Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ Швэцыі: TeliaSonera адпачатку ведала, што будзе працаваць на КДБ


Шэраг швэдзкіх СМІ — Радыё Швэцыі, Svenska Dagbladet, Аftonbladet ды і іншыя — зьмясьцілі артыкулы, у якіх абвінавачваюць тэлекамунікацыйную кампанію TeliaSonera, найбуйнейшую на рынках сотавай сувязі Швэцыі і Фінляндыі, у супрацы зь беларускім КДБ ды спэцслужбамі іншых постсавецкіх краін.

У Беларусі TeliaSonera мае даччыную фірму — апэратара мабільнай сувязі Life :) — ЗАТ «БеСТ». Таксама швэдзка-фінская кампанія замацавалася на рынках іншых аўтарытарных краінаў — Азэрбайджану, Казахстану, Таджыкістану, Узбэкістану.

Як мяркуюць аглядальнікі Аftonbladet, у такой супрацы зацікаўленыя і сама TeliaSonera, якой бізнэс у гэтым рэгіёне прыносіць немалыя грошы і, зразумела, антыдэмакратычныя рэжымы, якія лёгка камандуюць мабільнымі апэратарамі. З дапамогай мабільных апэратараў уладам удаецца адсочваць поўную інфармацыю пра перапіску, званкі, месцазнаходжаньне, перамяшчэньні сваіх апанэнтаў.

Журналісты Dagens Nyheter адзначаюць тэхнічную якаснасьць такіх паслугаў. Напрыклад, даччыная фірма TeliaSonera — беларускі апэратар Life карыстаецца абсталяваньнем прызнанага ва ўсім сьвеце канцэрну Ericsson. Калі ў дэмакратычных краінах тэхналёгіі адсочваньня і праслухоўваньня выкарыстоўваюцца паліцыяй з санкцыі пракурора, каб выкрываць рабаўнікоў, забойцаў, гандляроў наркотыкамі, то ў Беларусі яны працуюць на спэцслужбы, каб запалохваць і караць нязгодных.

У якасьці клясычнага прыкладу журналісты спасылаюцца на сьнежаньскія падзеі 2010 году, калі апэратары мабільнай сувязі часткова заблякавалі для сваіх кліентаў апазыцыйныя вэб-сайты і далі спэцслужбам праслухоўваць размовы апанэнтаў, раскрылі інфармацыю пра сваіх карыстальнікаў, што ў выніку прычынілася да арышту сотняў мірных дэманстрантаў.

Многія швэдзкія экспэрты ў галіне камунікацыйных тэхналёгіяў схіляюцца да думкі, што TeliaSonera, выходзячы на рынкі недэмакратычных краінаў, адпачатку ўсьведамляе, што будзе вымушаная дапамагаць дыктатуры праслухоўваць, каго тая захоча і калі захоча.

Паводле словаў прафэсара Эрыка Строма з Гётэборскага ўнівэрсытэту, пасьля «арабскай вясны» ўсё больш урадаў зацікаўленыя ў тым, каб кантраляваць насельніцтва з дапамогай сотавай сувязі. Знайсьці і перахапіць карыстальніка — абсалютна не праблема. Тым больш што ў той жа TeliaSonera, дакладней — у яе даччыных фірмаў у Беларусі, Азэрбайджане, Казахстане, Узбэкістане ёсьць праграма «чорных скрыняў», да якой, у сваю чаргу, маюць доступ спэцслужбы гэтых краінаў.

На гэтыя абвінавачаньні TeliaSonera адказвае, што кампанія павінна прытрымлівацца законаў краіны, у якой працуе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG