Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалавек з мандатам народнага абраньніка, але без падтрымкі


Добрая памяць у нашых умовах — амаль заўсёды дрэнна. Таму што памятаеш тое, на што варта было б забыцца.

Я памятаю беларускі парлямэнт, пачынаючы з 12-га скліканьня Вярхоўнага Савету. Таго самага скліканьня, у якім дэпутат Лукашэнка і дэпутат Пазьняк крытыкавалі дэпутатаў Кебіча і Шушкевіча за іх бязьдзейнасьць, карумпаванасьць, неадпаведнае рэаліям разуменьне шляхоў разьвіцьця сувэрэннай Беларусі — ну, і гэтак далей. І хоць сам я ў парлямэнцкія калідоры ўпершыню ўвайшоў як чыноўнік і як журналіст ўжо крыху пазьней, і ўжо было зразумела, што за прэзыдэнтам Лукашэнкам той орган, за усеўладзьдзе якога так змагаўся дэпутат Лукашэнка, будзе весьці існаваньне прамежкавае ў дачыненьні да мяса і рыбы, успамін пра гарбачоўскія часы, калі кожны «чалавек ад пятага мікрафона» лічыўся вялікім палітыкам, у майго пакаленьня быў вельмі моцны.

А варта было б забыцца.

У беларускага парлямэнта, пачынаючы з 1995 года, пры поўным папушчальніцтве большасьці саміх дэпутатаў і з мэтай, як сказаў бы — і казаў! — загадчык катэдры канстытуцыйнага права БДУ прафэсар Васілевіч, аднаўленьня балянсу ўладаў, няўхільна адбіралі ўсе паўнамоцтвы, якія толькі былі. У першую чаргу — кантрольныя. Парлямэнт ператвараўся ў орган, які прымае законы. Але паколькі і права заканадаўчай ініцыятывы было вельмі істотна абмежавана, да вышэйшага заканадаўчага органа краіны пачалі ставіцца як да істотнай часткі ўладнага дэкору: мы горш людзей ці што? Ва ўсіх ёсць парлямэнты — і ў нас вось ёсьць. А што гэта за домік для пажылых Барбі і Кэна, якія імкнуцца да пэрсанальнай пэнсіі? Ах, палата...

Добра, дайце дзьве! ..

Навошта яны наогул ідуць туды? Сын аднаго з парлямэнтарыяў — цяпер нябожчыка, — якога я памятаю яшчэ па гарадзенскім пэрыядзе нашага жыцьця, неяк разгаварыўся са мной. Гэта было яшчэ да маёй адсідкі, але ўжо пасьля адсідкі самога гэтага хлопца, які скончыў іншы факультэт майго роднага ўнівэрсытэта. Дык вось ён мне сказаў з горкім такім сьмехам:

— Ты што, думаеш, што ён туды ішоў за народнае шчасьце змагацца? За маё шчасьце ён туды ішоў змагацца. За сваю пэрсанальную пэнсію. За тое, каб у яго «канторку» ніхто нос не сунуў.
Сапраўды, у «канторку» — грамадзкую арганізацыю, у якой з часам выявіліся сур’ёзныя злоўжываньні — нос сунулі ўжо пасьля сьмерці народнага абраньніка.

А выступаў ён ярка. Вельмі любіў сацыяльную тэматыку. Аб патрэбах інвалідаў казаў добра пастаўленым голасам.

Ну ды Бог зь ім. Будзем гаварыць пра вечнае.

Ва ўсе часы ў нашым парлямэнце (у двукосьсях ці без двукосьсяў вы ўжываеце гэтае слова, у дадзеным выпадку розьніцы няма) старшыня і іншыя кіраўнікі камісіі па міжнародных справах лічыліся вельмі ўплывовымі пэрсонамі. У гэтую камісію імкнуліся больш, чым у якую-небудзь іншую. Чаму? Таму што «замежжа» з савецкіх яшчэ часоў асацыявалася з забароненым плодам, з чымсьці напаўдаступным. Прадстаўніцтва ў міжнародных парлямэнцкіх арганізацыях было ці то ганаровай сінэкурай, ці то стымулам да росту ўсьведамленьня сябе як чалавека, датычнага да высокай палітыкі.

Так, верагодна, і было — да 1996 года ўключна. А ў 1997 годзе Палата Прадстаўнікоў 1-га скліканьня была сфармавана паводле прэзыдэнцкага ўказу, абраньнікі народа перасталі быць такімі — і ў вачах сваіх заходніх калегаў, і, можна выказаць здагадку, ва ўласных вачах. Трэба было абараняць новую мадэль кіраваньня дзяржавай. І яны рынуліся яе абараняць — паколькі чым больш заўзята ты займаўся гэтай амаль безнадзейнай справай, тым больш пераканаўча дэманстраваў унутры ўласнай краіны сваю ляяльнасьць да выканаўчай улады і да «асабіста вы ведаеце каго».

Але спадабацца яны хацелі ўнутры краіны, таму казалі рэчы, якія з часоў Савецкай улады першых гадоў яе існаваньня лічыліся непрыстойнымі за межамі СССР. І СССР ужо не было, і тэлекамэра паказвала ўсёй Эўропе зьбітых экс-дэпутатаў, і сьпісы палітычных зьняволеных павялічваліся з пагрозьлівай лявінападобнасьцю. А прадстаўнікі беларускага парлямэнта працягвалі настойліва пераконваць сваіх заходніх калегаў, што — усё ОК! Усё нармалёва! Яшчэ, маўляў, пару-тройку гадоў — і дэмакратыя ўнутры Беларусі запануе канчаткова і незваротна!

Калі гэта рабіў міністар замежных спраў з прафэсарскім званьнем і вялікім вопытам працы ў міжнародных арганізацыях, ён яшчэ неяк надаваў сваёй безнадзейнай рыторыцы нейкі шарм. А калі галоўным пераканальнікам стаў, напрыклад, безнадзейны графаман з падмочанай міліцэйскай рэпутацыяй...

Увогуле, наступіў момант, калі бабульцы Эўропе гэта надакучыла. І выкананьне ролі рэтрансьлятара ідэй дэпутацкай нявіннасьці амаль непазьбежна цягнула за сабой трапляньне ў сьпісы неўязных.

Адразу абмоўлюся: дэпутатаў ўключалі ў гэтыя сьпісы не за іх перакананьні. А за тое, што яны папросту забрахаліся. І калі яны пры гэтым думалі, што Эўропа павядзецца на рыторыку і заплюшчыць вочы на рэаліі, то значыць гэта толькі адно: кагосьці падмануць яны ўсё ж такі здолелі. І гэтым кімсьці былі яны ж самі.

Незадоўга да выбараў 2010 года — гэта значыць, у пэрыяд самага саладжавага і чароўнага беларуска-эўрапейскага рамана — мне давялося прысутнічаць у складзе дэлегацыі беларускіх NGO ў Савеце Эўропы — разам з адным з дэпутатаў. Паколькі кантакты з Палатай Прадстаўнікоў і ў той пэрыяд для органаў Савета Эўропы лічыліся чымсьці паўпрыстойным (ну, накшталт кантактаў з дамамі вышэйшага паўсьвету ў канцы XIX стагодзьдзя), то дэпутат трапіў у Страсбур ў тым жа статусе, што і я. Але казаў ён там, зразумела, не пра становішча «трэцяга сэктара», а чамусьці пра сытуацыю са сьмяротным пакараньнем ўнутры Беларусі. Нагадаем: разумовыя здольнасьці супрацоўнікаў беларускага МЗС настолькі велічныя, што ўся дзяржаўная машына Беларусі перакананая: праблема мараторыя на сьмяротнае пакараньне ёсьць адзінай рэальнай падставай для рознагалосьсяў паміж Менскам і Страсбурам. Іншых праблемаў не існуе.

І гэты шаноўны дэпутат добрасумленна круціў сваю катрынку, робячы справаздачу пра колькасьць праведзеных сэмінараў, у ходзе якіх яму ўдалося пераканаць яшчэ некалькі сваіх калегаў задумацца аб мэтазгоднасьці вядзеньня інфармацыйнай працы з насельніцтвам з мэтай зьмены адносінаў насельніцтва да праблемы сьмяротнага пакараньня...

Вы зразумелі, што ён сказаў? А ён менавіта гэта і казаў! Прычым — усім, без выключэньня! Уяўляеце: ён нават старому Хрыстасу Пургурыдэсу, які расьследаваў ў свой час праблему зьнікненьня Ганчара і Захаранкі, пры сустрэчы спрабаваў гэтую хрэнацень уцюхаць! Верагодна, яму проста не распавялі пра ступень інфармаванасьці ў беларускім пытаньні адваката Пургурыдэса...

Але эўрапейцы выслухоўвалі нашага «спадара рэтрансьлятара» добрасумленна і спакойна. Яны наогул ня схільныя ўпадаць у гістэрыку ад спадароў, якія чамусьці яшчэ лічаць сябе народнымі абраньнікамі. Гэта першыя некалькі прозьвішчаў у сьпісе «неўязных» зьяўляліся праз магутныя згрызоты сумленьня эўрапалітыкаў, якія ўключалі іх туды. А далей, па меры знаёмства з чарговымі навацыямі беларускага заканадаўства, згрызоты сумленьня эўрапейцаў неяк адыходзілі на задні плян. І канчаткова, падобна, схаваліся яны на гэтым заднім пляне і заторкнуліся ў 2011 годзе.

Падкрэсьлю — не пасьля падзей 2010 года, як бы гэта ні лісьлівіла асабіста аўтару гэтых радкоў. А пасьля прыняцьця зьменаў у беларускае заканадаўства 2011 года. Калі апошнія шчыліны грамадзянскіх свабодаў былі ліквідаваныя рукамі саміх парлямэнтарыяў, якія практычна адзінагалосна санкцыянавалі прыняцьце нормаў кшталту «больш за трох не зьбірацца» або «твой дом больш не твая крэпасьць, а санкцыю на ўварваньне туды пракурор праштампуе пазьней».

Тады, менавіта і толькі тады, эўрапейцы зразумелі: у вір ўцягнула ўсіх. Страх перад створанай рукамі саміх жа парлямэнтарыяў сыстэмай дзяржаўнага кіраваньня прывёў да добрасумленнага ўваходжаньня кожнага дэпутата ў асобнасьці і ўсіх разам у сьпіс «патэнцыйна неўязных». Яны самі сабе выпісалі «чорныя меткі». У той момант, калі пагадзіліся прыняць мандат, але адмовіліся добраахвотна ад сутнасьці сваёй «абранасьці». Адмовіліся ад рэальнай падтрымкі — рэальных выбараў. Усё астатняе было толькі сьледзтвам. На жаль.

Мне давялося размаўляць з адным з эўрапейскіх дыпляматаў, якія працавалі ў Менску і да 19 сьнежня, і пасьля. Я зараз маю на ўвазе гутарку, якая адбылася пасьля прыняцьця нормы «больш трох не зьбірацца». Ён сумна паглядзеў на мяне і спытаў:

— Скажыце, а што падумаюць ў Вас у краіне, калі сьпіс неўязных будзе павялічаны адначасова на 110 чалавек.
Мой шаноўны суразмоўца не сказаў, хто гэтыя 110 чалавек. Ён ведаў, што я — прынамсі, здагадваюся.
— А Савет Рэспублікі? — Абурана спытаў я. — Яны чым горш?!
— Сапраўды...

Уздых дыплямата быў цалкам безвыходным. Ён здагадваўся, што гэтым усё яшчэ можа ня скончыцца.

І сама пастаноўка пытаньня была ў дадзеным выпадку вельмі паказальная. 110 чалавек, якія сутаргава адстойвалі ў розных міжнародных арганізацыях сваё права вучыцца дэмакратыі — а менавіта з гэтай нагоды і лабіравалі вяртаньне ў парлямэнцкую асамблею АБСЭ беларускіх дэпутатаў, — прадэманстравалі, чаму менавіта яны навучыліся і што менавіта маюць на ўвазе яны пад дэмакратыяй.
Эўрапейскія зоркі патухлі, бо шок рэзка перайшоў у транс.

Казаць не было пра што.

Парлямэнт не атрымаў «чорную метку» ў поўным складзе толькі таму, што Эўропа ведае: яму ўсё адно нядоўга засталося. Абнаўленьне непазьбежнае, паколькі трэба ж будзе беларускім уладам зноў імітаваць разгул дэмакратыі. Прасьцей за ўсё гэта зрабіць, прыбраўшы з парлямэнта паўтара дзясятка найбольш адыёзных пэрсонаў.

У адрозьненьне ад судзьдзяў і пракурораў, дэпутаты сябе шрубкамі ня могуць назваць. Яны ж кажуць: нас абіраюць, каб мы рэалізоўвалі сваю перадвыбарчую праграму. Значыць, у іх такая праграма першапачаткова была закладзена? Калі з 110 дэпутатаў ніводзін не прагаласаваў супраць тых адыёзных законаў, якія адкінулі нас ад Эўропы мацней нават, чым дубінкі траглядытаў пад камандаваньнем генэрала Куляшова, — значыць, яны абіраліся, ведаючы, што будуць весьці антыэўрапейскую палітыку?

Іх праграмай было не ўваходжаньне ў Эўропу, а аддаленьне ад яе?

Тады на храна ім Эўропа, прабачце за рэзкасьць?

Выдайце ім «чорныя меткі». Усім, калі можна. Абедзьвюм палатам ў поўным складзе. І адразу. Гэта ўсяго толькі будзе азначаць, якіх менавіта поглядаў прытрымліваюцца гэтыя людзі (трэба меркаваць — абсалютна шчыра).

Гэта ж не пракуроры, паўтаруся, і не судзьдзі. Гэта — людзі, якія ствараюць рамачныя ўмовы для ўсіх тых парушэньняў правоў чалавека, пра якія Эўропа кажа штодзень, маючы зносіны зь Менскам. Кажа і на мове перніка, і на мове пугі. І хай камусьці ў Беларусі ці ў самой Эўропе гэта не падабаецца — значыць, не падабаецца. Нічога ня зробіш. Але гэта, на мой погляд, значна справядлівей, чым, скажам, увядзеньне маштабных эканамічных санкцый.

А калі там, у Страсбуры, не разумеюць, пра што ідзе гаворка, дык няхай ім яшчэ раз прачытаюць лекцыю пра колькасьць праведзеных сэмінараў, у ходзе якіх аднаму дэпутату атрымалася пераканаць яшчэ некалькіх сваіх калегаў задумацца аб мэтазгоднасьці вядзеньня інфармацыйнай працы з насельніцтвам з мэтай зьмены стаўленьня насельніцтва да праблемы сьмяротнага пакараньня...

І сьлёзы Любові Кавалёвай, сыну якой пры жыцьці, з майго пункту гледжаньня, так і не было гарантавана права на паўнавартасную абарону і празрыстае судовае разьбіраьне, хай лягуць на іншую чару шаляў.


Папярэднія публікацыі сэрыі «Партрэт на фоне мяжы»:

Чалавек з дыктафонам і пяром


Хлопчыкі для біцьця ў блакітным

Чалавек з ідэямі наперавес і ўплывам


Чалавек у мантыі і з шорамі на вачах


Чалавек зь лічыльнікамі і паўнамоцтвамі


Чалавек з дубінкай і бяз твару


Неўязныя: карпаратыўны партрэт

XS
SM
MD
LG