на ўзроўні гарадзкой управы міліцыі. Кожны год зацьвярджаецца бюджэт на будучы год, і можна атрымаць грошы на рамонт».

Грамадзкая ініцыятыва «За волю» нядаўна накіравала калектыўную скаргу на адміністрацыю ізалятара ў Генэральную пракуратуру. Адказу пакуль няма, кажа актывістка Ганна Шапуцька. Чаго дамагаюцца актывісты?

«Мы дамагаемся ўвогуле зачыненьня ізалятара. Тыя ўмовы, якія там ёсьць, інакш як катаваньнем не назавеш. Нядаўна з Вольгай Мікалайчык мы зьнялі фільм пра ізалятар на Акрэсьціна. Антысанітарыя там суцэльная. Што ўзамен? Хай шукаюць, хай даюць свае катэджы, кватэры. Калі ня могуць забясьпечыць нармальныя ўмовы, хай закрываюцца. Адміністрацыйна затрыманыя не павінны знаходзіцца ў такіх жудасных умовах, увогуле ніякія затрыманыя не павінны быць у такіх умовах».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG