Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Учора знакаміты стваральнік парталу Wikileaks дэбютаваў у якасьці вядучага на расейскім англамоўным тэлеканале. Хто будзе суразмоўцам Асанжа, да апошняга часу трымалася ў сакрэце. Свае ацэнкі гэтай перадачы публікуе ў брытанскай Gardian --> http://www.guardian.co.uk/media/2012/apr/17/world-tomorrow-julian-assange-wikileaks Люк Гардзінг.

Гэта мелася стаць «выбуховым» теледэбютам Джуліяна Асанжа. Выбар эпітэту выглядае ня надта дарэчным, калі ўлічыць, што першым госьцем шырока разрэклямаванай перадачы Асанжа The World Tomorrow (Сьвет заўтра) стаў Хасан Насрала (Hassan Nasrallah), лідэр шыіцкай ваенізаванай арганізацыі «Хізбала».

Эксклюзіўнымі першапачатковымі правамі на праграму, якая выйшла ў эфір у аўторак і трансьлявалася па ўсім сьвеце, валодае крамлёўскі прапагандысцкі канал Russia Today. Варта прызнаць, што Асанж сапраўды зрабіў ўдалы ход: Насрала апошні раз зьяўляўся ў эфіры шэсьць гадоў таму. Інтэрвію вялося празь відэасувязь — Асанж знаходзіўся ў Норфалку, а яго госьць — у сваім сховішчы, разьмешчаным, як мяркуецца, у Бэйруце (мажны духоўны лідэр рэдка зь яго выходзіць і вялікую частку часу хаваецца ад ізраільскіх ракет пад зямлёй).

Аднак інтэрвію аказалася зусім не такім цікавым, як абяцаў канал Russia Today. Пытаньні відавочна былі ўзгодненыя загадзя. Некаторыя былі занадта мяккія, некаторыя — проста лісьлівыя, у дадатак адказы Насралы не аспрэчваліся.

Беламу дому наўрад ці спадабаецца тое, што атрымалася: у нейкі момант рэдактар WikiLeaks назваў Насралу змагаром за свабоду, «змагаром супраць гегемоніі Злучаных Штатаў». Няяўна мелася на ўвазе паралель з самім Асанжам, публікацыя якога амэрыканскіх сакрэтных дакумэнтаў працягвае выклікаць лютасьць ў Пэнтагоне.

Аднак у выніку стваралася ўражаньне, што Асанж не належыць да ліку прыроджаных тэлевядучых. Ён вельмі ненатуральна трымаўся. З тых часоў, як праект WikiLeaks забясьпечыў Асанжу сусьветную славу, ён даў незьлічоную колькасьць інтэрвію. Перакладчык-сынхраніст хутка перакладаў яго пытаньні на арабскую. Тым ня менш, вынікі атрымаліся спрэчнымі.

Найлепшы момант інтэрвію наступіў, калі Асанж спытаў Насралу, чаму Хізбала падтрымлівае «арабскую вясну» на ўсім Блізкім Усходзе, але ня ў Сырыі. Найгоршы — калі ён папрасіў лідэра Хізбалы ўспомніць, як сябры лібанскага супраціву зьбівалі з тропу ізраільцян, выкарыстоўваючы вясковыя выразы накшталт «гаршчок для гатаваньня» або «бацька кураня». Джуліян пачаў задаваць сваё пытаньне ў стылі турыста, які заблукаў і ня можа знайсьці слова ў ангельскім размоўніку: «... Вы можаце... прыгадаць... гэты... жарт...»

Акрамя гэтага ў праграмы Асанжа ёсьць адзін падступны аспэкт, і ён палягае ня ў тым, што ў ёй ёсьць, а ў тым, чаго ў ёй няма. Канал Russia Today належыць дзяржаве і падкантрольны Крамлю. Ён надае на дзіва мала ўвагі таму, што адбываецца ў Расеі сёньня. Напрыклад, ён ня кажа аб карупцыі ва ўладзе, аб меркаваных таемных багацьцях Уладзіміра Пуціна (якія згадваліся ў апублікаваных WikiLeaks амэрыканскіх дыпляматычных тэлеграмах), пра зьверствы расейскіх службаў бясьпекі і іх мясцовых памагатых на Паўночным Каўказе.

Замест гэтага Russia Today прапануе гледачу сымпатычную абноўленую вэрсію савецкай прапаганды. Захад наогул і Амэрыка ў прыватнасьці выглядаюць у ім прасякнутымі злачыннасьцю, аслаблымі і паняволенымі буйным бізнэсам і падступнымі элітамі. Любімая тэма RT — гэта заходняя крывадушнасьць: «Як вы можаце нас крытыкаваць, калі робіце тое самае?» Гэты англамоўны канал сьцьвярджае, што ён «супярэчыць мэйнстрыму». На самай справе ён усяго толькі адлюстроўвае погляд на сьвет самога Пуціна, схільнага да тэорыяў змовы і да ксэнафобіі, затое замоўчвае недахопы Расеі.

Застаецца загадкай, чаму Асанж пагадзіўся стаць пешкай у інфармацыйнай вайне Крамля. Магчыма, яму проста патрэбныя грошы. Зрэшты, антыамэрыканізм Асанжа, безумоўна, добра рэзануе з крамлёўскім антыамэрыканізмам. Расея ганарыцца мноствам сумнеўных саюзьнікаў, так што неўзабаве можна чакаць інтэрвію з вэнэсуэльскім лідэрам Уга Чавэсам або беларускім лідэрам Аляксандрам Лукашэнкам. У сваім інтэрвію ў аўторак Насрала выказаў падтрымку рэжыму сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада. Па ўдалым супадзеньні Масква таксама яго падтрымлівае.

Між тым немагчыма сабе ўявіць, што Russia Today возьме інтэрвію ў Доку Ўмарава, ісламісцкага лідэра, прыхільнікі якога вядуць жорсткую вайну на поўдні Расеі і якога Масква лічыць крывавым тэрарыстам. Калі аўстралійскі тэлеканал ABC узяў інтэрвію ў аднаго з папярэднікаў Умарава Шаміля Басаева, які пасьля быў забіты, Крэмль выдварыў гэты канал з Расеі. Наўрад ці Асанж будзе браць інтэрвію і ў вядучых крытыкаў расейскага рэжыму.

Амэрыканскія дэпэшы, апублікаваныя WikiLeaks у сьнежні 2010 году, малююць злавесную карціну пуцінскай Расеі, называючы яе «фактычна мафіёзнай дзяржавай». Ці чытаў іх Асанж? Дзіўна, што Асанж, якога Russia Today называе самым вядомым выкрывальнікам у сьвеце, стаў на бок рэжыму, пры якім забіваюць журналістаў (16 нераскрытых забойстваў), а таксама выкрадаюць і забіваюць праваабаронцаў, асабліва ў Чачні і іншых паўднёвых мусульманскіх рэспубліках. Дзіўна і агідна.

Масква ў свой час абдурыла мноства заходніх інтэлектуалаў. Гэта даўняя і ганебная традыцыя. Сярод тых, хто трапіўся на яе вуду, былі Бэрнард Шоў, муж і жонка Вэб, Гербэрт Уэлс, Андрэ Жыд. Такім чынам, Асанж, які пайшоў на гэта ці то з ідэалістычных меркаваньняў, ці то па неабходнасьці (ня варта забываць, што яму трэба плаціць адвакатам і змагацца супраць экстрадыцыі ў Швэцыю), — аказаўся далёка ня першым. Тым ня менш, The World Tomorrow наглядна даказвае, што ён не бясстрашны рэвалюцыянэр, а ўсяго толькі карысны ідыёт.
XS
SM
MD
LG