Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спадчына, якую мы амаль страцілі


Сёньня — Міжнародны дзень аховы помнікаў і гістарычных мясьцін, які быў усталяваны з ініцыятывы ЮНЭСКО ў 1982 годзе. У Беларусі шмат помнікаў прыроднай, гістарычнай й архітэктурнай спадчыны, але многія зь іх у занядбаным стане, а некаторыя — пад пагрозай поўнага зьнішчэньня.

Гарадзеншчына


У Горадні нядаўна другі раз выстаўляўся на аўкцыён былы піўзавод, які разьмяшчаўся ў палацы Сапегаў. Аднак пакупнікоў не знайшлося. Піўзавод збанкрутаваў і зачыніўся чатыры гады таму. Будынак пад аховай дзяржавы, але паступова разбураецца.

У былым палацы Сапегаў мяркуецца стварыць асяродак адпачынку з уласным броварам. Улады спадзяюцца на турыстаў. Ёсьць ужо і праекты. Аднак палац не купляюць.
Палац Сапегаў.
Палац Сапегаў.

Меркаваньне Вольгі Мацко, якая адказвае за ахову помнікаў у Гарадзенскім гарвыканкаме:

«Не, я ўсё-ткі аптымістычна настроеная. Проста ёсьць парадак правядзеньня аўкцыёнаў: спачатку цана адна, потым яна ідзе на зьніжэньне. Спачатку яго прапануюць крэдыторам, якія фінансавалі і якім павінны былі. У ходзе рабочай нарады, што праходзіла ў выканкаме па шэрагу аб’ектаў, якія на сёньняшні дзень не выкарыстоўваюцца ў Горадні, калі называўся піўзавод, меркаваньне гучала аптымістычнае: што ўсё ўдасца зрабіць. Проста павінна прайсьці пасьлядоўная працэдура аўкцыёнаў да патрэбнага моманту, калі горад зможа непасрэдна ўмешвацца і вырашальныя нейкія дзеяньні рабіць».

А калі не было пакупнікоў, то гэта шанец наступным разам зьнізіць цану, мяркуе Вольга Мацко.

Чаму такія помнікі, як былы палац Сапегаў у Горадні, гадамі ня могуць прадаць і яны не выкарыстоўваюцца? Гісторык архітэктуры Ігар Трусаў:

«Ёсьць такая ўстанова, як „Дзяржмаёмасьць“, у іх ёсьць плян фінансавы, і яны будуць прадаваць да бясконцасьці... Зь іх жа спытаюць: а чаму вы піўзавод прадалі так танна? Гэта вельмі дрэнна. Хоць закон дазваляе прадаць за два рублі беларускія альбо за рубель».

Гісторык архітэктуры Ігар Трусаў зьвяртае ўвагу на тое, што палац Сапегаў існуе зь сямнаццатага стагодзьдзя:

«Нас, гараджанаў, цікавіць сылюэт, від з-за Нёману. Ёсьць акварэль Напалеона Орды, на якой гэты будынак адлюстраваны да 1877 году, вельмі прыгожы. Гэта вельмі важны для гораду будынак».


Магілёўшчына


У райцэнтры Горкі, дзе сёлета маюць адбыцца «Дажынкі», мясцовая грамадзкасьць бароніць ад разбурэньня дом, у якім жыў напрыканцы 1920-х гадоў клясык беларускай літаратуры й грамадзкі дзеяч Максім Гарэцкі. Занядбаны будынак, паводле мясцовай улады, вымагае значных сродкаў на рамонт, а пакуль што сваім выглядам псуе выгляд месца, дзе маюць прайсьці асноўныя падзеі «Дажынак».
Дом Гарэцкага ў Горках.
Дом Гарэцкага ў Горках.

Некалі сотняў подпісаў абаронцы дому сабралі і накіравалі ў райвыканкам і Міністэрства культуры. Мінкульт рэкамэндаваў абласной вэртыкалі разгледзець пытаньні аб разьмяшчэньні ў будынку на вуліцы Агранамічнай, 3 мэмарыяльнай кватэры Максіма Гарэцкага.

Кандыдат гістарычных навук Аляксандар Каданчык: «Мне агучылі выказваньне аднаго высокага абласнога чыноўніка: «Хто рашэньне прымае аб яго захаваньні (гэта відаць закід у бок Міністэрства культуры), то няхай яны яго й захоўваюць, а „у меня денег нет“. Насамрэч, калі Міністэрства культуры прыме адпаведнае рашэньне, то гэтая дзяржаўная структура й будзе дапамагаць вырашаць праблему. Такім чынам, лёс дома пакуль невядомы» .

Пад пагрозай разбурэньня праз падрыхтоўку да «Дажынак» апынуўся ня толькі дом Гарэцкага, але і яшчэ некалькі гістарычных будынкаў у райцэнтры. Аляксандар Каданчык працягвае:


«Прыяжджала камісія зь Міністэрства культуры й адмяніла рашэньне гэтак званай рады па захаваньні культурнай спадчыны, першым рашэньнем якое было разбурэньне дамоў. Супрацоўнік райвыканкаму мне сказаў, што пытаньне з парадку дня ня зьнятае і яно знаходзіцца на кантролі».

У райвыканкаме кажуць, што канчатковага рашэньня па доме Гарэцкага пакуль не прынялі. У радзе па захаваньні і прымнажэньні гісторыка-культурнай спадчыны, пра якую згадаў Аляксандар Каданчык, заяўляюць, што сытуацыя абмяркоўваецца. Старшыня горацкай арганізацыі аб’яднаньня «Белая Русь» Аляксандар Чачоткін, сябра камісіі, цьвердзіць, што грамадзкая думка схіляецца да разбурэньня будынка. Адна з прапановаў: «Зьнесьці дом, а на месцы будынка ўсталяваць памятны знак».

«Пакінуць фундамэнт. Там прыгожы фундамэнт з каменю. Своеасаблівы. У акадэміі ў нас ёсьць музэй у чацьвёртым корпусе, аўдыторыя носіць імя Гарэцкага. Новую бібліятэку, якую мы зьбіраемся будаваць на тэрыторыі акадэміі, мы, магчыма, назавём імем Гарэцкага».

Больш за два дзясяткі гадоў таму драўляны дом, дзе жыў Гарэцкі, абклалі цэглай. Паводле жыхароў, тады ён і пачаў разбурацца. У 1987 годзе ў будынку меліся стварыць музэй пісьменьніка, але не стварылі.


Берасьцейшчына


Берасьцейскія актывісты дабіваюцца захаваньня і аднаўленьня занядбанай габрэйскай калёніі Варбурга 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Улады меркавалі яе зьнесьці.

Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры накіравала ў Міністэрства культуры прапанову ўключыць калёнію Варбурга ў дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурнай спадчыны. Гэта можа захаваць унікальны комплекс драўляных будынкаў 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя ад разбурэньня.

Мясцовыя ўлады плянавалі зьнесьці гэтыя будынкі як аварыйныя. Абараняе архітэктурную спадчыну доктар мастацтвазнаўства ў галіне ўрбаністыкі і архітэктуры Ірына Лаўроўская. Яна перакананая, што комплекс калёніі Варбурга мае высокую каштоўнасьць:

«Такога ансамблю ў Беларусі больш няма. Ён мае некалькі пластоў каштоўнасьці. Гэта, па-першае, архітэктурна-стылістычнае, гэта мэмарыяльнае (людзей, якія жылі там, зьнішчылі). І трэцяе — гэта вялікая цікавасьць да яго будзе, калі гэтым загаспадарыць».
Такога ансамблю ў Беларусі больш няма. Ён мае некалькі пластоў каштоўнасьці.

Доктар архітэктуры кажа, што, аднаўляючы калёнію, можна было б навучаць уласных рэстаўратараў:

«У нас жа ёсьць будаўнічы каледж. Гэта была б велізарная дапамога маладым людзям у набыцьці навыкаў прафэсіі, рэстаўрацыйнай прафэсіі».

Ірына Лаўроўская рабіла розныя захады, каб захаваць калёнію Варбурга, але кажа, што сутыкалася з неразуменьнем чыноўнікаў. Мясцовыя ўлады ў выніку пагадзіліся захаваць адзін будынак, а астатнія зьнесьці. Але пад ціскам грамадзкасьці на зіму калёнія была закансэрваваная поўнасьцю.

Як распавяла Ірына Лаўроўская, габрэйскую калёнію пабудавалі ў першай палове 20-х гадоў браты Варбургі і фонд Ракфэлера для небагатых сем’яў юдэйскай абшчыны. У часе Другой усясьветнай вайны насельнікаў калёніі зьнішчылі. Да нашых дзён ансамбль захаваўся, але занядбаны.


Антон Астаповіч
Антон Астаповіч
Старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі й культуры» Антон Астаповіч: «За савецкім часам, на парозе нашай незалежнасьці, афіцыйна пад аховай дзяржавы было каля 17 тысяч помнікаў. Аднак у 1992 годзе быў прыняты Закон аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, а пазьней у яго былі ўнесеныя зьмяненьні і дапаўненьні, і ў 2006 годзе быў прыняты новы Закон аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. У выніку цяпер пад аховай дзяржавы знаходзяцца звыш 5,5 тысячы аб’ектаў. Гэта нерухомыя матэрыяльныя, рухомыя матэрыяльныя і нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасьці».
Разуменьне прыгажосьці праз гламур аграгарадка, мабыць, вельмі моцна ўплывае і на адносіны да помнікаў...

«Ранейшая колькасьць каштоўнасьцяў (каля 17.000) ня значыць, што ўсе яны мелі вялікую значнасьць. Сярод іх была вялікая колькасьць помнікаў Леніну, у тым ліку бэтанаваныя, а таксама помнікі савецкай уладзе, арміі і г.д. і да т.п. Аднак ня трэба, як той казаў, купляцца на лічбы — з-пад аховы дзяржавы выйшлі помнікі, якія былі другарадныя паводле значнасьці і якасьці выкананьня».

«Раней ці пазьней, але Беларусі трэба будзе цывілізавана вырашаць праблему рэстытуцыі. Бо я заўжды кажу, што палацы і палацава-паркавыя комплексы — гэта была некалі чыясьці ўласнасьць. А савецкая ўлада гэта ўсё адабрала, і менавіта пры савецкай уладзе, а пасьля і ў РБ, гэта ўсё дабівалася, як гаворыцца, да ручкі, а цяпер прадаецца на аўкцыёнах прыватным асобам, у тым ліку шматлікім бізнэсоўцам з Расеі. То чаму ў Беларусі зараз не распрацоўваецца дзяржаўная палітыка па вяртаньні гэтай маёмасьці ўласьнікам?»

Антон Астаповіч называе галоўную, на яго погляд, прычыну развалу й нават зьнішчэньня гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі:

«У першую чаргу вінаватая сыстэма ўлады. У цяперашніх чыноўнікаў сапраўды індыфэрэнтнае стаўленьне да гісторыі. Плюс яшчэ бракуе элемэнтарнай культуры, нармальнай адукацыі. Разуменьне прыгажосьці праз гламур аграгарадка, мабыць, вельмі моцна ўплывае і на адносіны да помнікаў...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG