Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўрадоўцы едуць на сустрэчу з МВФ і Сусьветным банкам


Як паведаміла прэсавая служба беларускага ўраду, з 18 да 22 красавіка беларуская дэлегацыя пад кіраўніцтвам старшыні праўленьня Нацыянальнага банку — прадстаўніка Беларусі ў МВФ — Надзеі Ермаковай, у складзе міністра фінансаў — намесьніка прадстаўніка Беларусі ў Сусьветным банку — Андрэя Харкаўца і міністра эканомікі Мікалая Снапкова прыме ўдзел у штогадовым веснавым пасяджэньні радаў кіраўнікоў МВФ і Сусьветнага банку ў Вашынгтоне.

У прэсавай службе дадалі, што «ў рамках візыту беларускай дэлегацыі заплянаваныя двухбаковыя кансультацыі з найвышэйшым кіраўніцтвам МВФ і Сусьветнага банку, а таксама з кіраўнікамі вядучых дэпартамэнтаў МВФ: дэпартамэнту па бюджэтна-падатковых пытаньнях, дэпартамэнту манэтарнай палітыкі і рынкаў капіталу і Эўрапейскага дэпартамэнту — ключавога падразьдзяленьня, якое вызначае асноўныя напрамкі ўзаемадзеяньня Фонду зь Беларусьсю.

Апошні раз місія Фонду наведвала Беларусь у лютым-сакавіку сёлета. Тады кіраўнік місіі Крыс Джарвіс на пытаньне аб магчымасьці даваньня крэдыту адказаў:

«Мы павінны быць упэўненыя, што структуры, адказныя за прыняцьце рашэньняў на самым высокім узроўні ў краіне, падтрымліваюць правядзеньне рэформаў. І гэта ўсё павінна быць зроблена да таго, як мы пачнём кансультацыі з краінамі-сябрамі МВФ пра аб’ём той дапамогі, якая можа быць неабходная краіне. Таму для таго, каб мы пачалі разгляд пытаньня, нам неабходна пераканацца, што такая падтрымка прапанаваных захадаў і рэформаў насамрэч існуе».

Пасьля завяршэньня працы місіі старшыня Нацбанку Надзея Ермакова заявіла, што Беларусь зацікаўленая ў атрыманьні новага крэдыту МВФ, але можа абысьціся і безь яго.

Між тым у гэтым месяцы Беларусь пакідае сталы прадстаўнік МВФ Натальля Калядзіна, якая займала гэтую пасаду ад красавіка 2009 году. Пры гэтым Фонд не плянуе прызначаць новага сталага прадстаўніка ў Беларусь.
XS
SM
MD
LG