Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Івашкевіч вучыць, як уберагчы заводы ад санкцыяў


Віктар Івашкевіч
Віктар Івашкевіч

Віктар Івашкевіч зьвярнуўся з адкрытым лістом праз газэту «Народная воля» да апэратаркі ЭВМ Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу, якая падала на яго ў суд.

Марына Цыбліенка заявіла, што заклікі Віктара Івашкевіча да эканамічных санкцыяў прычынілі ёй маральную шкоду і душэўныя пакуты, а таксама стварылі нэрвозную абстаноўку.

У лісьце Івашкевіч адзначае, што калі бліжэйшым часам улады ня вызваляць усіх палітвязьняў, калі ня будуць зроблены іншыя крокі па лібэралізацыі палітыкі, эканомікі, правоў чалавека, то жорсткіх і маштабных санкцыяў не пазьбегнуць. Івашкевіч заклікаў Цыбліенку разам з працоўным калектывам прыняць зварот да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваньнем разьвязаць узьнятыя пытаньні. У гэтым выпадку апазыцыйны палітык абяцае зрабіць усё дзеля таго, «каб уберагчы ваш завод ад любых санкцыяў».

Ці пачытала гэты ліст Марына Цыбліенка? На заводзе карэспандэнту «Свабоды» паведамілі, што яна ў адпачынку. Выказаць сваю пазыцыю яна адмовілася.

Віктар Івашкевіч мяркуе, што пакуль няма адмысловага рашэньня зьверху, таму няма і ніякага руху адносна судовага пазову Цыбліенкі. Палітык патлумачыў, што ягоны адкрыты ліст адрасаваны ня толькі Цыбліенцы, але і ўсім працаўнікам Мазырскага і Наваполацкага нафтаперапрацоўчых заводаў.

«Гэта адкрыты ліст, каб пачыталі і рабочыя гэтага прадпрыемства. Там жа аргумэнтацыя для ўсіх. Прапаганда вядзе сваю агітацыю на БТ. Я ім адказаў, каб людзі мелі тлумачэньне іншага боку. Калі іх задавальняе жыцьцё, няхай цалуюць партрэт Лукашэнкі, які вісіць у кожным кабінэце. Калі яны не задаволеныя, то яны разумеюць, што гэта ня я ў іх краду грошы. Яны павінны пачынаць бараніць свае правы самі».

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Дзьмітры Вус, на якога аналягічны пазоў падаў працаўнік «Гродна Азот» Аляксей Емяльянчык, паведаміў, што яго гэтая справа наагул не цікавіць, бо тут няма здаровага сэнсу:

Дзьмітры Вус
Дзьмітры Вус
«Ад тых санкцыяў, якія цяпер Эўропа будзе накладаць на алігархаў і на прыдворны бізнэс рэжыму, народ, якія працуе на гэтых прадпрыемствах, не пацерпіць. Пацерпіць рэжым і непасрэдна сілавікі і намэнклятура. Народу гэта будзе фіялетава. Але гэта паслужыць вызваленьню Статкевіча, Дашкевіча і ўсіх астатніх палітзьняволеных, калі Эўропа ўвядзе санкцыі супраць усіх алігархаў рэжыму Лукашэнкі і прыдворнага бізнэсу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG