Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастацтва слова ніколі не было моцным бокам украінскага прэзыдэнта. Прадметам кпінаў усёй краіны былі шматлікія слоўныя ляпы кіраўніка дзяржавы, напрыклад, выпадак, калі ён пахваліў жыхароў Львова за «добры генацыд» (маючы на ўвазе генафонд).

Але дэклярацыя аб даходах Віктара Януковіча, апублікаваная на яго сайце, засьведчыла, што прэзыдэнт стаў самым высокааплатным літаратарам краіны. Паводле дэклярацыі, у 2011 годзе ён атрымаў у якасьці ганарараў за свае кнігі суму, роўную ў эквіваленце 2 мільёнам даляраў.

Назіральнікі зьвяртаюць увагу на тое, што кнігі Януковіча «Год у апазыцыі», «Год ва ўладзе» і «Як Украіна павінна жыць далей» і іншыя былі выдадзеныя тым самым выдавецтвам «Новы Сьвіт», якое месьціцца ў Данецку — малой радзіме прэзыдэнта.

Віктар Януковіч паведаміў, што мае намер выкарыстаць свае ганарары на дабрачынныя мэты, на дапамогу хворым людзям, найперш дзецям.

У многіх ва Ўкраіне ёсьць пэўныя сумневы і ў тым, што шматлікія кнігі сапраўды належаць пяру прэзыдэнта, і ў тым, што велізарныя ганарары тлумачацца літаратурнай прывабнасьцю твораў Януковіча. У яго кнізе «Магчымасьці Ўкраіны», выдадзенай летась увосень, адмыслоўцы знайшлі значную долю плягіяту — цэлыя старонкі, перапісаныя з кніг іншых аўтараў.

З другога боку пісьменьнік Васіль Скляр падлічыў, што для таго, каб атрымаць такія прыбыткі ад продажу кніг, трэба было б, каб кожны ўкраінец — ад немаўля да сівога старога — набыў па два творы Віктара Януковіча. Паколькі гэта ня мае месца, то прырода экстраардынарных ганарараў уяўляецца даволі сумнеўнай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG