Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: Працоўныя хлебазаводу просяць разабрацца з праваабаронцам


Упраўленьне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму пачало праверку фактаў, выкладзеных у звароце зь мясцовага хлебазаводу № 4, пад якім падпісаліся больш за два дзясяткі работнікаў. Пра гэта паведаміў праваабаронца Барыс Бухель. 18 красавіка яго дапыталі ва ўпраўленьні.

Як паведаміў спадар Бухель, хлебапёкі ў звароце вінавацяць яго, што ён распаўсюдзіў у інтэрнэце несапраўдную інфармацыю пра незадаволенасьць працоўных хлебазаводу заробкамі.

Бухэль: «Сьледчы мне паказаў раздрукоўкі публікацыяў з сайтаў „Хартыі’97“, праваабарончага цэнтру „Вясна“ і магілёўскага сайту „222.by“ пра тое, што працоўныя хлебазаводу патрабуюць павышэньня заробкаў. Мне сам зварот сьледчы ня даў пачытаць, але некаторыя моманты пераказаў. У звароце працоўныя заяўляюць, што да праваабаронцаў ніхто зь іх не зьвяртаўся і подпісаў з патрабаваньнем павышэньня заробкаў ніхто не зьбіраў. Якія прэтэнзіі выстаўляюць мне асабіста, у звароце не канкрэтызавана. Сьледчага цікавіла, ці зьвярталіся да мяне работнікі. Я сказаў, што зьвярталіся, і ў незалежныя прафсаюзы таксама. Я так зразумеў са слоў міліцыянта, што ён адпіша, што разгляд звароту не ўваходзіць у кампэтэнцыю ўпраўленьня ўнутраных спраў, і параіць зьвярнуцца з пазовам у суд».

Пра незадаволенасьць працаўнікоў хлебазаводу № 4 заробкамі стала вядома ў сакавіку. Працаўнікі паведамілі праваабаронцам, што пачалі зьбіраць подпісы з патрабаваньнем да кіраўніцтва павялічыць зарплату. Зварот застаўся неадпраўлены, бо, як заявілі працаўнікі, на арганізатараў пачаўся ціск з боку адміністрацыі. Ці ўлагоджаны канфлікт на гэты момант, невядома. Працаўнікі ўстрымліваюцца ад камэнтароў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG