Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адзін прысуд Алесю Бяляцкаму


Як паведаміла Радыё Свабода жонка палітычнага вязьня Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук, Алесь атрымаў рашэньне суду Першамайскага раёну Менску ад 29 сакавіка сёлета (судзьдзя Вольга Міхайлаўна Багам’я, пры ўдзеле прадстаўнікоў інспэкцыі Міністэрства падаткаў і збораў таго самага раёну Собалевай, Тодрык і Карташовай) «аб спагнаньні пені» ў суме 140 266 151 руб. і дзяржаўнага мыта 7 013 307 руб. У рашэньні ёсьць словы: «Ответчик на судебное заседание не явился».

Нагадаем, што паводле прысуду ад 24 лістапада 2011 г. Алесь Бяляцкі засуджаны на чатыры з паловай гады калёніі ўзмоцненага рэжыму, спагнаньне кампэнсацыі нібыта нанесенай «шкоды дзяржаве» сумай 721 454 017 руб. і дзяржаўнага мыта 36 072 700 руб. Грошы дзякуючы складкам амаль 800 чалавек былі цалкам сплачаныя ў пэрыяд да разгляду касацыйнай скаргі, аднак гэта не паўплывала на разгляд справы ў судзе вышэйшай інстанцыі.




Фармальна зьяўленьне новых грашовых прэтэнзіяў да Алеся Бяляцкага — праз 4 месяцы пасьля вынясеньня прысуду — тлумачыцца тым, што нібыта ня сплачаныя пені за пратэрмінаваную сплату падаткаў. Аднак юрысты задаюць справядлівае пытаньне, а чаму ж гэтыя пені не былі ўключаныя ў прысуд ад 24 лістапада.

Наталя Пінчук мяркуе, што гэта новая спроба ціску на Алеся. У інтэрвію Радыё Свабода яна заявіла: «Відавочна, справа Алеся ня вырашана. Тое, што па прысудзе было сплачана, гэта, як бачым, не было канчатковым. Гэта новае рашэньне можа гаварыць аб тым, што могуць быць прынятыя новыя і новыя рашэньні, якія могуць ускладняць сытуацыю Алеся».

Жонка палітвязьня зьбіраецца аспрэчваць незаконнае, на яе думку, рашэньне ў судзе.

Будзем паведамляць падрабязнасьці на сайце Свабоды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG