Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Касацыю Шчукіна, Лябедзькі, Атрошчанкава і Калякіна не задаволілі


Валеры Шчукін (у цэнтры)

Валеры Шчукін (у цэнтры)

Віцебскі абласны суд пакінуў ранейшыя прысуды палітыкам бязь зьменаў. Разам з гэтым суд зьменшыў памер штрафу Алене Семенчуковай — з 5 да 0,5 базавай велічыні. Яна павінна будзе заплаціць 17,5 тысячы рублёў.

Абвінавачаным у хуліганстве палітыкам не ўдалося аспрэчыць прысуджаныя штрафы. Толькі актывістцы «Эўрапейскай Беларусі» Алене Семенчуковай абласны суд зьменшыў памер штрафу, прысуджанага за пікетаваньне з плякатам «Свабоду Сяргею Каваленку». Замест пяці базавых велічынь яна мусіць сплаціць у дзесяць разоў меней — палову базавай велічыні.

Алена Семенчукова

Алена Семенчукова

Алена Семенчукова, аштрафаваная 20 сакавіка Чыгуначным райсудом Віцебску, вырашыла аспрэчваць менавіта вялікі памер штрафу. Таго, што яна сьвядома выйшла ў цэнтар гораду з плякатам «Свабоду Сяргею Каваленку», дзяўчына не адмаўляла:

«Я не адмаўляла таго, што выказвала сваё меркаваньне. Аспрэчвала менавіта памер штрафу. Тады мне далі 5 базавых велічыняў, а цяпер перагледзелі і прысудзілі толькі палову базавай велічыні, гэта мінімальнае пакараньне».

Пра рашэньне судзьдзі Ірыны Смаляковай журналісты і ўсе, хто прыйшоў у абласны суд, даведаліся непасрэдна ад актывісткі. Трапіць у судовую залю нікому, апрача праваабаронцы Паўла Левінава, не ўдалося. Прысутныя пісалі скаргі, а міліцыянты-ахоўнікі цьвердзілі, што ў судовай залі няма вольных месцаў, апавядае актывістка АГП Ірына Яскевіч:
Калі суд адкрыты, то я маю права прыйсьці на адкрыты суд. На якой падставе мяне пазбаўляюць майго права?

«Калі суд адкрыты, то я маю права прыйсьці на адкрыты суд. На якой падставе мяне пазбаўляюць майго права? Мне кажуць, што заля маленькая і ўсе месцы занятыя — маўляў, спытайце ў дзяўчыны, якая там была. Дык чаму нам не даюць залю, дзе маглі б зьмясьціцца ўсе ахвотныя?»

Як гэта практыкуецца на палітычных судовых працэсах, масавасьць стваралі супрацоўнікі міліцыі ў форме і ў цывільным. Так было і на працэсе, дзе разьбіралі скаргі лідэра партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна, кіраўніка АГП Анатоля Лябедзькі і былога палітвязьня, каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Аляксандра Атрошчанкава.

Уначы на 28 сакавіка ў Воршы іх трох зьнялі зь цягніка Менск — Масква. Пазьней абвінавацілі ў хуліганстве. Судзьдзя аршанскага суду Надзея Байцова аштрафавала кожнага на 350 тысяч рублёў.

Судзьдзя абласнога суду Сьвятлана Іванова пакінула гэтае рашэньне ў сіле. У абласны суд сёньня прыехаў толькі Сяргей Калякін. І ён кажа, што на парушэньні, зь якімі праводзіўся судовы працэс у Воршы, у абласным судзе нават не зьвярнулі ўвагі.

І ў яго няма веры ў беларускія суды ўвогуле:

«Мая справа, напэўна, не такая сур’ёзная па сваіх наступствах. Але такія працэсы, калі яны праходзяць у судах, выклікаюць вялікія сумневы. У тым ліку калі разьбіраюцца сур’ёзныя справы і прысуджаюцца ня толькі тэрміны зьняволеньня, але нават і вышэйшая мера пакараньня. І я дужа сумняюся, што там таксама не прызначаюцца вінаватыя, як па дробных справах. І пакараньні, пэўна, вызначаюцца зусім не ў будынку суду».

Апошнім выйшаў з абласнога суду праваабаронца і журналіст Валеры Шчукін.

Ён таксама спрабаваў аспрэчыць прысуд Аршанскага суду. 30 сакавіка яго аштрафавалі на 1 мільён 190 тысяч рублёў за хуліганства і непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. На знак пратэсту супраць таго, што працэс над палітыкамі Анатолем Лябедзькам, Сяргеем Калякіным і Аляксандрам Атрошчанкавым у аршанскім судзе зрабілі практычна закрытым, спадар Шчукін заблякаваў праход на трэці паверх, сеўшы ў дзьвярох. Абласны суд падтрымаў рашэньне аршанскай судзьдзі Тацяны Рыбаковай, якая пазбавіла спадара Шчукіна права на абарону — адмовілася перанесьці працэс, на які не пасьпяваў прыехаць адвакат.

«Пазбаўленьне юрыдычнай дапамогі — гэта стоадсоткавая падстава для адмены прысуду. Мяне яе пазбавілі і ў міліцыі, і ў судзе, і я прывёў вычарпальныя дакумэнты, я мяркую. Але прысуд пакінулі бязь зьменаў, а скаргу — без задавальненьня».

Калі спадар Шчукін убачыў, што вынікаў суду чакалі на ганках больш за два дзясяткі чалавек, ён прапанаваў наступным разам «штурмаваць» будынак. Бо супраць аргумэнту «вольных месцаў няма» іншага сродку супрацьдзеяньня ён ня бачыць.

Відаць, нечага падобнага і апасалася віцебская міліцыя: пакуль ня скончыліся працэсы над палітыкамі, навокал судовага будынка дзяжурылі супрацоўнікі ў форме і ў цывільным.
XS
SM
MD
LG